Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ ВЫДАНЬНІ ПРА ПАДЗЕІ ДРУГОЙ УСЯСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ І ПРА ЛЁС ПЕРАМОЖЦАЎ ФАШЫЗМУ


Алена Панкратава, Менск

“Беларусь сьвяткуе дзень перамогі. Бэрлін — таксама”, — піша “Junge Welt”. Сёньня ў Трэптаў-парку будуць згадваць пра тыя зьнішчэньні й разбурэньні, якія ў 1939–1945 гадах пакінулі па сабе немцы. “Толькі ў Беларусі, — піша выданьне, — фашысцкія захопнікі забілі больш як мільён цывільных грамадзянаў, зруйнавалі 209 гарадоў і 9200 вёсак. 628 вёсак былі спаленыя разам з жыхарамі. 186 населеных пунктаў былі зьнішчаныя назаўсёды. Памятаць пра гэта павінна кожнае наступнае пакаленьне немцаў”, — гаворыцца ў артыкуле.

“На сьвяткаваньні Дня перамогі над фашызмам у Нямеччыну ў гэтыя дні запрошаныя дзясяткі беларусаў”, — піша “Schweriner Volkszeitung”. Гэта пераважна тыя, хто больш як паўстагодзьдзя таму знаходзіліся ў нямецкіх канцэнтрацыйных лягерах альбо прымусова былі вывезеныя на працу на нямецкіх заводах і фабрыках. Зь сярэдзіны траўня прынамсі кожны другі з 1,5 мільёну з гэтак званых остарбайтараў, што жывуць на тэрыторыі Беларусі, Расеі, Украіны атрымае грашовую кампэнсацыю зь Нямеччыны. Паводле прадстаўніка фонду “Памяць, адказнасьць, будучыня”, мяркуецца, што кампэнсацыі будуць выплачаныя цалкам да 2004 году.

Паўднёванямецкае выданьне “Schwaebische Zeitung” расказвае пра тых, хто сьвяткуе Дзень перамогі над фашызмам у Беларусі. Гэта салдат Вялікай Айчыннай — 78-гадовы Ўладзімер С., які сустрэў 9 траўня 1945 году ў Нямеччыне, на Эльбе:

“Уладзімер адчыняе шафу і дастае адтуль свой адзіны гарнітур. Гэты выхадны гарнітур такі ж акуратны, што і ягоны пакойчык у невялікай драўлянай хатцы ў Нясьвіжы. На ім — ні пылінкі. На пінжаку — сапраўдны іканастас з ордэнаў. “Гэта я атрымаў за Вялікую Айчынную”, — гаворыць вэтэран. Уладзімер паказвае свой пакой. Стол, ложак, некалькі крэслаў, зламаная шафа, старыя, напалову садраныя шпалеры. Усе выгоды — драўляная, падкошаная прыбіральня — на двары, за хатай. На твары 78-гадовага старога — сьлёзы, якіх той ніяк ня можа стрымаць.

Маленькі стары чалавек пачынае расказваць. Пра сваю жонку Ірыну, якая памерла пяць гадоў таму, пра свой лёс салдата, пра пакт Сталіна і Гітлера, пра які ён, былы салдат, даведаўся ўсяго некалькі гадоў таму. Спадар Уладзімер разважае пра сваё цяперашняе жыцьцё. Тая пэнсія, якую ён атрымлівае як вэтэран, занадта малая для жыцьця, але яшчэ завялікая для сьмерці. Уладзімер выжывае, дзякуючы гэтак званаму бартэру. З тымі, хто садзіць, а потым капае для яго бульбу, Уладзімер расплачваецца самагонам. Адна бутэлька — за дзьве гадзіны працы. Трымаць каня старому няма за што.

За некалькі мэтраў ад дому Ўладзімера — сучасны катэдж. Належыць ён прадпрымальніку зь Менску, які разам з жонкай прыяжджае ў Нясьвіж на выходныя. На катэджы — сатэлітная талерка, у доме — вадаправод. Магчыма, за такую будучыню нашчадкаў і змагаўся іх сусед. Прадстаўнікі гуманітарнай ініцыятывы са Швабіі, якія нядаўна наведалі Нясьвіж, вырашылі аказваць дапамогу такім, як Уладзімер, адзінокім беларускім вэтэранам Вялікай Айчыннай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG