Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗВОЛЬНЕНЫЯ МІНІСТАР АХОВЫ ЗДАРОЎЯ І КІРАЎНІКІ ДЗЯРЖАЎНЫХ КАНЦЭРНАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Новы ўрад Генадзя Навіцкага толькі каля паўгоду папрацаваў без так званых "аргвывадаў" з боку кіраўніка дзяржавы. Акрамя міністра аховы здароўя Ўладзіслава Астапенкі ў адстаўку накіраваныя кіраўнікі дзяржаўных вытворчых канцэрнаў "Беллегпрам", "Белдзяржхарчпрам", "Беллеспаперапрам" і "Белбіяфарм". Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоль Тозік паведаміў, што гэтыя кіраўнікі звольненыя за невыкананьне прызначаных паказьнікаў.

Што датычыць міністра Ўладзіслава Астапенкі, то пра ягоную дзейнасьць Аляксандар Лукашэнка выказваўся асабліва нэгатыўна, выступаючы на мінулым тыдні са штогадовым пасланьнем, крытыкуючы яго за хаду выкананьня праграмаў супраць СНІДу і сухотаў. Сёньня ж Лукашэнка проста выгнаў яго з памяшканьня, калі ён ня змог адказаць, колькі прыватных структураў было выселена з больніц і паліклінік.

Лёс прэм'ера Генадзя Навіцкага будзе вырашаны пасьля таго, як стануць вядомыя эканамічныя вынікі другога кварталу.

Аляксандар Лукашэнка не хаваў сваёй незадаволенасьці эканамічнай сытуацыяй у краіне і загадаў неадкладна выправіць сытуацыю. Шэсьць важнейшых паказьнікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў першым квартале ня выкананыя, склады перапоўненыя нерэалізаванай прадукцыяй, якой сабралася на мільярд даляраў. Хранічнымі сталі запазычанасьці па заробках і пэнсіях. Жыцьцёвы ўзровень беларусаў няўхільна падае. Гэтага ўлады ўжо не могуць ігнараваць, — лічыць незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “З жніўня мінулага году ідзе падзеньне заробкаў і пэнсіяў. На канец лютага пакупніцкая здольнасць заробкаў упала ў сярэднім на 14%. Яшчэ больш упалі паводле пакупніцкай здольнасьці пэнсіі. У эканоміцы ёсьць адзін паказьнік — ці мы жывем лепш, ці горш. Дык вось, насельніцтва жыве ўсё горш і горш”.

Леанід Злотнікаў мяркуе, што да канца году пакупніцкая здольнасьць заробкаў і пэнсій беларусаў упадзе яшчэ на 20%. Ён зазначае, што рэальнае становішча ў беларускай эканоміцы сапраўды крызыснае: многія прадпрыемствы стратныя, прастойваюць альбо працуюць няпоўны тыдзень.

Але спробы выправіць сытуацыю шляхам звальненьня міністраў і кіраўнікоў вытворчых канцэрнаў нічога не прынясуць, бо няправільная стратэгія, што зыходзіць з самага верху, ад Аляксандра Лукашэнкі. Гаворыць Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Прэм'ер Навіцкі прыйшоў, калі справа была зробленая. Вінаватая тая стратэгія, якую задаў сам кіраўнік дзяржавы. Ён хацеў, каб жылі лепш і як мага хутчэй. Ён праводзіў стратэгію праяданьня рэсурсаў, як кажуць, усё з хаты прадаць і сёньня пажыць добра, а заўтра хоць трава не расьці. І пад гэтую стратэгію падбіраў міністраў, даваў ім заданьні”.

На думку эканаміста Злотнікава, безумоўна, вінаваты і ўрад, але там засталіся тыя, хто баіцца выказаць сваю думку.

Тым часам прэм'ер Навіцкі прапанаваў для паляпшэньня сытуацыі комплекс захадаў, сярод якіх скарачэньне альбо нават забарона бартэру, зьмяншэньне затратаў на вытворчасць на 25-30%.

Гэта проста нерэальна — лічыць незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў. Для гэтага патрэбная зьмена тэхналёгіяў, на што няма ўласных сродкаў. Задача ж ураду сёлета — прыцягнуць у эканоміку краіны 400 мільёнаў даляраў замежных інвестыцыяў — таксама невыканальная, пакуль атрымана толькі 16 мільёнаў.

Такім чынам сытуацыя ў эканоміцы Беларусі не палепшыцца, ні да канца другога кварталу, ні да канца году, калі толькі нехта ня зробіць Беларусі падарунак яшчэ большы, чымся нядаўняе пагадненьне з Расеяй пра адзіныя цэны на газ і транспарт, — такую выснову робіць незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG