Супрацоўнікі ўсіх літаратурных часопісаў і газэты "ЛіМ", якія дзяржава аб'яднала ў адну рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову, сёньня атрымалі паведамленьні пра тое, што яны зь першага ліпеня будуць звольненыя з працы. Калі яны хочуць надалей заставацца працаваць у сваіх рэдакцыях, то мусяць напісаць пра тое заявы на імя новага кіраўніцтва. Але бальшыня супрацоўнікаў "Полымя" і "Нёману", а таксама ўсе супрацоўнікі часопісу "Крыніца" не жадаюць гэтага рабіць. Крынічане прынялі з гэтае нагоды адмысловую заяву:
"У знак пратэсту супраць прызначэньня кіраўніцтвам голдынга асобаў, варожых да беларускай літаратуры і незалежнай Беларусі, у знак пратэсту супраць гвалтоўнага звальненьня галоўных рэдактараў мы, супрацоўнікі часопісу "Крыніца", пакідаем нашае выданьне... Нам сорамна за тых нашых калегаў, якія пасьпяшаліся заняць месцы зрэпрэсаваных галоўных рэдактараў ці ўвайшлі ў ганебны хаўрус з кіраўніцтвам голдынгам".
Гэтая заява была агучаная сёньня ўвечары на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі.
Журналістаў цікавіў ня толькі маральны і ідэалягічны выбар супрацоўнікаў прыўлашчаных уладаю выданьняў, але і што яны зьбіраюцца рабіць, пакінуўшы гэтыя рэдакцыі. Адказ прагучэў з вуснаў фармальна яшчэ галоўнага рэдактара часопіса "Полымя" Сяргея Законьнікава.
(Законьнікаў: ) "Усё гэта — ужо мінулы дзень. А цяпер трэба ствараць новыя незалежныя выданьні. Тое, што гэтыя выданьні могуць узьнікнуць, я ў гэтым упэўнены на сто адсоткаў. У нас усё ёсьць для гэтага. У нас ёсьць выдатныя аўтары, якія ня будуць друкавацца там. Нашыя выдатныя аўтары ня зганьбяць сябе друкаваньнем у тых адыёзных выданьнях. У нас ёсьць сілы — гэта тыя рэдакцыйныя сілы, якія сёньня заявілі пра свой выхад з тых выданьняў. Трэба зрабіць адзін часопіс спачатку, паказаць, як можна рабіць эўрапейскі нармальны часопіс, і тады і ў нашай беднаце знойдуцца, хоць зь невялікімі складкамі, фундатары".
Гэтая заява Сяргея Законьнікава выклікала даволі бурную рэакцыю журналістаў, ня ўсе зь якіх далі веры жыцыцяздольнасьці падобных праектаў.
Прысутная на прэс-канфэрэнцыі старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава паведаміла пра прынятую радаю СП з нагоды сытуацыі заяву і зачытала ейныя фрагмэнты:
(Іпатава: ) "Рада заяўляе рашучы пратэст супраць антынацыянальнае палітыкі ўладаў, якая праводзіцца ў год сьвяткаваньня 120-годзьдзя геніяў беларускае літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа...”
Вольга Іпатава таксама сказала, што Саюз пісьменьннікаў будзе праз суд дамагацца пазбаўленьня новае рэдакцыйна-выдавецкае ўстановы права выкарыстоўваць назвы сваіх выданьняў.