Мінюст даслаў папярэджаньне ў апошні дзень перад травеньскімі сьвятамі. Папярэджаньне далі на падставе пяці заўвагаў, якія чыноўнікі палічылі істотнымі. Усе яны тычацца дробязяў у афармленьні назваў.
Напрыклад, на шыльдачцы, якая вісіць 12 гадоў на будынку фонду, не напісана, што гэта менавіта грамадзкае аб'яднаньне; на блянках эмблема фонду чорная, а не каляровая, як зарэгістравана і г.д.
Няма ніводнай заўвагі да дзейнасьці дзіцячага дабрачыннага фонду, няма абвінавачаньняў у парушэньні статуту. Старшыня фонду "Дзецям Чарнобылю" Генадзь Грушавы лічыць гэта помстай уладаў за сваю грамадзкую дзейнасьць.
(Грушавы: ) "Я думаю, гэта мая рэакцыя, рэакцыя фонду, яго сяброў, калі мы крытычна паставіліся да справаздачы групы экспэртаў ААН пра чарнобыльскія наступствы. Можа, гэта сэрыя інтэрвію, якія даваліся напярэдадні чарнобыльскага "чорнага дня". Можа, не спадабалася тое, што я запрашаю ў Беларусь шмат замежнікаў і паказваю ім нашае рэальнае жыцьцё, тыя праблемы, зь якімі мы сутыкаемся штодня, тое, што робіцца ў Курапатах. Сюды прыяжджаюць антыфашысты. Фашызм адрозьніваецца ў фарбах, а ў дзеяньнях ён не адрозьніваецца".
Генадзь Грушавы не выключае, што ў Беларусі пачалося "паляваньне на вядзьмарак":
(Грушавы: ) "Можа, сёньня пачынаецца пэрыяд, калі патрэба ва ўнутраных ворагах настолькі актуальная, наколькі стан жыцьця пагоршыўся. Людзі, якія галасавалі за гэты рэжым, не задаволеныя цяпер дзеяньнямі ўладаў і парлямэнту. Што пачынае рабіць рэжым? Ён пачынае ўзмацняць барацьбу супраць унутраных ворагаў у сваёў краіне і распачынаць працэсы, якія б пераключылі ўвагу людзей на іншыя пытаньні".
На думку Генадзя Грушавога, адной з прычынаў можа быць і намаганьне ўладаў спыніць дзіцячыя плыні зь Беларусі ў іншыя краіны:
(Грушавы: ) "Гэтае пакаленьне, якое ўбачыла замежжа, небясьпечнае для любога палітыка, які хацеў бы вярнуцца ў мінулае. Палітык, які распавядае, што ў Савецкім Саюзе, у тым камуністычным раю было значна лепш, ніколі не атрымае падтрымкі такой ідэалёгіі. Гэтае пакаленьне ніколі ня будзе ставіцца з даверам да таго, што кажуць гэтыя людзі. Мне здаецца, пачынаецца новая хваля перасьледу грамадзкіх аб'яднаньняў, якія жадаюць дзейнічаць інакш, чым прапануе сёньняшні рэжым. Не выключаю, што за ўсім гэтым стаіць палітычная замова ".
Старшыня дзіцячага фонду мае намер ў сераду зьвярнуцца ў суд, каб дабіцца адмены папярэджаньня.