Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ Ў БЕЛАРУСІ СВАБОДА СРОДКАЎ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня, у міжнародны дзень свабоднай прэсы, я задаваў пытаньне "Ці свабодныя мэдыі ў Беларусі?" найперш людзям, якія штодня маюць зносіны са спажыўцамі інфармацыі, гэта значыць з кіяскёрамі. Вось іхныя выказваньні:

(Карэспандэнт: ) "Сёньня міжнародны дзень свабоднай прэсы, і я хацеў бы задаць вам пытаньне: "Скажыце, ці дастакова свабоды СМІ ў Беларусі?"

(Жанчына-кіяскёрка: ) "Я лічу, што амаль дастаткова. Ня ўсе ж пытаюць гэтыя газэты. “Свободные новости”, “Народную волю” й усё.... Чытаюць і нашыя беларускія “Советскую Белоруссию”, “Рэспубліку” таксама купляюць. На кожны тавар ёсьць свой пакупнік, і ў кожнага ёсьць свае інтарэсы. Але большым попытам карыстаецца свабодная прэса.

Калі б нешта зьявілася больш прыцягальнае, то й людзі б да гэтага прызвычаіліся. Пытаюць усё. Ёсьць непаразуменьні паміж пакупнікамі “Советской Белоруссии” й іншымі. Ніводны з бакоў не саступае сваіх пазыцыяў".

(Іншая кіясёрка: ) "Купляюць “Народную волю”, “Белорусскую деловую газету” — добра купляюць".

(Карэспандэнт: ) "А ці хапае свабоды прэсы ў Беларусі?"

(Кіяскёрка: ) "Я думаю, хапае. Бяруць “БДГ”, “Народную волю”. Але бяруць і “Советскую Белоруссию”, “Рэспубліку”, ёсьць попыт".

(Іншая кіяскёрка: ) "Ведаеце, кожнаму сваё. Нехта пытае свабодную прэсу. А некага не цікавіць. Людзі ўжо перасталі верыць ва ўсё".

На жаль, немагчыма было сёньня знайсьці людзей, якія прадаюць недзяржаўную прэсу. Іх часта перасьледуе міліцыя, і яны доўгі час не стаяць на адным месцы.

А вось меркаваньні ў гэтай справе простых мінакоў на менскіх вуліцах:

(Карэспандэнт: ) "Сёньня міжнародны дзень свабоды прэсы. На вашую думку, прэса ў Беларусі свабодная?"

(Дзяўчына:) "Прэса не свабодная, бо людзі ня могуць выказаць свайго стаўленьня да таго, што адбываецца ў нашай краіне. Я лічу, што ўсё ў наш час купленае, і няма свабоды слова".

(Яе сяброўка: ) "У нашай краіне немагчыма да канца выказваць свае думкі, а кожны чалавек мае права на выказваньне сваіх думак".

(Карэспандэнт: ) "Ці свабодная прэса ў Беларусі?"

(Дзяўчына: ) "Свабодная. Кожны можа выказаць сваю думку, і гэта не караецца. Наколькі я ведаю".

(Іншая дзяўчына: ) "Ведаеце, я лічу, што яна свабодная, але трэба каб трохі казалі праўдзівей. Бо не заўсёды можна атрымаць інфармацыю з праўдзівых крыніцаў. Прэса свабодная, але не заўсёды".

(Спадар: ) "Аднабаковая, нашая прэса. Нейкай інфармацыйнай альтэрнатывы я ня бачу".

(Дзяўчына: ) "Мне здаецца, свабода мэдыяў часта суадносіцца з тым, як думае наш "бацька".

(Хлопец: ) "Уся інфармацыя, якую друкуюць, мае аднолькавы характар. Паказваецца толькі ўрадавы пункт гледжаньня, няма ніякай альтэрнатывы".

(Дзяўчына: ) "Відаць, існуе шмат абмежаваньняў, якія не даюць прэсе выказвацца ў Беларусі свабодна”.

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, на вашую думку, прэса ў Беларусі свабодная?"

(Спадар: ) “Прэса свабодная. Калі б яна была не свабоднай, вы бы мне такое пытаньне адкрыта на вуліцы не задавалі б".

Менчукі маюць розныя думкі ў справе свабоды прэсы ў Беларусі, аднак большасьць лічыць, што беларускія мэдыі недастаткова свабодныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG