Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ ЛУКАШЭНКА ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО ЯГОНЫ НАРОД РАЗАМ З РАСЕЯЙ, АДНАК У СУВЭРЭННАЙ І НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСІ СВАЯ ПАЛІТЫКА Й ЭКАНОМІКА


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня раніцай на менскім праспэкце Францішка Скарыны адбылося традыцыйнае шэсьце вэтэранаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Зь нетрадыцыйных асаблівасьцяў імпрэзы кінулася ў вочы адсутнасьць Віктара Лукашэнкі, які звычайна йшоў у гэты дзень побач з бацькам. Дый Беларускае тэлебачаньне вяло рэпартаж з гэтага шэсьця па-беларуску, хаця ўсе мерапрыемствы з удзелам Лукашэнкі асьвятляюцца толькі па-расейску. Напэўна, БТ вырашыла не падкрэсьліваць, хто галоўны на сёньняшнім сьвяце.

Аднак прыход Аляксандра Лукашэнкі, які на два-тры крокі апярэджваў падчас шэсьця сваіх суседзяў-вэтэранаў, нагадваў зьяўленьне нейкай поп-зоркі, з адпаведнымі прывітальнымі крыкамі.

Напярэдадні 9 траўня амаль усе сталічныя прадпрыемствы й арганізацыі атрымалі савецкага тыпу разнарадку: колькі людзей накіраваць на шэсьце, каб стварыць масавасьць. Саміх пераможцаў з кожным годам застаецца ўсё менш, і бальшыня вэтэранаў вайны глядзела шэсьце толькі па тэлевізары. Прапагандысцкую сутнасьць тэлетрансьляцыі найлепш перадае наступны фрагмэнт:

(Дыктарка БТ: ) “Заканадаўчай і выканаўчай уладай робіцца ўсё магчымае дзеля таго, каб абараніць — і перш за ўсё ў сацыяльным сэнсе — вэтэранаў Вялікай Айчыннай. Але — зыходзячы з магчымасьцяў эканомікі”.

Усклаўшы вянок да манумэнту Перамогі й пачакаўшы, пакуль тое самае зробяць іншыя чыноўнікі ды выбраныя вэтэраны, Аляксандар Лукашэнка павіншаваў прысутных са сьвятам, але сказаў колькі словаў і пра цяперашні час.

Нагадаю, што ўчора сьпікер расейскае Рады Фэдэрацыі Сяргей Міронаў заявіў у Менску, што для пасьпяховага прасоўваньня інтэграцыі наперад патрэбнае найперш стварэньне адзінай эканамічнай прасторы Беларусі з Расеяй. Сёньня спадар Лукашэнка даў на гэта своеасаблівы адказ:

(Лукашэнка: ) “Народ Беларусі застаецца верным векавым традыцыям дружбы зь вялікай Расеяй. Як і ў гады вайны, нашыя народы разам. Нашая краіна прыхільная ідэалам міру й дэмакратыі. Мы заўсёды адкрытыя для дружбы й супрацоўніцтва. Разам з тым, яшчэ раз паўтараю: Беларусь – паісьціне сувэрэнная й незалежная дзяржава, са сваёй палітыкай, са сваёй эканомікай, са сваёй культурай і са сваімі традыцыямі. І размаўляць з намі з пазыцыі сілы нікому мы не дазволім”.

Пасьля мітынгу з хвілінай маўчаньня Аляксандар Лукашэнка патлумачыў сваю прысутнасьць на ім Беларускаму тэлебачаньню, чамусьці стоячы сьпінай да тэлекамэры:

(Лукашэнка: ) “Што да майго знаходжаньня тут — ну, ня будзем лукавіць, усё вызначанае правіламі нейкімі для кіраўніка дзяржавы, жорсткімі пратаколамі, але ёсьць таксама адна духоўная прычына: я хацеў бы быць там, дзе беларускі народ”.

Пакуль Аляксандар Лукашэнка хадзіў у беларускі народ і ладзіў масавае шэсьце ў цэнтры сталіцы, ня меншая колькасьць людзей сабралася на могілках Менску. Сёньня я наведаў Паўночныя могілкі, дзе пахаваны мой дзед — інвалід вайны. Насустрач ехаў рэйсавы аўтобус з нумарам “1945” і надпісам “З Днём Перамогі” замест маршруту.

Бальшыня сваякоў вэтэранаў вайны ўшаноўвала памяць памерлых ціха, прыбіраючы могілкі ды ўскладаючы на іх кветкі. У Менску сёньня было сьпякотна, але гэта не перашкодзіла жыхарам сталіцы выправіцца на могілкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG