Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫ НАВУКОВА-АСЬВЕТНЫ ЦЭНТАР ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ СКАРАЧАЕ АМАЛЬ ПАЛОВУ СУПРАЦОЎНІКАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Зь першага траўня ў Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры застаюцца працаваць толькі 20 чалавек. Скарачэньне штату супрацоўнікаў адразу на 40% — адзіная магчымасьць рэалізаваць шэраг агульнабеларускіх і міжнародных навукова-асьветных праектаў, што заплянаваныя на гэты год. Міністэрства адукацыі, якому падпарадкаваны Скарынаўскі цэнтар, фінансуе яго толькі ў разьдзеле “Навука”. А гэта азначае, што грошы на камунальныя паслугі, штат супрацоўнікаў, на навукова-асьветныя імпрэзы і выдавецкую дзейнасьць цэнтар павінен шукаць сам. Гаворыць кіраўніца цэнтру Любоў Уладыкоўская-Канаплянік:

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) "Мы ўсё робім на грамадзкай аснове, фактычна, і на ўласным энтузыязьме. Мы спрабуем давесьці, што беларуская дзяржава немагчымая без падтрымкі беларускай культуры. Што ёсьць аб’ектыўная неабходнасьць існаваньня незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, што ў нас багацейшая культурная традыцыя й яна павінна ўмацоўвацца дзяржавай. На жаль, сёньня беларуская дзяржава й беларуская культура знаходзяцца ў становішчы супрацьпастаўленьня".

Каб вырашыць праблему фінансаваньня, Міністэрства адкукацыі на чале зь цяперашнім кіраўніком Пятром Брыгадзіным вырашыла вывесьці Скарынаўскі цэнтар з непасрэднага падпарадкаваньня і перадаць на балянс нацыянальнай Акадэміі навук альбо адной з вышэйшых навучальных установаў Менску. Да прыкладу, пэдунівэрсытэту імя Танка альбо Інстытуту адукацыі. Гэтае пытаньне яшчэ ня вырашанае, але такую пэрспэктыву кіраўніца Скарынаўскага цэнтру называе ягонай фактычнай ліквідацыяй:

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) "Усе гэтыя працэсы адбываюцца на ўзроўні міністра адукацыі. Відаць, што дзейнасьць некаторых падведамасных міністэрству ўстановаў альбо неапраўданая, альбо яна недаспадобы. Скарынаўскі цэнтар — гэта абсалютна адмысловая ўстанова з абсалютна адмысловымі мэтамі й задачамі. І далучаць яго, скажам, да Інстытуту адукацыі — гэта поўная алягічнасьць. І такое далучэньне інакш як ліквідацыю я не магу разглядаць".

Па сутнасьці, Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны, — адзіная ў Беларусі ўстанова, якая займаецца зборам, фундамэнтальным вывучэньнем і прапагандай беларускай культуры на Радзіме й ва ўсім сьвеце. Пэрспэктыву закрыцьця цэнтру адмыслоўцы ставяць у адзін шэраг са скасаваньнем іспытаў па беларускай літаратуры для выпускнікоў агульнаадукацыйных школаў і закрыцьцём беларускамоўных клясаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG