Першая інфармацыя пра каровіна шаленства зьявілася ў мінулую суботу, пасьля таго, як у Кракаўскай лябараторыі ў часе дасьледаваньняў аналізаў ад 40 забітых кароваў нечакана аказалася, што адна зь іх была хворай. На шчасьце, мяса гэтай жывёліны не пасьпела трапіць у крамы.
Аднак занепакоеньне выклікае тое, што дагэтуль невядомае дакладнае месца, дзе карова была выгадаваная. Фэрмэр, якому паводле папераў павінна была належаць хворая жывёліна, кажа, што такіх кароваў ня меў. Да таго ж у мясцовасьці каля Тарнова, дзе карова быццам бы гадавалася, сяляне у якасьці корму ўжываюць толькі сена, а ня костную муку, празь якую хвароба перадаецца. Пазьней аказалася, што карову на мяса здавалі пасярэднікі, а дакумэнты былі падробленыя.
Такім чынам, пакуль нават не вядома, ці ёсьць яшчэ хворыя каровы і дзе дакладна знаходзіцца гаспадарка, дзе іх варта шукаць.
Галоўны вэтэрынарны лекар Польшчы Пётр Каладзей паведаміў, што гэта адзінкавы выпадак, які сьведчыць аб дасканаласьці польскай сыстэмы выкрываньня хваробы, таму пакуль няма чаго панікаваць.
Аднак, як аказалася, Эўрапейская камісія ўжо даўно папярэджвала Польшчу, што тая недастаткова ўважліва сочыць за станам здароўя буйной рагатай жывёлы і што ў краіне з часам могуць быць выкрытыя выпадкі каровінага шаленства.
У першыню гэтая хвароба была выяўленая ў Вялікай Брытаніі 16 гадоў таму. Нягледзячы на ўсемагчымыя захады, хвароба хутка распаўсюдзілася на іншыя краіны і трапіла нават у Японію. Да гэтага часу ў Эўропе праз ужываньне заражанай ялавічыны памерла каля сотні чалавек.
Прадстаўнікі Эўразьвязу заявілі, што пакуль ня маюць намеру ўводзіць эмбарга на пастаўкі польскай ялавічыны, аднак гэта зрабіла ўчора суседняя Літва.
Супрацоўнікі некалькіх вялікіх мясных крамаў на Беласточчыне і каля Бялай Падляскі паведамілі ўчора Радыё Свабода, што кліенты, сярод якіх вельмі шмат дробных, а таксама гуртовых пакупнікоў мясных вырабаў зь Беларусі, пакуль ніяк не адрэагавалі на інфармацыю пра каровіна шаленства ў Польшчы і купляюць вырабы зь ялавічыны на ранейшым узроўні.
Варта адзначыць, што гандаль таньнейшымі і больш якаснымі, а таму і папулярнымі ў Беларусі польскімі мяснымі вырабамі ёсьць крыніцай заробку для значнай колькасьці беларусаў. Некаторыя зь іх нават возяць польскія каўбасы ды вэнджанае сала далёка ў Расею.