Заяўленыя пікеты датычылі правоў чалавека. У адмове выканкаму ад 7 лютага гаварылася, што Іваноўскі і Нех нібыта неаднаразова парушалі заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў, а таму ў будучыні ўлады больш ніколі ня будуць разглядаць падобныя заяўкі ад іх.
Зьміцер Іваноўскі й Сьвятлана Нех падалі скаргу на рашэньне ўладаў. Кіраўнік юрыдычнай службы выканкаму Валеры Шанціла прызнаў у судзе, што адмова разглядаць заяўкі зьяўляецца незаконнай. І сказаў, што супрацоўнік, які прапанаваў унесьці яе ў рашэньне, будзе пакараны.
Валеры Шанціла таксама папрасіў прабачэньня ў Зьмітра Іваноўскага, бо высьветлілася, што таго толькі аднойчы пакаралі паводле заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Але кіраўнік юрыдычнай службы прапанаваў судзьдзі пакінуць адмоўнае рашэньне правамоцным. Адзінае — скасаваць пункт наконт адмовы ўладаў надалей разглядаць заяўкі ад Нех і Іваноўскага на пікеты і падобныя мерапрыемствы. Судзьдзя Ленінскага суду Ала Баўсук гэтак і зрабіла. Яна прызнала рашэньне гарвыканкаму неправамоцным часткова. Сьвятлана Нех і Зьміцер Іваноўскі павінны зараз аплаціць судовую пошліну— 50 тысяч рублёў кожны.