Многія нашыя слухачы зь вялікай цікавасьцю сачылі за апошнім публічным лупцаваньнем Аляксандрам Лукашэнкам сваіх міністраў ды іншых высокіх чыноўнікаў. Падобныя відовішчы за тыя восем гадоў, што Лукашэнка пры ўладзе, здараліся не аднойчы. Пільныя гледачы маглі заўважыць, што адбываецца гэта кожны раз, як толькі ў краіне пагаршаецца эканамічнае становішча і зьніжаецца асабістая папулярнасьць Лукашэнкі.
Тым ня менш, многіх гэтая працэдура публічнага прыніжэньня высокіх начальнікаў вельмі ўражвае. Вось які ліст даслаў нам на гэтую тэму Леанід Сакольскі са Слоніму:
“Усё ж як тонка прэзыдэнт адчувае душу простага чалавека. Учора мой бацька-пэнсіянэр аж у ладкі пляскаў, калі Аляксандар Рыгоравіч “прапясочваў” міністраў і за зарплаты, і за пэнсіі, і за платную мэдыцыну... Немагчыма стала: за ўсё плаці, а пэнсіі і заробкі стаяць на месцы. Затое чыноўнікі езьдзяць на мэрсэдэсах. Натуральна, простыя людзі іх за гэта ненавідзяць. А прэзыдэнт ім перакрыў гэты шлях: сем разоў адмераюць, калі будуць ведаць, што пасьля адстаўкі ні ў якія камэрцыйныя фірмы не ўладкуюцца. Як і мы, будуць жыць на звычайныя зарплаты і пэнсіі.
Гэтым Аляксандар Рыгоравіч атрымаў чарговую перамогу над апазыцыяй, якая толькі пералівае з пустога ў парожняе, а пра тое, чым дыхае народ — ня ведае.
Тую ж думку, але ў іншай, больш простай і грубай форме, выказаў у сваім лісьце Іван Заяц зь мястэчка Бярозаўка Лідзкага раёну.
“Чым лаяць Лукашэнку, лепш бы дапамаглі яму. Ён адзін, а наўкола – начальнікі, якія толькі й глядзяць, як абакрасьці ды падмануць народ. Адзін за ўсім ня ўгледзіш. А ён сумленны чалавек, вельмі хоча зрабіць людзям як найлепш. Апазыцыі толькі б крытыкаваць. Няхай Вячорка і Лябедзька паедуць у наш калгас ды паднімуць яго, вось тады я ім паверу, што яны на нешта здольныя”.
Тых начальнікаў, спадар Іван, якія, як вы пішаце, “толькі й глядзяць, як абакрасьці ды падмануць народ”, прызначае асабіста Аляксандар Лукашэнка. Яны цалкам залежаць ад ягонай волі, могуць ажыцьцяўляць толькі ягоную палітыку і вельмі несамастойныя ў сваіх дзеяньнях.
І міністраў, і высокіх вэртыкальшчыкаў, сапраўды, вельмі шмат зьмянілася на сваіх пасадах за восем гадоў улады Лукашэнкі. Але вы марна спадзеяцеся, спадар Леанід Сакольскі, што пасьля адстаўкі яны будуць жыць на такую ж, як у вас, зарплату і пэнсію.
Пры адсутнасьці належнага кантролю за дзейнасьцю “вэртыкалі”, якая можа не лічыцца ні зь меркаваньнем мясцовага савету, ні з грамадзкай думкай выбаршчыкаў, пры цалкам залежным ад волі чыноўніка прадпрымальніцтве — створаная надзвычай спрыяльная глеба для карупцыі. І перамагчы яе магчыма толькі адным шляхам – адабраўшы залішнюю ўладу ў чыноўніка, разьвязаўшы рукі прыватнай ініцыятыве, падзяліўшы ўладу ў дзяржаве такім чынам, што ніводзін чыноўнік ня будзе мець неабмежаваную ўладу ў рэгіёне альбо якой-небудзь сфэры.
А паднімаць ваш калгас, спадар Іван Заяц, Лябедзька і Вячорка не паедуць. Не яны абяцалі вам перад выбарамі захаваць калгасную сыстэму. І ня ім вы далі ў рукі ўладу, якая б дазваляла нешта зьмяніць у вёсцы.
Працяг сумнай гісторыі Тамары Іванчыкавай з Гомеля. Год таму мы ўжо распавядалі пра гісторыю гэтай жанчыны, якую ў 1991 годзе абвінавацілі ў цяжкіх службовых злачынствах, арыштавалі і год трымалі ў няволі. А потым высьветлілася, што яна ні ў чым не вінаватая. Спадарыня Тамара так апісвае наступныя падзеі:
“Падчас сьледзтва ў мяне канфіскавалі ўсю каштоўную маёмасьць, а калі стала ясна, што ніякіх службовых злачынстваў не было, яны, каб не адказваць за ўчыненае супраць мяне злачынства, амаль дзесяць год сабатавалі сьледзтва. Усе гэтыя гады мне давялося абіваць парогі чыноўнікаў, і ўрэшце я прымусіла пракуратуру накіраваць справу ў суд, які па ўсіх артыкулах мяне апраўдаў і пастанавіў вярнуць мне сканфіскаваную маёмасьць.
І тут выявілася, што мае каштоўнасьці (а гэта залатыя ўпрыгожаньні — мае і маіх дачок) у пракуратуры скрадзеныя. Нанесеныя мне страты так і не кампэнсавалі, і я вымушаная была падаць на пракуратуру ў суд – пазоў на 18 мільёнаў рублёў. Аднак суд ужо паўгода не разглядае справу, а судзьдзя ўгаворвае мяне адмовіцца ад пазову.
За мінулыя дзесяць гадоў я пераканалася ў тым, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь зусім бяспраўныя, і справядлівасьці нам няма дзе шукаць”.
Гісторыя гэтая, на маю думку, вельмі выразна паказвае, у якую сытуацыю можа трапіць чалавек, калі ён жыве не ў прававой дзяржаве, калі ў грамадзтве кіруе не закон, а чыноўнік зь ягоным вычварным уяўленьнем пра мэтазгоднасьць і інтарэсы дзяржавы.
Ліст ад Алеся Цадко з Маладэчна. Ён піша:
“Абыякавасьць беларускага грамадзтва да ўласнага лёсу выклікае шмат пытаньняў. Асабіста для сябе я знаходжу наступнае тлумачэньне гэтай зьявы. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2001 год жыхары Беларусі выпілі чыстага алькаголю па 30 літраў на чалавека — на мільярд даляраў. Пры гэтым норма генэтычнай бясьпекі — ня больш за 9 літраў. А паколькі статыстыка ня ўлічвае спажываньня самагону і алькагольных сурагатаў, то лічбу 30 можна сьмела падвойваць.
Якія дзеці будуць нараджацца ў бацькоў-алькаголікаў? І ці трэба зьдзіўляцца, што на гэты момант у Беларусі 10 тысяч дзяцей-сірот пры жывых бацьках?
Па-мойму, у нас паўтараецца тая ж трагічная гісторыя, якая напаткала абарыгенаў у Новым Сьвеце, што ўрэшце вырадзіліся ад “вогненнай вады” каляністаў. І ў многім тут вінаватыя ўлады, якія бачаць, да чаго прыводзіць бескантрольны продаж алькаголю, але не жадаюць мяняць такую палітыку”.
Пытаньні вашыя, спадар Алесь, збольшага рытарычныя. Зразумела, найперш на дзяржаве ляжыць адказнасьць за тое, што п’янства і алькагалізм у Беларусі набылі такія маштабы. Моцныя алькагольныя напоі ў Беларусі надзвычай танныя, нават у параўнаньні зь нізкімі заробкамі беларусаў. У той жа час якасныя натуральныя віны для большасьці людзей недаступныя з прычыны высокіх коштаў, а дзяржаўныя ды калгасныя сьпіртзаводы зусім легальна выпускаюць алькагольныя сурагаты на аснове хімічнай сыравіны, што згубна для здароўя тых, хто ўжывае такія напоі.
Улады ўсьведамляюць, да чаго вядзе такая палітыка, але не адмаўляюцца ад яе толькі з адной прычыны: з дапамогай гэтых так званых “п’яных” рублёў трымаецца бюджэт, напоўніць які іншым шляхам цяперашнія беларускія чыноўнікі ня ўмеюць.
Ліст ад доктара Міхаіла Лекаха з Латвіі, з Рыгі. Ён піша:
“Штодня слухаю перадачы Беларускай Свабоды, у якіх знаходжу шмат цікавага. Таму ня мог не зьвярнуць увагу на расповед пра галакост у Беларусі. Тым больш, што рэальны фашызм я ведаю ня толькі па кнігах і фільмах.
У вашым сюжэце быў адзін істотны прабел. Вы не згадалі пра той бясспрэчны даказаны факт, што габрэяў у Беларусі зьнішчалі ў асноўным рукамі літоўцаў, украінцаў і латышоў. Пры гэтым прашу асаблівую ўвагу зьвярнуць на тое, што беларусы не прыяжджалі забіваць габрэяў ні ва Ўкраіну, ні ў Літву, ні ў Латвію. Вы гэты факт па сутнасьці абышлі. А пра катаў-латышоў увогуле змаўчалі.
У Латвіі і на сумежных землях у гады вайны дзейнічалі шматлікія банды катаў-латышоў – “Sonderkommando Arajs” ды іншыя. Першым значным злачынствам гэтай банды стаў падпал сынагогі на вуліцы Гогаля ўжо 4 ліпеня 1941 году. У полымі загінула больш як 400 чалавек. Нікому каты не далі ўратавацца.
Ужо на пачатку жніўня брыгада выйшла за межы Рыгі. Узводы стралкоў у сініх аўтобусах накіроўваліся ў розныя канцы Латвіі і на сумежныя тэрыторыі Беларусі. Сама “Sonderkommando Arajs” складалася з добраахвотнікаў-латышоў. Прашу зьвярнуць асаблівую ўвагу: іх ніхто не прымушаў забіваць, яны станавіліся забойцамі з уласнай ахвоты.
…Я ніколі не належаў і не належу ні да якой палітычнай партыі. Заўсёды лічыў і лічу сябе сябрам партыі сумленных людзей. Таму востра ўспрымаю фальш і палітызаванасьць”.
Доктар Міхаіл Леках з Рыгі заканчвае свой ліст згадкай пра тое, што мае сьведчаньні вялікай мужнасьці й высакароднасьці многіх жыхароў Беларусі, якія, рызыкуючы ўласным жыцьцём, ратавалі ад фашыстаў сваіх суграмадзянаў габрэйскай нацыянальнасьці. Ён таксама даслаў нам свой дакумэнтальны нарыс пад назвай “Беларускія праведнікі”.
Думаю, спадар Леках, вы ня маеце рацыі, калі акцэнтуеце ўвагу на нацыянальнай прыналежнасьці нацыстаў, якія зьнішчалі бязьвінных людзей. Былі сярод прыслужнікаў фашыстаў і беларусы, якія прыклалі руку да зьнішчэньня габрэйскіх гета і расстрэлаў мірных грамадзянаў, прытым ня толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі іншых дзяржаваў.
Гэтыя гістарычныя паралелі, калі вы міжволі ці сьвядома спрабуеце ўскласьці віну за фашысцкія злачынствы на цэлую нацыю — вельмі небясьпечныя. Няма больш ці менш вінаватых народаў, ёсьць віна канкрэтных асобаў, якія забівалі самі альбо аддавалі загады забіваць іншым. І яны павінны несьці адказнасьць за ўчыненае, незалежна ад сваёй нацыянальнай прыналежнасьці.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.