Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ МЯНЯЕ ПРАФЭСІЮ – КОМІКСЫ ЗАМЕСТ ПАДРУЧНІКАЎ – ВЯРБЛЮДЫ Й НАСАРОГІ Ў СУДЗЕ – НАСТАЛЬГІЯ Ў ЛЁНДАНСКІМ НЕБЕ ДЫ ІНШЫЯ ГІСТОРЫІ


Сяргей Шупа, Прага

У сваёй перадачы я звычайна стараюся абыходзіцца без палітыкі, якой і так хапае ў праграмах беларускай “Свабоды”. Аднак бывае шмат цікавых і забаўных рэчаў, якія адбываюцца вакол палітыкі і палітыкаў. Як, прыкладам, у гэтай перадвыбарчай замалёўцы зь Ірляндыі, якую даслала Вольга Хвайніцкая:

(Хвайніцкая: ) “Сёлетняя парлямэнцкая выбарчая кампанія ў Ірляндыі, якая распачалася два тыдні таму, нагадвае тэатральнае, збольшага камэдыйнае, відовішча з усімі ўласьцівасьцямі гэтага жанру. У якасьці дэкарацыі літаральна кожны слуп краіны ўпрыгожаны плякатам з выявай шчасьлівага і ўпэўненага кандыдата. На тэлеэкранах галоўныя дзейныя асобы старанна паціскаюць рукі і сваім, і чужынцам, выказваюць прапановы, як палепшыць і без таго заможнае жыцьцё ірляндцаў.

Самым актыўным удзельнікам шоў нездарма лічыцца лідэр партыі Фінэ Гэйл (“Гэльскае племя”) Бэрці Ахэн, які, як заўважыла вострая на выказваньні ірляндзкая прэса, у мэтах агітацыі заходзіць у расчыненыя дзьверы любой установы, незалежна ад таго, крама гэта, школа альбо цырульня. Зазірнуўшы аднойчы ў пякарню, Бэрці з задавальненьнем узяўся ляпіць піражкі й булкі, пра што на ўсю краіну было паведамлена ў вечаровым выпуску навін.

Папулярнасьць кандыдату ад партыі Фіяна Фойл (“Салдаты будучыні”) Майклу Нунэну надала нядаўняя падзея, дзякуючы якой ягонае імя і фотаздымкі патрапілі на першыя старонкі ўсіх нацыянальных газэт. На сустрэчы з выбарцамі ў графстве Слайга невядомая жанчына, надумаўшы падзяліцца сваім кавалкам торту зь лідэрам Фіяна Фойл, адным махам прыляпіла крэмавы дэсэрт да твару Нунэна. У камэнтар да інцыдэнту кандыдат заўважыў: “Звычайна спачатку я ем гарачае, а потым салодкае”, і параіў усім удзельнікам выбараў заўсёды мець пры сабе запасную вопратку.

Прадстаўнікі Зялёнай партыі, выступаючы за паляпшэньне стану прыроднага асяродзьдзя, штодня на вачах зьдзіўленых аўтамабілістаў катаюцца па вуліцах Дубліна на зялёных ровэрах.

Дбаючы пра інтарэсы працоўнай клясы краіны, партыя Працы запрапанавала ў ірляндзкі каляндар дадаць колькі сьвяточных дзён. Адно, ня вырашана, што сьвяткаваць: дзень сьв. Валянціна ў лютым, сьвята зімовага блюзу ў лістападзе, ці зрабіць непрацоўным 8 сьнежня – дзень каляднага шопінгу? Выбары прызначаныя на 17 траўня, пасьля чаго скончыцца камэдыйнае шоў і працягнецца звычайнае жыцьцё па-ірляндзку, якое, як вядома, у зялёнай краіне можа быць і лірыкай, і камэдыяй, і драмай”.


Палітыка – занятак ня вечны. Некалі настае час, калі палітык перастае быць палітыкам і становіцца звычайным грамадзянінам, а тады шукае сабе іншы занятак. Біл Клінтан, прыкладам, зьбіраецца весьці радыёперадачы, а вось Лех Валэнса... Пра Леха Валэнсу – карэспандэнцыя з Варшавы Аляксея Дзікавіцкага.

(Дзікавіцкі: ) “Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса вырашыў пайсьці працаваць. Ягоным працадаўцам будзе вялікая амэрыканская карпарацыя, якая займаецца распрацоўкай сучасных тэхналёгіяў. Як паведамляюць польскія газэты, працуючы ў якасьці дарадцы, Лех Валэнса будзе зарабляць штомесяц каля 10 тысяч амэрыканскіх даляраў. Сам былы прэзыдэнт кажа, што ягоная праца будзе палягаць у тым, каб на замову свайго працадаўцы – амэрыканскай фірмы NewTech Solutions ён будзе выказваць свой погляд на розныя палітычныя і эканамічныя падзеі ў Польшчы і ў сьвеце. “Справа ў тым, што фірма займаецца інвэстыцыямі па ўсім сьвеце і таму хоча мець людзей з досьведам у розных галінах, а маё прозьвішча, асабліва ў Злучаных Штатах, вядома ж, нешта значыць”, – паведаміў Лех Валэнса.

Аб тым, што ягонае прозьвішча сапраўды добра вядомае ў сьвеце, можа сьведчыць хоць бы той факт, што ў часе апошняй Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сыты легендарны лідэр “Салідарнасьці” і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру нёс алімпійскі сьцяг у якасьці прадстаўніка ўсяго эўрапейскага кантынэнту. Як сапраўдны патрыёт спадар Валэнса дадае, што прыняў прапанову фірмы яшчэ й таму, што на сваёй новай пасадзе будзе мець магчымасьць працаваць на карысьць сваёй краіны. Варта дадаць, што паводле польскага заканадаўства былы прэзыдэнт краіны да канца жыцьця атрымвае палову заробку цяперашняга прэзыдэнта, альбо каля 2 тысяч даляраў на месяц”.


Добра, калі ты – былы прэзыдэнт. Возьмуць куды хочаш і любыя грошы дадуць. А калі ты – нікому не вядомы прыбіральшчык у кабінэце зубнога лекара? А калі добра прыгледзецца, як сьвідруе і дзярэ зубы дантыст – і паспрабаваць самому? Вось якая гісторыя адбылася ў Аўстрыі. Зь Вены – Ляна Бурцава:

(Бурцава: ) “Аўстрыйскі прыбіральшчык, якому надакучыла ягоная праца, набыў скарыстанае зубалякарскае абсталяваньне і пачаў працаваць дантыстам. 28-гадовы аўстрыец быў упэўнены, што ягонага досьведу працы прыбіральшчыкам хопіць, каб самому лячыць чужыя зубы. Праз абвестку ў газэце ён даволі танна набыў неабходнае абсталяваньне і пачаў шукаць кліентаў для сваёй практыкі ў горадзе Тулн, што непадалёк ад Вены. На прыём да новасьпечанага лекара запісаліся сотні пацыэнтаў, і прынамсі 60 зь іх ён пасьпеў "палячыць" у сваім кабінэце, пакуль не прыйшла паліцыя.

Маладога прадпрымальніка арыштавалі пасьля шэрагу скаргаў ад пацыэнтаў, сярод якіх 14 чалавек, чые зубы ён сапсаваў канчаткова. Затрыманы, імя якога паліцыя трымае ў сакрэце, прыбіраў зубалякарні ў Вене, Ніжняй Аўстрыі і Бургенляндзе на працягу васьмі гадоў. Паліцэйскія паведамілі, што за гэты час ён пасьпеў скрасьці вялізную колькасьць зубалякарскіх матэрыялаў, што разам з выгодным набыткам скарыстанага абсталяваньня і дало яму магчымасьць пачаць сваю справу. Для таго, каб атрымаць ліцэнзію на зубалякарскую практыку, яму давялося скрасьці пасьведчаньне аб кваліфікацыі з зубалякарскага кабінэта, дзе ён працаваў прыбіральшчыкам”.


Вучыць законам фізыкі можна проста з жыцьця. Усё, што адбываецца навокал нас – гэта суцэльная фізыка. І каб вучням не было нудна, можна выбраць у якасьці навучальных дапаможнікаў хоць што, напрыклад – коміксы. Пра гэта распавядае з Вашынгтону Ірына Курапаткіна:

(Курапаткіна: ) “Паводле прафэсара Джыма Какалоiса, якi выкладае фiзыку ва Ўнiвэрсытэце штату Мiнэсота, комiсксы – гэта ня толькi культавая зьява або забава, але i крынiца ведаў! Прафэсар выкарыстоўвае каляровыя кнiжкi комiксаў пра прыгоды супэргерояў у якасьцi падручнiкаў. Цi сапраўды павуцiньне здольнае вытрымаць чалавека-павука, калi той пералятае з будынку на будынак? Што сталася прычынай выбуху плянэты Крыптон, зь якой паходзiць супэрмэн? Гэта не бессэнсоўныя пытаньнi, як можа падацца на першы погляд. Прафэсар Какалоiс лiчыць, што выкладаць асновы фiзыкi праз пошукi адказаў менавiта на такога кшталту пытаньнi – справа ня толькi цiкавая, але i ўдзячная. Ягоныя студэнты спрабуюць вызначыць, дзе за фантазіяй аўтара хаваецца сапраўдная навука.

Сам прафэсар – заўзятар комiксаў –зацiкавiўся iдэяй, калi сам вырашыў знайсьцi адказы на шматлiкiя пытаньнi. Напрыклад, якiм чынам загiнула Гвэн, сяброўка чалавека-павука. Паводле комiксу, Гвэн штурхануў з моста злосны зялёны Гоблiн, але Чалавек-павук здолеў падхапiць Гвэн ля самай вады. Падняўшы дзяўчыну ў абдымках, чалавек-павук у жаху разумее, што Гвэн – мёртвая. Чалавек-Павук зьдзiвiўся толькi таму, што ня ведаў фiзыкi, лiчыць прафэсар. Калi вызначыць прыкладную хуткасьць зь якой Гвэн ляцела з моста, скарыстаўшы другi закон Ньютона, i вылiчыць сiлу, што ўзьдейнiчала на Гвэн, а таксама ўлiчыць, што супэргерой лiтаральна ў iмгеньне прымусiў затармазiць цела, што рухалася з хуткасьцю прыблiзна 150 км на гадзiну, атрымаецца, што Гвэн Стэсi загiнула паводле законаў фiзыкi, папросту зламала шыю.

Прафэсар Какалоiс напiсаў i выдаў кнiжку пад немудрагелiстай назвай “Усё, што я ведаю ў навуцы, я дазнаўся, чытаючы комiксы”. Студэнты лiчаць, што самае цiкавае – знайсьцi памылку i даказаць памылковасьць аўтара з навуковага пункту гледжаньня. Такiм чынам масавая культура служыць справе навукi i асьветы. Тым часам мастацкi фiльм «Чалавек-павук», зьняты паводле комiкса, зьбiрае рэкордныя сумы ў пракаце. Вось тут пэўна ўжо дзейнiчаюць iншыя законы, законы эканомiкi.


А вось яшчэ адна гісторыя з сэрыі “Навука і Жыцьцё”. Гэтым разам у жыцьцё аднаго грамадзяніна ўварвалася ня фізыка, а заалёгія. На сувязі з Тэль-Авіву Ігар Рубінштэйн:

( Рубінштэйн: ) «На пачатку траўня Тэль-Авіўскі акруговы суд разглядаў даволі незвычайнае для такой паважанай установы пытаньне, а менавіта: у каго даўжэйшыя ногі – у вярблюда або ў насарога? Пытаньне – ня проста так сабе. Пазоўніка, які настойваў на тым, што даўжэйшыя ногі мае вярблюд, звалі Мошэ Кампнэр, і ён патрабаваў выплаты 10 тысяч даляраў у тэлекампаніі Tel-Ad. Гісторыя пачалася яшчэ ў 1998 годзе, калі Мошэ Кампнэр дайшоў да фіналу тэлевізійнай гульні, адказаўшы на ўсе пытаньні вядучага і застаўшыся адзіным прэтэндэнтам на перамогу. Супэр-прыз складаў 10 тысяч даляраў, і для таго, каб яго атрымаць, Мошэ мусіў адказаць на пытаньне – у якой жывёліны найдаўжэйшыя ногі – у вярблюда, насарога, зебры або кенгуру. Кампнэр паставіў на вярблюда. Вядучы заявіў, што правільны адказ – насарог.

Аднак сапраўдны пераможца адрозьніваецца ад звычайнага гульца тым, што не здаецца ні ў якіх сытуацыях. Мошэ Кампнэр выправіўся шукаць праўды ў заапарк. Замерыўшы даўжыню ніжніх канечнасьцяў у рэпрэзэнтацыйнай падборкі вярблюдаў і насарогаў адпаведна, гэты прагны да ведаў і грошай малады чалавек вынайшаў, што сярэдняя даўжыня нагі вярблюда – 210 сантымэтраў, а насарога ­ 180. Вынікі дасьледаваньня разам з заключэньнем прафэсара-заоляга Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту Ёсэфа Тэркеля былі прыкладзеныя да пазоўнай заявы, пададзенай супраць тэлекампаніі. Пасьля чатырох гадоў судовай цяганіны ў трох інстанцыях, Тэль-Авіўскі суд пастанавіў абавязаць тэлекампанію выплаціць Мошэ 2 тысячы даляраў – ня тое, на што ён спадзяваўся, але прынамсі хоць якая кампэнсацыя за рызыкоўную апэрацыю вымярэньня частак цела дзікіх жывёлаў.


Колькі гадоў мусіць прайсьці, каб забыліся крыўды, варожасьць і нянавісьць, каб колішняя крывавая вайна ўзгадвалася ўсяго толькі зь лёгкай настальгіяй пра незваротныя гады маладосьці? Гэта найбліжэйшым часам змогуць спраўдзіць брытанскія вэтэраны другой сусьветнай. Тыя, што засталіся жыць... Мікола Пачкаеў перадае зь Лёндану:

(Пачкаеў: ) “Нямецкая авіякампанія «Люфтганза» адзначыць сваё 75-годзьдзе “настальгічнымі” палётамі на бамбавіку «Юнкерс» над Лёнданам. Для гэтага ў ліпені ў Брытанію прыбудзе найстарэйшы дзейсны самалёт авіяфлятыліі “Люфтганзы” – «Юнкерс-52». У сярэдіне 1930-х менавіта «Ю-52» быў асноўным бамбавіком нямецкіх ваенна-паветраных сілаў “Люфтвафэ”. Цяпер жа, з нагоды свайго юбілею, «Люфтганза» распачынaе турыстычныя палёты на «Юнкерсе» над лёнданскім Іст-Эндам – кварталам, які найбольш пацярпеў падчас бомбавых налётаў 1940-41 гг. Згодна з рэклямным праспэктам «Люфтганзы», 45-хвілінны палёт прапануе аматарам гісторыі і ўсім цікаўным адчуць “настальгію і шарм, а таксама ўнікальную магчымасьць пабачыць Лёндан з вышыні птушынага палёту”. Акрамя таго, як паведамляецца, брытанскія вэтэраны – якія некалі змагаліся з нямецкімі бамбавікамі ў небе Лёндана – змогуць купіць квіток на «Юнкерс» са зьніжкаю.

Ня ведаю як вам, мне цяжка паверыць, каб некаму было сапраўды прыемна пабачыць свой родны горад праз бомбавы прыцэл варожага самалёта з часу апошняй вайны, хоць і мінула з таго часу шэсьць дзесяцігодзьдзяў. Вось некаторыя крыўды не забываюцца нават стагодзьдзямі. Віялета Кавалёва з Таронта распавядае пра спробу выправіць несправядлівасьць, учыненую два стагодзьдзі таму:

(Кавалёва: ) “72-гадовы канадыец грэцкага паходжаньня Хараламбас Маўраміхаліс мае намер у гэтым месяцы пераплыць Атлянтычны акіян на 6-мэтровым судне. Але зусім ня прага рэкордаў Гінэса штурхае яго на гэтае небясьпечнае падарожжа ў такім шаноўным веку. Хараламбас Маўраміхаліс спадзяецца такім чынам дапамагчы сваёй былой радзіме вярнуць страчаныя культурныя каштоўнасьці. На самым золку ХІХ стагодзьдзя брытанскі амбасадар у Атаманскай імпэрыі загадаў зьняць з Партэнону і вывезьці ў Вялікую Брытанію мармуровыя статуі і скульптуры. Яны й да сёньня захоўваюцца ў Брытанскім музэі, а грэцкі ўрад вось ужо больш за паўстагодзьдзя вядзе перамовы аб іх вяртаньні. Хараламбас Маўраміхаліс мяркуе, што ягоная адысэя з Амэрыкі ў Атэны ізноў прыцягне ўвагу да гэтае даўняе гісторыі, і ў выніку брытанскі ўрад усё ж такі будзе вымушаны вярнуць калекцыю шэдэўраў туды, дзе яны стваралася”.

Цікава, ці даможацца грэцкі патрыёт вяртаньня сваёй бацькаўшчыне культурных каштоўнасьцяў? Калі так, ды ці ня варта будзе й беларусам пераняць каштоўны досьвед, і ў камісіі “Вяртаньне” Фонду Культуры заснаваць сэкцыю марскога турызму?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG