Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СУПРАЦОЎНІЦТВА РАСЕІ І NATO СТАСУЕЦЦА З САЮЗЬНІЦКІМІ АДНОСІНАМІ ПАМІЖ РАСЕЯЙ І БЕЛАРУСЬСЮ?


Юры Дракахруст, Прага

Ці сапраўды супрацоўніцтва Расеі з Паўночна-Атлянтычным альянсам робіцца больш шчыльным? І як гэтае супрацоўніцтва стасуецца з саюзьніцкімі адносінамі Масквы зь Беларусьсю, лідэр якой ужо колькі гадоў заклікае да супрацьстаяньня NATO?

У адрозьненьні ад ранейшай каардынацыйнай структуры NATO-Расея, у якой перамовам з Масквою папярэднічала ўзгадненьне супольнай пазыцыі краінаў сябраў альянсу, зараз Расея далучаецца да абмеркаваньня рашэньняў па шэрагу пытаньняў, у прыватнасьці, у справе барацьбы з тэрарызмам. Новая форма супрацоўніцтва Расеі з NATO дазваляе гаварыць пра “дваццатку”, якая аб’ядноўвае Расею і 19 сябраў альянсу. Гэта не азначае, што Расея робіцца паўнавартасным сябрам NATO ці атрымлівае права вэта на рашэньні альянсу – нагадаем, што рашэньні ў NATO прымаюцца кансэнсусам усіх яго сябраў. Аднак па шэрагу праблемаў Масква ўпершыню атрымлівае доступ да працэдураў прыняцьця рашэньняў у NATO.

Усе ўдзельнікі перамоваў у Рэйк’явіку вельмі высока ацанілі дасягнуты прагрэс. Генэральны сакратар NATO Робэртсан сказаў:

(Робэртсан: ) “Гэтая ініцыятыва ёсьць гістарычнаю і нават рэвалюцыйнаю. Новы ўзровень практычнай каапэрацыі паміж NATO і Расеяй паказвае, наколькі далёка мы адышлі ад бар’ераў, якія падзялялі нас ў мінулым”.

Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл адзначыў, што стварэньне новай Рады НАТА-Расея ёсьць часткаю больш шырокага працэсу паляпшэньня адносінаў паміж альянсам і Масквою:

(Паўэл: ) “Нашае ўзаемадзеяньне з Расеяй мае надзвычай трывалы падмурак, і я мяркую, што нашыя стасункі істотна палепшацца ў выніку сустрэчы двух прэзыдэнтаў. Я лічу, што згода, якую мы дасягнулі з Расеяй ў пытаньні дамовы пра скарачэньне стратэгічных узбраеньняў, а таксама пагадненьне пра новую Раду NATO-Расея азначаюць паляпшэньне адносінаў з Расеяй у новым стагодьдзі”.

Канчаткова новая форма адносінаў Расеі з NATO будзе аформленая на супольнай сустрэчы прэзыдэнта Пуціна і кіраўнікоў краінаў альянсу ў Рыме ў канцы гэтага месяца.

Расейскія выданьні па-рознаму камэнтуюць вынікі, дасягнутыя ў Рэйк’явіку. “Коммерсант” адзначае, што ў межах “дваццаткі” рашэньні будуць прымацца калегіяльна і ў выпадку спрэчак частка краінаў NATO можа стаць на бок Расеі, і тады рашэньне будзе вызначаць моц аргумэнтаў, а ня блёкавая дысцыпліна. Газэта піша, што рабочымі мовамі “дваццаткі” будуць ангельская, француская, як у самім NATO, і расейская. Такім чынам, “велікій і могучій” стане моваю міжнатаўскіх кантактаў – заўважае “Коммерсант”. Газэта піша, што NATO – ці не адзіная ў сьвеце дзеяздольная арганізацыя, ў якой ЗША ўлічваюць меркаваньні іншых, і праз NATO Расея атрымлівае дадатковы канал узьдзеяньня на Вашынгтон. “Независимая газета”, са свайго боку, адзначае, што ніякіх дадатковых сродкаў узьдзеяньня на альянс Расея ў новай Радзе не атрымае. “NATO працягвае сваё існаваньне і далёка ня ўсё у яе плянах можа задавальняць Маскву” – канстатуе “Независимая газета”.

Напярэдадні сустрэчы ў Рэйк’явіку падчас саміту краінаў-сябраў дамовы СНД пра калектыўную бясьпеку кіраўнік Беларусі Лукашэнка гаварыў пра тое, што гэтая дамова мусіць стаць моцным цэнтрам сілы, зь якім давядзецца лічыцца NATO. Як курс Масквы на збліжэньне з NATO, з Захадам стасуецца зь яе саюзьніцкімі адносінамі з Лукашэнкам, які па-ранейшаму заклікае да супрацьстаяньня NATO? На гэтае пытаньне адказваюць былы амэрыканскі дыплямат у Маскве Дональд Джэнсэн і супрацоўніца польскага інстытуту ўсходніх дасьледаваньняў Агата Вяжбоўска-Мязга.

(Джэнсэн: ) “Я мяркую, што адносіны Беларусі з Расеяй у палітычных, эканамічных, ваеных галінах знаходзяцца на розных узроўнях. Мне падаецца, антынатаўскія заявы і палітыка Лукашэнкі дазваляюць Пуціну абараняць сваю пазыцыю ад крытыкі з боку антызаходніцкай часткі расейскага палітычнага спэктру. Пуцін – лідэр, які хоча збліжэньня Расеі з Захадам. І калі паўстае выбар паміж Менскам і Брусэлем ды Вашынгтонам, Пуцін, зразумела, выбірае Вашынгтон і NATO. Размовы Лукашэнкі пра альтэрнатыўны цэнтар ваеннай моцы на постсавецкай прасторы – гэта міт, якраз з прычыны адсутнасьці гэтай самай моцы.

Аднак мне падаецца, што для Масквы цалкам магчыма мець шчыльныя адносіны і зь Менскам, і з NATO. Супярэчнасьць тут можа ўзьнікнуць толькі тады, калі ваенная (я амаль не сказаў) пагроза з боку Беларусі будзе адыгрываць важную ролю ў Эўропе. Тады Маскве давядзецца выбіраць паміж Менскам і NATO. Аднак я ня думаю, што гэта будзе так. Беларусь вельмі ізаляваная ў Эўропе”.

(Вяжбоўска-Мязга: ) “Напэўна, Лукашэнка будзе вымушаны злагодзіць сваю антынатаўскую прапаганду. Ён гэта ўжо робіць. Напрыклад, у ягоным сёлетнім штогадовым звароце да нацыянальнага сходу NATO не было ўзгаданае ў якасьці традыцыйнага праціўніка. Месца NATO заняла АБСЭ. Я лічу, што супрацоўніцтва Расеі з Захадам не паўплывае на дэмакратызацыю Беларусі. Паводле той інфармацыі, якой мы валодаем, Беларусь увогуле ня ўзгадваецца ў дыялёгу Захаду з Масквою. Але калі браць пад увагу саступкі, што зрабіла Расея Захаду, прынамсі, ЗША, у Цэнтральнай Азіі, то можна чакаць узрастаньня ролі Беларусі як абшару, які знаходзіцца пад уплывам Расеі. Гэтаксама як узрастае значэньне Беларусі ў сьвятле пашырэньня NATO. Але ці будзе гэта падмацоўваць аўтарытарызм ў Беларусі? Мяркую, што не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG