Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

Пасьля арышту злодзея ў Люцэрне, Швайцарыя, ягоная 51-гадовая маці каля 100 карцінаў выкінула на сьметнік і зьнішчыла каля шасьцідзесяці. Сярод выкінутых і зьнішчаных карцінаў былі творы Лукаса Кранаха, Пітэра Брэйгеля, Антуана Вато ды іншых мастакоў XVI-XVIII стагодзьдзяў.

ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Гарадзкія ўлады Лос-Анджэлесу пастанавілі ўшанаваць пісьменьніка Рэя Брэдбэры, аўтара аповесьці “451 градус паводле Фарэнгайта” і “Марсіянскіх хронікаў”, абвясьціўшы гэтую суботу Днём Рэя Брэдбэры. Як зазначыў прадстаўнік гарадзкіх уладаў Дон Кнабэ, “працаю ўсяго свайго жыцьця Брэдбэры давёў каштоўнасьць кнігі і небясьпеку цэнзуры”. 81-гадовы Рэй Брэдбэры напісаў больш за 500 кніг. Пісьменьнік нарадзіўся ў мястэчку Вокеган у штаце Іліной, але ад 14 гадоў жыве ў Лос-Анджэлесе.

ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Амэрыканскі рэжысэр Стывэн Сьпілбэрг, аўтар фільмаў, “Іншаплянэтнік”, “Парк Юрскага пэрыяду”, “Сьпіс Шындлера” і трылёгіі пра Індыану Джонса, нарэшце закончыў унівэрсытэцкую адукацыю. Сьпілбэрг кінуў унівэрсытэт у 1968 годзе, правучыўшыся тры гады на спэцыяльнасьці кінамастацтва, і пачаў сваю кінэматаграфічную кар’еру. За гэты час ён тройчы атрымваў прэміі “Оскар”. 55-гадовы Сьпілбэрг летась запісаўся на апошні курс Унівэрсытэту штату Каліфорнія і 31 траўня нарэшце атрымае дыплём аб вышэйшай адукацыі.

МОКРА ГОРА (СЭРБІЯ). Югаслаўскі рэжысэр Эмір Кустурыца сёлета ў лютым пачаў здымкі свайго сёмага паўманэтражнага фільму. Дзея фільму “Галоднае сэрца” адбываецца на мяжы Сэрбіі й Босьніі. Галоўны герой – прадпрымальнік, які будаваў чыгуначную лінію паміж Сэрбіяй і Босьніяй, пакуль працу не спыніла вайна. Падчас вайны сын героя трапляе ў палон, адкуль бацька выкупляе яго, аддаўшы ўзамен сваю каханую жанчыну-мусульманку. Здымкі фільму 48-гадовы Кустурыца плянуе закончыць у кастрычніку. “Галоднае сэрца” выйдзе на экраны ў 2003 годзе.

РЫМ. Славуты італьянскі тэнар Лючыяна Павароты, які на мінулым тыдні адмяніў з прычыны прастуды свой выступ у опэры “Тоска” ў нью-ёркскім тэатры “Мэтраполітэн”, гэтымі днямі даў зразумець, што можа зусім пакінуць сцэну, калі надалей будзе мець праблемы са здароўем. У інтэрвію газэце “Corriera della Sera” 66-гадовы сьпявак сказаў, што гэта было б самым цяжкім рашэньнем у ягоным жыцьці. На сцэне “Мэтраполітэну” замест Лючыяна Павароці выступіў іншы італьянскі тэнар – 33-гадовы Сальваторэ Лічытра. Ягоны выступ зала сустрэла стоячы авацыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG