Чаму беларускі бок, валодаючы ўсяго толькі 11% акцыяў, пайшоў насуперак кандыдатуры, прапанаванай прэм’ерам Расеі Кас’янавым? Што азначае абраньне Суханава кіраўніком “Слаўнафты”? На гэтыя пытаньні нашага карэспандэнта Юрыя Дракахруста адказаў аналітык расейскага цэнтру палітычных тэхналёгіяў Дзьмітры Арлоў.
(Арлоў: ) На мой погляд, гэта перамога групоўкі, арыентаванай на ельцынскую “сям’ю” і на прэм’ера Міхаіла Касьянава. Менавіта іх крэатураю ёсьць Юры Суханаў, чалавек Рамана Абрамовіча. Кандыдатура Суханава дастаткова хутка прайшла ўсе ўзгадненьні ў Мінмаёмасьці, у Мінэнэрга, і Касьянаў падпісаў даручэньне прадстаўніку ўраду Расеі ў радзе дырэктараў кампаніі галасаваць за Суханава. Гэтаму актыўна супрацьдзейнічала іншая бізнэс-групоўка, асноўнымі гульцамі якой ёсьць кіраўнік “Межпромбанка” Пугачоў і кіраўнік “Газпрома” Мілер. Менавіта на іх баку гуляла беларускае кіраўніцтва. І да апошняга моманту вынік галасаваньня за кіраўніка “Слаўнафты” быў невідавочным”.
На думку сп. Арлова, праявамі гэтай бойкі бізнэс-клянаў сталі і падзеі, што суправаджалі абраньне кіраўніка “Славнафты”: напярэдадні паседжаньня рады дырэктараў супраць Юрыя Суханава была ўзбуджаная крымінальная справа, пасьля сыходу ранейшага кіраўніка “Славнафты” Гуцэрыева ягоным часовым пераемнікам стаў віцэ-прэзыдэнт кампаніі “Роснефть” Анатоль Бараноўскі, чалавек групы Пугачова-Мілера. Менавіта яго кандыдатура была прапанаваная як альтэрнатыва Суханаву беларускім урадам. Расейскі аналітык Дзьмітры Арлоў адзначае, што сп. Бараноўскі не губляў часу дарма: за кароткі час да сёньняшняга паседжаньня рады дырэктараў ён пасьпеў расставіць у кіраўніцтве кампаніі людзей сваёй групоўкі. Паводле думкі расейскага дасьледчыка, Бараноўскаму дапамагалі сувязі зь дзяржсакратаром беларуска-расейскага саюзу Барадзіным.
(Арлоў: ) “Беларускае кіраўніцтва толькі выкарыстоўвала гэтую сытуацыю і спрабавала прадставіць Бараноўскага сваім кандыдатам. На самой справе ён быў толькі часткова кандыдатам ад Беларусі. У асноўным ён прадстаўляў інтарэсы спадароў Пугачова і Мілера”.
На думку Дзьмітрыя Арлова, мэтаю “зьмены каравулу” ў “Славнафце” ёсьць продаж прыкладна 20% акцыяў кампаніі з пакету, якім валодае расейская дзяржава. Былы прэзыдэнт Гуцэрыеў выступаў супраць гэтай зьдзелкі і ў выніку быў вызвалены ад пасады.
Беларускі бок таксама выказваў пярэчаньні, але ня здолеў адстаяць сваё меркаваньне і сёньня прайграў канчаткова.
На мінулым тыдні афіцыйны Менск зрабіў крок у адказ. Зьявілася інфармацыя, што беларускі ўрад мае намер атрымаць замежны крэдыт у 200 мільёнаў даляраў пад заклад свайго пакету акцыяў “Слаўнафты”, які складае каля 11%. З увагі на вядомае трапяткое стаўленьне беларускіх уладаў да дзяржаўнай уласнасьці, гэтае рашэньне выклікае пытаньні. Тым больш, што, як гаворыць Дзьмітры Арлоў, у выніку шэрагу скандалаў прывабнасьць “Славнафты” для інвэстараў істотна зьнізілася. Наконт плянаў ці пагрозы беларускага ураду аддаць свае акцыі ў заклад расейскі аналітык гаворыць:
(Арлоў: ) “Гэтая заява беларускага кіраўніцтва не падаецца мне рэалістычнаю. У гэтых умовах гэта – нявыгадная зьдзелка. Гэта хутчэй палітычны ход, які мусіць прадэманстраваць занепакоенасьць беларускага боку прызначэньнем Суханава. Шчыра кажучы, “Слаўнафта” – ня надта эфэктыўны кансорцыюм, і Бараноўскі быў бы ў большай ступені зацікаўлены ў яго захаваньні ў інтарэсах беларускага боку”.