Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХАДЫКА РЫХТУЕЦЦА СЯДЗЕЦЬ НА АКРЭСЬЦІНА


Валер Каліноўскі, Менск

У той дзень у Горадні міліцыя займалася аховай суду над журналістамі Маркевічам і Мажэйкам, таму не знайшлося машыны і нараду, каб завезьці Юрыя Хадыку на месца адбыцьця пакараньня, і яму патлумачылі, што справу перашлюць у Менск. Каля месяца спатрэбілася праваахоўчым органам, каб давезьці гарадзенскі прысуд у Савецкі РУУС Менску, па месцы жыхарства прафэсара Юрыя Хадыкі.

Фармальна на выкананьне прысуду па адміністратыўнай справе адводзіцца каляндарны год. А паколькі ніякага абавязку самому прыйсьці ў міліцыю Юры Хадыка ня мае, то ён і чакае, калі міліцыянты за ім прыйдуць самі. Нарэшце, днямі гэта сталася:

(Хадыка: ) “Яны чакалі, пакуль прыйдзе гэтая папера з Горадні. Калі яна трапіла ў наш РУУС, да мяне прыйшоў участковы: “Мы за вамі, таму што прыйшоў прысуд”. Я кажу: “Хлопцы, я, канечне, гатовы. Але я на бюлетэні зараз”. “Можаце паказаць бюлетэнь?” Адказваю: “Не, ён у лекара”. Тады ён тэлефануе свайму начальніку, і той даў яму загад чакаць канца бюлетэню. Участковы дае мне паперку: “Пішыце расьпіску”... У іх яўна няма нагоды мяне хапаць і цягнуць, але калі будзе загад, яны прыйдуць за мной”.

Сам прафэсар Хадыка называе ўсе гэтыя міліцэйскія нестыкоўкі нейкай кволай гульнёй, але адзначае, што адтэрмінаваньне на месяц ён добра выкарыстаў дзеля ўмацаваньня свайго здароўя. Раней ён перанёс сур’ёзную апэрацыю, а цяпер лячыўся ад бранхіту. 8 траўня ягоны бюлетэнь закончыўся, і пасьля гэтага, відаць, яму прыйдзецца-такі накіравацца ў спэцпрыёмнік.

(Хадыка: ) “Я ня супраць... Ну добра, дурацкі прысуд, але прычым тут міліцыя? Яна абавязаная мяне пасадзіць. Пасадзіць, я ня буду хавацца ад яе бясконца, гэта немагчыма”.

Юрыю Хадыку, у адрозьненьне ад Валерыя Шчукіна, пашанцавала — яму далі далячыцца, а зьбітага Шчукіна пасьля акцыі 19 красавіка павезьлі “на суткі” ледзь не з рэанімацыі. Тым ня менш, Юры Хадыка лічыць, што ў стасунку да яго ніякай лібэральнасьці з боку міліцыі няма, яна выконвала закон.

(Хадыка: ) “Думаю, што Шчукін там трапіў пад гарачую руку. Калі б мяне затрымалі падчас разгону, то ня думаю, што адпусьцілі б”.

Рашэньне гарадзенскага суду было абскарджанае, і Юры Хадыка дагэтуль лічыць прысуд незаконным, але супраціўляцца ягонаму выкананьню ня будзе. Да таго часу, пакуль яго пасадзяць, ён зьбіраецца напісаць артыкул з асэнсаваньнем досьведу сёлетніх акцыяў пратэсту апазыцыі:

(Хадыка: ) “Мне не падабаюцца некаторыя камэнтары ў нашых незалежных газэтах, у прыватнасці ў “Дні”, там нейкая дзяўчына была вельмі незадаволеная, што Чарнобыльскі шлях так не апраўдаў спадзяваньняў моладзі, якая рвалася ў цэнтар, што ў той час, калі нашыя пакутнікі сядзяць на Акрэсьціна, кожная акцыя павінна быць акцыяй пратэсту...

Глупства ўсё гэта. Біцца зь міліцыяй можна толькі ў тым выпадку, калі мы хочам пакласьці канец вулічнаму змаганьню. Тады абавязкова раней ці пазьней надыдзе час, калі ніхто ня прыйдзе на нашыя акцыі. І таму толькі мірныя акцыі могуць узьнімаць дух людзей на негвалтоўнае супрацьстаяньне ўладзе. Змагацца з уладаю сілаю — гэта поўная бессэсоўнасьць альбо стопрацэнтовая правакацыя”.

Юры Хадыка па-ранейшаму заклікае выключна да негвалтоўнага супраціву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG