Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ НАВЕДАЛІ ЦЮМЕНЬ І СУРГУТ


Уладзімер Глод, Менск

Беларускія палітыкі пабывалі ў Цюмені і Сургуце на асабістае запрашэньне сябра Саюзу правых сілаў, дэпутата расейскай Дзярждумы ад гэтага рэгіёну Вадзіма Бондара. Яны сустракаліся з прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі, бізнэсоўцамі, актывістамі некалькіх палітычных партыяў Расеі.

У гэтым рэгіёне, багатым на нафту і газ, актыўна ўсталёўваюцца і разьвіваюцца рынкавыя дачыненьні. Расея ў гэтым напрамку, у параўнаньні зь Беларусьсю, пайшла значна далей.

Невыпадкова ў гандлёва-прамысловай палаце Сургуту яе кіраўнікі казалі, што іхныя спробы ўсталявацца на беларускім рынку аказаліся бясплённымі — няма суб’ектаў, зь якімі можна было б рэальна падтрымліваць рынкавыя дачыненьні. Што тычыцца беларускіх тавараў у Заходнім Сыбіру, дык іх тут знайсьці ўсё цяжэй, бо завозіць іх сюды ўжо няма сэнсу — цэны на іх цяпер вышэйшыя, чым на адпаведныя расейскія вырабы.

На маё пытаньне, ці не пабаяліся мясцовыя чыноўнікі сустракацца зь беларускімі апазыцыянэрамі, Анатоль Лябедзька адказаў так:

(Лябедзька: ) “Гэта людзі, якія на сёньняшні дзень не залежаць ад таго, што будуць гаварыць у Маскве. Там няма рэкамэндацыяў — сустракацца ці не сустракацца. У гэтым сэнсе не было ніякіх праблем, перашкод. Наадварот, цікавасьць была вельмі вялікая.

Я лічу, што мы якраз своечасова падпісалі “Правы погляд на беларуска-расейскія адносіны”. Вось да гэтага дакумэнта была цікавасьць практычна ў кожнага суб’екта, зь якімі мы сустракаліся. І прадстаўнікі мясцовых уладаў, і бізнэс, і грамадзкасьць — усе выяўлялі вялікую цікавасьць. І мы пачыналі менавіта з прэзэнтацыі гэтага дакумэнта, які істотна адрозьніваецца ад таго, што рэклямуюць расейскія левыя і Аляксандар Лукашэнка”.

Падчас паездкі беларускія палітыкі штодня сустракаліся зь землякамі, якія жывуць у гэтым рэгіёне. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы сустракаліся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Я думаю, што працяг такіх кантактаў будзе абавязкова. У іх вельмі неабыякавае стаўленьне да таго, што адбываецца сёньня ў Беларусі. У многіх тут засталіся родныя, блізкія. Таму я лічу, што вось гэтую лінію мы будзем разьвіваць і далей”.

У плянах Аб’яднанай грамадзянскай партыі — наведваньне і іншых расейскіх рэгіёнаў, найперш тых, дзе Саюз правых сілаў мае моцную падтрымку. У прыватнасьці, па часе гэта могуць быць Санкт-Пецярбург і Арэнбург.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG