Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЭМІГРАЦЫЯ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Яўген Мурашка, Галіна Арцёменка, Зьміцер Майсеенка, Язэп Паўловіч

Нямеччына сёньня бадай што адна з найбольш прывабных краінаў для сучасных эмігрантаў з Беларусі. Беларусы едуць туды на заробкі, шукаюць прытулку ад палітычнага перасьледу на Бацькаўшчыне, знаходзяць там, часам, асабістае шчасьце ці выяжджаюць па нейкіх эміграцыйных праграмах.

Як жывецца новым уцекачам у Нямеччыне? Пра гэта нашая сёньняшняя размова з прадстаўнікамі розных плыняў эміграцыі.

Яўген Мурашка быў добра вядомы ў Гомелі як удзельнік апазыцыйнага руху, актыўны сябра БНФ. З прычыны перасьледу з боку ўладаў пакінуў Беларусь улетку 2000 году разам са сваім дарослым сынам і стаў палітычным эмігрантам у Нямеччыне. Па словах сп. Яўгена, ягоны эміграцыйны шлях быў тыповым.

(Мурашка: ) “На пачатку месяц былі ў лягеры, а потым нас пасялілі непадалёку ад гораду, там былі паўтары гады, жылі ў інтэрнаце, давалі 80 нямецкіх марак на кішэнныя расходы і пакеты зь ежаю”.

Сп. Яўген, вы маеце немалую сям’ю, з 8 чалавек, якую давялося напачатку пакінуць дома, што сталася далей з вашымі блізкімі?

(Мурашка: ) “Пасьля майго ад’езду пачаўся наўпросты ўціск з боку ўладаў, даволі сур’ёзны. Мая жонка, Галіна Арцёменка, вымушаная была пакінуць работу, яе прымусілі сысьці. Калі гэты ціск стаў немагчымым, яна мусіла з астатнімі сямейнікамі ад’ехаць у Чэхію, на той момант Нямеччына яе не прымала. На сёньняшні дзень яна знаходзіцца побач”.

Сп. Галіна, як пачуваецеся вы на новым месцы?

(Арцёменка: ) “Як вам сказаць, яшчэ напачатку толькі пускаем карані, цяжкавата, але нічога. Не сакрэт, што цяжкавата, але намнога лягчэй, чым у Беларусі. Канешне, мы сумуем па Беларусі, па сябрах, па сваёй працы, па ўсім, але іншага выйсьця няма”.

А як матэрыяльна забясьпечаныя, ці можаце нешта зарабляць самі?

(Арцёменка: ) “Мы яшчэ сваіх грошай ня маем, каб мы працавалі, то мелі б свае грошы. Праца ёсьць, але ня ўсе маюць дазвол на працу”.

Паводле словаў сп. Галіны, у Нямеччыне працаваць могуць толькі тыя ўцекачы, што пражылі там больш за год, таму яна пакуль ня мае дазволу, але сп. Яўген ужо мае такое права.

(Мурашка: ) “Зараз я скончыў паўгадавыя курсы, вывучаў нямецкую мову. А цяпер я бяру курсы прафэсійнага навучаньня як сьлесар, я буду мець магчымасьць далей атрымаць працу”.

Сп. Яўген, нашае Радыё неаднаразова раней перадавала інфармацыю з Гомелю пра ваш удзел у акцыях пратэсту супроць рэжыму. Як цяпер, не сумуеце па актыўнай грамадзкай дзейнасьці?

(Мурашка: ) “Я б сказаў, па вялікім рахунку, што я вельмі сумую па гэтай працы, я сапраўды гэтай працай жыў, маю на ўвазе, палітычнай. Тут я пакуль яшчэ бытавыя праблемы маю. Тым ня менш, у мяне была магчымасьць праявіць і палітычную актыўнасьць. Я правёў пікет 26 красавіка разам з трыма сваімі сынамі. Мы атрымалі ад уладаў дазвол і каля Rathaus, гэта як райвыканкам у нас, мы дзьве гадзіны стаялі ў пікеце. Я з сабою прывёз сюды бел-чырвона-белы сьцяг наш родны, напісаў шыльду”.


Зьміцер Майсеенка таксама пакінуў Беларусь па палітычных матывах, быў актывістам БНФ у Сьветлагорску, разам з жонкаю яны ўзялі ўдзел у вядомай падрыхтоўчай кампаніі да выбараў прэзыдэнта вясною 1999 году. Вядома, што многія з актывістаў тады пацярпелі ад уладаў, сярод іх была і сям’я Майсеенкаў. На чужыне яна пашырылася, у Нямеччыне ў іх нарадзіўся яшчэ сын. Зьмітру ўдалося знайсьці працу.

(Майсеенка: ) “Я пайшоў працаваць, мы атрымалі магчымасьць пераехаць на кватэру і зараз расьцім дзяцей. Працую ў фірме, якая фарбуе плястыкавыя аўтамабільныя часткі. Жывем у невялікай вёсцы, я працую ў суседнім горадзе. 85 эўра нам дапамагаюць плаціць за кватэру, гэта адзіная ільгота, якую мы маем”.

Ці хапае на жыцьцё тых грошай, што зарабляеце?

(Майсеенка: ) “Ведаеце, мы – беларусы , мы, як кажуць, людзі – мінімалісты, прывыклі да невялікіх грошай, нават у такіх умовах усё роўна хапае кропельку адкласьці на “чорны дзень”.

Я набыў кампутар і займаюся складаньнем нямецка-беларускага слоўніка”.

Якое стаўленьне грамадзкасьці да чужынцаў?

(Майсеенка: ) “Самае рознае, таму што сярод тых, хто просіць палітычны прытулак, шмат людзей зь нізкай культурай і тых, якія прыехалі ў Нямеччыну не па палітычных матывах. Гэта якраз выклікае складанасьці ў стаўленьні да нас з боку мясцовых жыхароў”.

Сп. Зьміцер, як вам уяўляецца будучыня, ці не хацелі б вярнуцца на Радзіму?

(Майсеенка: ) “Як толькі там усталюецца дэмакратыя, мы вернемся дадому, таму што, з аднаго боку, у матэрыяльным пляне мы адчуваем сябе ня дрэнна, але не хапае сяброў, не хапае бацькоў, сыты жывот тут ня можа затрымаць нас”.


Аднак жыцьцё ў Нямеччыне, як і паўсюль на чужыне, залатвіць ня лёгка. Адзін з эмігрантаў, які не пажадаў, каб ягонае прозьвішча прагучала ў эфіры, дзеліцца з намі сваім ўражаньнямі.

(Эмігрант: ) “Калі прыяжджаеш у другую краіну, адчуваеш, што як бы тое жыцьцё, што ты пражыў там – пражытае і ты як бы чалавек безь мінулага. Там ты быў некім, была прафэсія, была праца, людзі паважалі, быў на нейкай сацыяльнай ступені, а тут ты павінен ізноў і зноў даказваць, што ты менавіта той чалавек, кім ты сябе лічыш.

Адразу пасьля прыезду, фактычна, ніхто ня можа ўладкавацца па сваёй прафэсіі. А калі чалавек будзе займацца гэтым, упарта ісьці, то ён гэтага дасягне. Можа, трэба будзе перавучыцца, можа яшчэ што.

Чалавеку трэба настроіцца, што трэба працаваць тут, трэба працаваць болей, чым там. І калі чалавек, напрыклад, нейкі гуманітарый, ці штосьці падобнае – доктар, настаўнік, - напачатку ён ня будзе мець магчымасьці працаваць па сваёй прафэсіі. Каб гэтага дабіцца, яму трэба многа і многа працаваць”.

Крыху лягчэй выжываць у Нямеччыне тым эмігрантам, хто выехаў па нейкіх эміграцыйных праграмах. Да гэтай катэгорыі належыць сям’я Язэпа Паўловіча, ягоная жонка якраз і атрымала дазвол на выезд у гэтую краіну па адной з такіх праграмаў. Сам Язэп па адукацыі інжынэр-будаўнік, але апошнія гады ў Беларусі працаваў на тэлебачаньні, мае ўзрост за 50 гадоў. Ён распавядае пра сваё новае жыцьцё.

(Паўловіч: ) “Нямеччына па сваёй прыродзе краіна вельмі сацыялістычная, і калі чалавек легальна прыяжджае, то адразу ў параўнаньні зь Беларусьсю атрымліваеш шмат дабротаў, і таму тых праблемаў, якія мы мелі дома, тут проста няма. Мы атрымліваем сацыяльную дапамогу, дзяржава аплочвае кватэру, маем таксама пэўную колькасьць грошай на існаваньне”.

А як з заняткам, ці маеце нейкую працу?

(Паўловіч: ) “На жаль, не. Я скончыў двое курсаў, адныя – моўныя, але знайсьці працу вельмі цяжка, тым больш інжынэру-будаўніку. Будаўнік мае працу толькі тады, калі гаспадарка ідзе на пад’ём, а ў Эўропе зараз нельга гаварыць пра пад’ём. Да таго ж яшчэ і мае гады. Я жыву ў невялікім горадзе, тут цяжка з працаю, і я вырашыў перабірацца ў большы горад, там больш магчымасьцяў.

Тут ёсьць такая ўстанова – Arbeitsamt, - якая займаецца навучаньнем і ўладкаваньнем на працу. Трэба прайсьці курсы павышэньня кваліфікацыі і перанавучаньня. Калі ёсьць пэўны стаж працы ў Нямеччыне па прафэсіі ці стаж працы па прафэсіі без аплаты, гэта як валанцёрская практыка – чалавек знаходзіцца на сацыяльнай датацыі і без аплаты працуе недзе, потым ён атрымлівае пэўныя характарыстыкі, і яму могуць прапанаваць сталую працу”.

Сп Язэп, вядома, што ў Нямеччыне ствараецца зараз беларуская суполка і што вы сярод яе арганізатараў.

(Паўловіч: ) “Скажам так, суполка ўжо ёсьць, мы прынялі рашэньне аб стварэньні суполкі, яна ўжо прызнаная Радаю Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Зараз мы рэгіструемся на тэрыторыі Нямеччыны.

Калі я сюды ехаў, я зайшоў у “Бацькаўшчыну”, папрасіў, каб мне далі каардынаты беларусаў у Нямеччыне. Тут я напісаў ім лісты”.

Беларуская эміграцыя ў Нямеччыне павялічваецца, але да гэтага часу нашым суродзічам не ўдавалася арганізавацца, каб запачаткаваць там нацыянальнае жыцьцё. Сп. Язэп так тлумачыць прычыны гэтага.

(Паўловіч: ) “Я тут сустракаю беларусаў, але, яны, як правіла, расейскамоўныя і ніякім чынам не зацікаўленыя ва ўсіх гэтых справах. Яны маюць тут кантакты з расейскамоўнымі арганізацыямі”.

На завяршэньне нашай размовы падамо нашым слухачам кантактныя тэлефоны беларускай суполкі ў Нямеччыне:

Язэп Паўловіч – 271 234 2991
Павал Панасевіч – 208 6217696
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG