Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ ВОБЛАСЬЦI ШТОГОД НЯЎХIЛЬНА СКАРАЧАЕЦЦА КОЛЬКАСЬЦЬ ШКОЛАЎ ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВАЮ НАВУЧАНЬНЯ


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле зьвестак упраўленьня адукацыi Берасьцейскага аблвыканкаму, у сёлетнiм навучальным годзе 462 школы вобласьцi працуюць як навучальныя ўстановы зь беларускай мовай навучаньня. Расейскамоўных школаў амаль у два разы меней, а яшчэ 55 школаў пазначаныя чыноўнiкамi як школы зь дзьвюма мовамi навучаньня. Дарэчы, колькасьць такiх школаў, як i беларускамоўных, скарачаецца з кожным годам.

Беларускамоўнымi застаюцца пераважна школы ў сельскай мясцовасьцi. У большасьцi выпадкаў вучняў у такiх школах няшмат, i навучаньне па-беларуску адбываецца толькi ў пачатковых клясах. Таму супрацоўнiкi ўпраўленьня адукацыi прагназуюць далейшае скарачэньне колькасьцi самiх вясковых школаў і колькасьцi вучняў, якiя iх наведваюць.

Найбольш драматычная сытуацыя зь беларускамоўнымi навучальнымi ўстановамi склалася ў Берасьцi. Зараз у абласным цэнтры няма нiводнай школы, дзе б пераважная большасьць прадметаў выкладалася па-беларуску. Як паведамiла старшыня берасьцейскай фiлii Таварыства беларускай мовы Марыя Новiк, у горадзе засталося толькi 4 беларускамоўныя клясы, дзе займаюцца 95 вучняў. Для параўнаньня: напярэдаднi рэфэрэндуму 1995 году ў Берасьцi быў 131 кляс, у якiх вучылася больш за 3 тысячы чалавек.

Спадарыня Новiк наўпрост зьвязвае скарачэньне беларускамоўнага навучаньня на Берасьцейшчыне з вынiкамi тагачаснага рэфэрэндуму. Чыноўнiкi, што прыхiльна ставiлiся да беларусiзацыi установаў адукацыi, альбо зьмянiлi свае погляды, альбо былi выцiснутыя зь дзяржаўных органаў. Гэтыя зьмены адбiлiся i на поглядах бацькоў, якiя зараз куды менш настойлiвыя пры вырашэньнi пытаньня аб мове навучаньня сваiх дзяцей.

Фармальным асяродкам беларускамоўнага навучаньня ў Берасьцi пакуль застаецца нацыянальная гiмназiя N3, якая мае мастацкi ўхiл. Але захоўваць энтузiязм бацькоў без падтрымкi з боку дзяржавы з кожным годам усё цяжэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG