Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін патлумачыў, што для дзяржаваў Эўразійскай эканамічнай супольнасцьці прымальнымі ёсьць менавіта тыя ўмовы, на якіх Расея зьбіраецца далучацца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Паводле Пуціна, “Расеі прасьцей весьці перамовы, з увагі на яе эканамічны патэнцыял”.
Апроч таго, сёньня прэзыдэнт дамовіліся распрацаваць мэханізм аховы ўнутраных рынкаў краінаў супольнасьці і ўзгадняць сваю памежную палітыку.
Заўтра Аляксандар Лукашэнка застанецца ў Маскве і возьме ўдзел у паседжаньні Рады калектыўнай бясьпекі краінаў СНД. Менавіта 14 траўня споўніцца 10 год ад падпісаньня дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Аднак зараз яна амаль ня дзейнічае. У 1999 годзе зь яе выйшлі Азэрбайджан, Грузія ды Ўзбэкістан, якія пачалі шчыльна супрацоўнічаць з Паўночна-Атлянтычным альянсам. Хутчэй за ўсё, самым вострым пытаньнем на заўтрашняй сустрэчы стане зьяўленьне амэрыканскіх войскаў у краінах Сярэдняй Азіі, у тым ліку і на тэрыторыі Кыргыстану, які ёсьць удзельнікам дамовы аб калектыўнай бясьпецы.