Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛОМУ ДЫРЭКТАРУ “БЕЛДЗЯРЖХАРЧПРАМУ” КАЗЕКУ ПАГРАЖАЕ ВОСЕМ ГАДОЎ ТУРМЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня пракуратура краіны распаўсюдзіла зьвесткі пра арышт 6 траўня Віктара Казекі, якога Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні зьняў з пасады дырэктара канцэрну “Белдзяржхарчпрам”. Пракуратура паведаміла, што на Віктара Казеку завялі крымінальную справу паводле падазрэньняў у злоўжываньні ўладай. Яму пагражае восем гадоў турмы. Віктар Казека нібыта спрыяў таму, каб ягоны сын Андрэй атрымаў хабар 100 тысяч даляраў.

Казека-малодшы, які працаваў кіраўніком аддзелу збыту гарэлачнага заводу “Крышталь”, быў арыштаваны 1 сакавіка. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што ён атрымаў 100 тысяч даляраў хабару ад камэрцыйнай структуры, якая дзякуючы яму займела выгадны кантракт на пастаўку “Крышталю” каньячнага сьпірту. Нібыта цяпер у сьледчых зьявіліся доказы таго, што дачыненьне да гэтай камбінацыі меў і Казека-старэйшы.

Праўда, у той час, калі заключалася ўгода наконт сьпірту, Казека-старэйшы працаваў намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, і толькі пасьля ён узначаліў канцэрн “Белдзяржхарчпрам”, у які ўваходзіў гарэлачны завод “Крышталь”, але сьледчыя перакананыя, што яны дакажуць датычнасьць Віктара Казекі да незаконнай угоды са сьпіртам.

У друку ўжо зьявіліся зьвесткі пра тое, быццам Віктар Казека спрычыніўся да іншых махінацыяў. У прыватнасьці, крыніцы “Белорусской газеты” сьцьвярджаюць, што гэты высокі дзяржаўны чыноўнік ужо больш за сем гадоў зарабляў незаконныя камісійныя на гандлі сьпіртам і нібыта зарабіў на гэтым некалькі соцень тысяч даляраў.

Пра ягоную камэрцыйную дзейнасьць, паведамляюць крыніцы, было вядома ўжо тады, калі ён працаваў намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, аднак гэта не пашкодзіла Аляксандру Лукашэнку летась прызначыць менавіта Казеку кіраўніком канцэрну “Белдзяржхарчпрам”.

Пракуратура краіны не паведамляе, ці прызнаў Віктар Казека сябе вінаватым у злачынстве, якое яму інкрымінуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG