Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕВЯДОМАЯ ВАЙНА: УСПАМІНЫ ДЗЯЦЕЙ


Ігар Карней, Менск

Ігнат Лапеза з Глыбоччыны і Мікалай Варпаховіч з-пад Крэва на пачатку вайны былі падлеткамі. Але пражылі яны час акупацыі па-рознаму: першы жыў сабе, як і астатнія вясковыя сябры — бадай што, па-цывільнаму, калі цяжка адрозьніць, дзе рэальнасьць, а дзе гульня. Другі ў няпоўныя 16 гадоў пайшоў у партызаны. Ігнат Лапеза прыгадвае 1941 год, калі стаўленьне немцаў ды мясцовых жыхароў яшчэ не было адкрыта варожае:

(Лапеза: ) “Зойдуць калі — “матка, яйка” папросяць. Нармальна ставіліся. Яны народ не чапалі, дык і іх не чапалі. Але з часам пайшлі людзі ў партызаны, за сваю зямлю пачалі змагацца. Да 1942 году ніхто паняцьця ня меў, хто такія партызаны. Бо дагэтуль немец ішоў, не зважаючы: дзе хто застаецца, якая частка, якая рота. Ён ляцеў на Маскву. Кінутым савецкім часткам не было куды дзецца, перайсьці лінію фронту яны не маглі. Афіцэры, салдаты заставаліся ў Беларусі; хто да баб мясцовых прыходзіў у прымакі, хто ішоў у створаныя партызанскія атрады... Так вось і пачаўся партызанскі рух”.

Мікалая Варпаховіча прывёў у партызаны выпадак. Ягоны бацька быў нядрэнным печнікам, і напачатку 1942-га яго запрасіў мясцовы пан Бараноўскі. Аднойчы ўначы да Бараноўскіх завіталі партызаны... Для Варпаховічаў гэта мела кепскія наступствы.

(Варпаховіч: ) “Ну, можа нешта папрасілі, можа нешта ўзялі. І тады жонка Бараноўскага адразу паведаміла ў Крэва паліцыі: маўляў, Варпаховічы заадно з партызанамі. Бацька да іх ніякага дачыненьня ня меў. Але адразу ж паліцаі прыехалі, забралі і бацьку, і мяне. Два тыдні трымалі, білі так, што ня мог рукі падняць. З намі быў адзін баец з Падмаскоўя. Урэшце нам пашчасьціла зьбегчы з прыстасаванай літоўцамі турмы (дагэтуль быў дом габрэя Рабіновіча, сям’я якога ў той час таксама хавалася)”.

Спадар Варпаховіч кажа, што калі б уцячы не ўдалося, бацька быў бы расстраляны, а яго саслалі б у канцлягер. Таму, калі ў 1942 годзе на Мядзельшчыне пачалі ствараць партызанскі атрад імя Кутузава, 16-гадовы Мікалай бяз роздуму пайшоў за бацькам. Пытаюся: чым займаліся?

(Варпаховіч: ) “Найперш, падрывы чыгункі. Выходзіў узвод, 30 чалавек, закладвалі чатыры шашкі. Потым, падрывы чыгуначных і дарожных мастоў. Таксама наш атрад удзельнічаў у разгроме гарнізонаў у Камаях, Сьвіры, Паставах. Зьнішчалі паліцэйскія ўчасткі. Былі яшчэ гэтак званыя польскія партызаны, супраць іх змагаліся, бо тыя крыўдзілі і беларускае, і расейскае насельніцтва, а падтрымлівалі палякаў”.

Спадар Лапеза згадвае, што і ён нейкі час быў, так бы мовіць, партызанскім выведнікам. Немцы часта пасылалі дзяцей у лес па ягады, а потым частавалі цукеркамі, чакалядай. Партызаны ў сваю чаргу выпытвалі, колькі немцаў у вёсцы, якая тэхніка. Запомнілася спадару Лапезу таксама, што даваенныя вясковыя звычкі пэўны час захоўваліся і пасьля прыходу немцаў.

(Лапеза: ) “Нягледзячы на вайну, танцы ў 1941 годзе працягваліся. Прыходзілі немцы; трапляла, што танчылі разам і немцы, і партызаны. Немцы былі ўзброеныя, а партызаны — як цывільныя”.

(Карней: ) “А з кім дзяўчаты ахвотней танчылі?”

(Лапеза: ) “Хто браў, з тымі і йшлі. Калі немцы, то адзін трымаў зброю, а астатнія танчылі. Потым мяняліся. Але немцы ня ведалі, што побач танчаць партызаны. Партызаны ведалі, што гэта немцы, але не чапалі: насельніцтва забараняла весьці барацьбу, бо немцы маглі караць за гэта. Маглі спаліць вёску”.

Тым часам партызаны сапраўды давалі багата нагодаў для помсты з боку фашыстаў. У паветра ўсё часьцей ляцелі эшалёны зь нямецкай тэхнікай ды салдатамі вэрмахту. Паляваньне на партызанаў не спынялася ні ўдзень, ні ўначы. Спадар Варпаховіч прыгадвае, як даводзілася захоўваць рэжым жорсткай кансьпірацыі.

(Варпаховіч: ) “Калі мы праходзілі, насельніцтва нас падтрымлівала — ці то са страху, ці паважалі. Мы сілкаваліся ды ішлі далей. Але вось ужо ў Мядзельскім рэгіёне была вызначаная зона: 20 вёсак. Бралі муку (хлеб пяклі самі), мяса, калі ў гаспадарцы скаціны было болей за адну карову: прывозілі ў лягер, разьдзелвалі. Затое іншыя атрады ня мелі права ў гэтыя вёскі заходзіць. Толькі калі праходзілі кудысьці далей, маглі папрасіць пад’есьці”.

У той час, калі партызаны хаваліся па лясох, у некаторых рэгіёнах вольна сябе адчувалі своеасаблівыя антыпартызанскія злучэньні зь ліку ўкраінцаў. Але, паводле спадара Лапезы, менавіта партызаны цікавілі ўкраінцаў менш за ўсё.

(Лапеза: ) “Немцы стварылі некалькі карных атрадаў з украінцаў, якія мусілі змагацца супраць партызанаў. У нашай вёсцы і дагэтуль было шмат каго з Украіны, дык гэтыя сюды прыяжджалі й ніякіх справаў да партызанаў ня мелі: пап’янствуюць, на танцы сходзяць і паедуць. Давалі нам з кулямёта па кустах страляць: кладзем на плот і малоцім па кустах. А Вера, дзеўка была, яна зь пісталету”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Ігнат, з партызанамі — справа больш зразумелая. А хто ішоў у паліцыю?”

(Лапеза: ) “Ішлі ў паліцыю звычайна пацаны. Немец дазваляў рабіць што заўгодна. Зброю даваў, патронаў — колькі хочаш. У нас з хаты стралялі па студні: была пабітая ўся цымбравіна. Пацаны вельмі любілі дурэць са зброяй. Вось яны і йшлі ў паліцыю, каб рабіць, што хацелася”.

Ігнат Лапеза ніколі ня быў знаёмы зь Мікалаем Варпаховічам. Паваенны лёс іхны таксама склаўся па-рознаму. Былы партызан стаў сакратаром партыйнай арганізацыі калгасу на Смаргоншчыне, Лапеза ўсё жыцьцё адпрацаваў трактарыстам ў калгасе на Глыбоччыне. А дажываюць жыцьцё аднолькава: сьціплымі пэнсіянэрамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG