Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЁР ІГАР ГЕРМЯНЧУК


Сяргей Навумчык, Прага

На пачатку 1990-х гадоў Ігар Гермянчук быў рэдактарам газэты “Свабода” – і менавіта пры ім газэта зрабілася самым папулярным беларускім незалежным выданьнем, прыцягнуўшы да супрацоўніцтва найлепшых журналістаў і публіцыстаў.

Гаворыць журналіст, удзельнік “гермянчукоўскай” каманды “Свабоды” Алесь Дашчынскі:

(Дашчынскі: ) “Ігар Гермянчук быў асобай, якая рухала ўсю рэдакцыю, ён быў асновай гэтага выданьня. Ён укладаў у гэта ўсё сваё майстэрства, усе свае сілы, і на гэтай працы ён згарэў. Ён першы прыходзіў у рэдакцыю, апошні сыходзіў. Да каго б я ні прыходзіў па інтэрвію, бачыў на стале газэту “Свабода” – яна была як бы абавязковая для чытаньня, для ўсіх, ня толькі для звычайнага чытача, але й для дзяржаўных чыноўнікаў. Гэта была сапраўды папулярная газэта, зь ёй лічыліся. Колькі разоў кіраўнік краіны цытаваў нас і прыгадваў нашу газэту!”

Амаль шэсьць гадоў Ігар Гермянчук быў сябрам апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня і актыўна спрычыніўся да аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Я патэлефанаваў у Нью-Ёрк, на сувязі – былы старшыня парлямэнцкай апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк:

(Пазьняк: ) “Сьмерць Ігара Гермянчука – гэта вялікая бяда і страта для ўсяго беларускага грамадзтва. І гэта вялікае няшчасьце, бо ён памёр малады, у яго яшчэ было шмат наперадзе. Ён ня толькі здольны журналіст, але быў і вельмі здольным палітыкам, удзельнічаў у распрацоўцы ўсіх нашых законапраектаў. Ён меў талент аратара, мог добра аналізаваць, добра выступаць.

Ён увогуле быў надзейны ў палітыцы, на яго можна было палажыцца. Ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад Народнага Фронту ў 1995 годзе – яна была дзеля абароны беларускай мовы і беларускай дэмакратыі, супраць рэфэрэндуму, які хацеў рабіць Лукашэнка. Але тады ў парлямэнт увялі войска – і Ігар Гермянчук быў зьбіты, як і ўсе астатнія дэпутаты.

Я павінен сказаць, што Ігар – гэта чалавек беларускай гісторыі. Хачу ўспомніць яго добрым словам і выразіць сваё шкадаваньне яго родным, блізкім”.

Журналісту і палітыку Ігару Гермянчуку, які сёньня памёр ад раку, быў сорак адзін год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG