Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ПЯЦЬ ГАДОЎ У БЕЛАРУСІ ПАМЕРЛІ 210 ЧАЛАВЕК, ІНФІКАВАНЫХ ВІЧ


Галіна Абакунчык, Менск

22 мільёны памерлых ад СНІДу і 36 мільёнаў ВІЧ-інфікаваных — такая ўсясьветная статыстыка з часу зьяўленьня небясьпечнай эпідэміі. Пра гэта на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі паведаміў Ніл Бунэ — кіраўнік адмысловай групы ААН у пытаньнях ВІЧ–СНІДУ.

Пра вастрыню гэтай праблемы ў Беларусі сьведчыць той факт, што, паводле статыстычных зьвестак, краіна займае другое месца ў рэгіёне па распаўсюду ВІЧ-інфэкцыі. Ёсьць нават інфікаваныя немаўляты, якія нарадзіліся ад хворых бацькоў. Усяго ж нарадзілі дзяцей 235 жанчын, хворых на ВІЧ. І гэта ёсьць адной з найвастрэйшых праблемаў для мэдыкаў, — заявіла ўдзельніца брыфінгу, галоўная лекарка Цэнтру прафіляктыкі СНІДу Лілія Мялешка.

(Мялешка: ) “Калі б жанчыны ведалі, што яны могуць рэгуляваць нараджальнасьць, выкарыстоўваючы прэзэрватыў, бо пры ВІЧ-інфэкцыі гэта самы эфэктыўны сродак, то, магчыма, гэтыя дзеці й не нарадзіліся б”.

Выкарыстаньне прэзэрватываў як аднаго з найэфэктыўнейшых прафіляктычных сродкаў супраць СНІДу прызнанае ва ўсім сьвеце, — пацьвердзіў Ніл Бунэ, — і гэта актыўна прапагандуецца праз праграмы ААН. Адна з такіх праграмаў закупкі й распаўсюду прэзэрватываў была падпісаная Ўсясьветным банкам і ўрадам Беларусі. Але падчас штогадовага пасланьня парлямэнту гэты праект Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў. У гэтай сувязі спадар Бунэ толькі дыпляматычна падкрэсьліў, што без падтрымкі ўрадаў краінаў цалкам гэтую праграму ААН зрэалізаваць ня здолее. Гаворыць Ніл Бунэ:

(Бунэ: ) “Праблемай ёсьць тое, што прэзэрватывы — гэта дарагі сродак для грамадзянаў Беларусі, у якіх нізкія даходы. Безумоўна, што ў тых цэнтрах, якія мы адкрываем, мы стараемся забясьпечыць іх прэзэрватывамі. Але агульныя патрэбы краіны мы забясьпечыць ня зможам”.

Падтрымка жыцьцядзейнасьці кожнага ВІЧ-інфікаванага каштуе 10 тысяч даляраў штогод. Паводле прагнозаў экспэртаў, калі распаўсюд эпідэміі не спыніць, то праз 10 гадоў у Беларусі будзе 35 тысяч інфікаваных. Адзін мільярд амэрыканскіх даляраў на іх лекаваньне ў краіне наўрад ці знойдзецца.

Таму шэраг грамадзкіх арганізацыяў адгукнуўся на ініцыятыву прадстаўніцтва ААН ды іншых міжнародных арганізацыяў — і сёлета ўпершыню адзначаць Дзень памяці памерлых ад СНІДу як знак папярэджаньня жывым. У сьвеце гэта адбываецца штогоду 19 траўня, пачынаючы з 1983 году.

У гэты дзень у Менску ды іншых гарадах краіны адбудуцца грамадзкія акцыі, пройдуць набажэнствы ў цэрквах, а ўвечары ў сталічным парку імя Горкага пройдзе канцэрт, падчас якога моладзь запаліць памінальныя сьвечкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG