Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БЕРАСЬЦЯ НА МІТЫНГУ НЕ ДАЛІ СЛОВА ПРАДСТАЎНІКАМ АПАЗЫЦЫІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Берасьцейскія ўлады надзвычай сур’ёзна паставіліся да сёньняшніх урачыстасьцяў. Кіраўнікам гарадзкіх прадпрыемстваў і ўстановаў загадалі забясьпечыць яўку іхных падначаленых. Акрамя таго, мясцовыя ўлады вельмі непакоіў зьмест лёзунгаў і плякатаў, якія маглі зьявіцца падчас шэсьця і мітынгу. Таму адміністрацыі прадпрыемстваў павінны былі забясьпечыць удзельнікаў акцыі толькі сьвяточнымі сьцяжкамі ды паветранымі балёнікамі.

Большая частка мітынгоўцаў пакінула плошчу, не дачакаўшыся заканчэньня мітынгу. На гэтым шэрым фоне адметна вылучалася калёна абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Яе ўдзельнікі прайшлі пад бел-чырвона-белымі партыйнымі сьцягамі. Насуперак пажаданьням уладаў, гэтая калёна заняла месца ў цэнтры плошчы, чым прыцягвала ўвагу мінакоў. Пра ўдзел у сёньняшняй акцыі распавядае лідэр берасьцейскіх сацыял-дэмакратаў Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “Нашая партыя сьвяткуе, як партыя свабодных людзей. А калі паглядзець на тую дэманстрацыю, якую арганізоўвала ўлада, то гэта была дэманстрацыя па разнарадцы, як заўжды, гэта ішлі паднявольныя людзі”.

(Карэспандэнт: ) “Для многіх было нечаканым, што вы пагадзіліся ісьці ў агульнай калёне з афіцыйным шэсьцем”.

(Ляўковіч: ) “Мы ішлі ў агульнай калёне, але сваёй калёнай. Улады нам забаранілі афіцыйна арганізаваць сваю калёну і выступаць на мітынгу, але мы ўсё-такі вырашылі выйсьці сваёй калёнай, і зрабілі гэта. Што да таго, што ўлады нам адмовілі, мы зноў будзем судзіцца, як і ў мінулым годзе, і я лічу, што мы гэты суд зноў выйграем, як было і мінулым разам”.

Аналягічным чынам ўлады абышліся і зь мясцовымі арганізацыямі Свабоднага прафсаюзу і Партыі камуністаў. Іх прадстаўнікі таксама былі пазбаўленыя слова падчас першатравеньскага мітынгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG