Цяпер міжнародныя парлямэнтары праводзяць кансультацыі зь беларускімі ўладамі наконт арганізацыі візыту. Перамоўны працэс яшчэ ня скончыўся. Мабыць таму сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка на маё пытаньне адносна прыезду дэлегацыі адказаў, што ён пакуль не гатовы камэнтаваць гэтую справу.
Апошні раз дэлегацыя адмысловай рабочай групы знаходзілася ў Менску на пачатку лютага. Тады Ута Цапф, а таксама парлямэнтар з Швэцыі Урбан Алін ды дэпутатка парлямэнту Латвіі Хэлена Дэмакава рыхтавалі справаздачу пра становішча ў Беларусі Сталаму камітэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.
За гэты час адбыліся дзьве важныя падзеі. Спачатку расейская Дзярждума адмовілася арганізаваць сустрэчу сваіх дэпутатаў зь сябрамі рабочай групы, якія хацелі прыцягнуць расейскі парлямэнт да вырашэньня беларускага пытаньня. Потым беларускія ўлады не працягнулі тэрмін акрэдытацыі выканаўцу абавязкаў кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Мішэлю Рывалье.
Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер лічыць, што гэтыя факты зьвязаныя адзін з другім.
(Альфер: ) “Гэта сьвядомая палітыка ўладаў Беларусі і, мне здаецца, што гэтая палітыка ўладаў Беларусі ў вельмі істотнай ступені падтрымліваецца і расейскімі ўладамі. З аднаго боку, яны не падтрымліваюць наўпрост Лукашэнку зь яго антыдэмакратычнымі захадамі, бо Расея сёньня стварае сабе імідж дэмакратычнай краіны. А з другога боку, расейцы паўсюль лабіруюць інтарэсы беларускіх уладаў у міжнародных структурах, тым самым даючы Лукашэнку карт-блянш на ягоную антыдэмакратычную дзейнасьць тут, у Рэспубліцы Беларусь”.
З дасьведчаных крыніцаў стала вядома, што афіцыйныя беларускія ўлады гатовыя прыняць дэлегацыю ў той тэрмін, што прапануе Ута Цапф. Але пры ўмове, што міжнародныя парлямэнтары дапамогуць наладзіць канструктыўны дыялёг паміж кіраўніцтвам Парлямэнцкай Асамблеі і Нацыянальным сходам Беларусі, які, як падкрэсьліваюць беларускія афіцыйныя асобы, ёсьць адзіным законна абраным парлямэнтам Беларусі.
Акрамя таго, улады хочуць, каб група на чале з Утай Цапф дапамагла распрацаваць мэханізм “падключэньня беларускіх парлямэнтароў да актыўнай дзейнасьці ў рамках Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ”. У гэтай сувязі самы раз нагадаць, што да сёньняшняга дня Парлямэнцкая Асамблея трымаецца канцэпцыі “пустога крэсла” ў стасунку да Беларусі.
Міжнародныя парлямэнтары лічаць, што тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ўжо скончыўся, а так званая палата прадстаўнікоў была абраная недэмакратычным шляхам і ня можа быць прадстаўленая ў Парлямэнцкай Асамблеі як паўнавартасны беларускі парлямэнт.