Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛЕСКАЕ РАСЧАРАВАНЬНЕ


Сяргей Харэўскі, Вільня

Клімат і рупнасьць нарвэжцаў здолелі захаваць у тым суворым краі ўнікальныя помнікі драўлянага дойлідзтва, гэтак званыя “стаўкіркі”, хрысьціянскія бажніцы XII–XIV стагодзьдзяў. Менавіта з гэтым скарбам Нарвэгія была ўлучаная ў Сьпіс сусьветнае спадчыны ЮНЭСКА.

Для Нарвэгіі драўляныя “стаўкіркі” – частка нацыянальнага міту. Роўна, як і паморскія цэрквы Расейскае Поўначы, ведамыя на ўвесь сьвет дзякуючы архітэктурнаму запаведніку ў Кіжах.

Некалькі музэяў драўлянага дойлідзтва ёсьць на Заходняй Украіне, дзе таксама зьбераглося багата падобных помнікаў. А таксама па польскі бок Карпатаў. А ў Японіі захавалася драўляная бажніца, пастаўленая ў ажно ў 690 годзе: храм Хар’юдзі ў Нара.

На досьвітку беларускае незалежнасьці, як памятаю, багата дэбатавалі пра тое, якія помнікі беларускае прыроды й культуры трэба ўнесьці ў той самы Сьпіс сусьветнае спадчыны. Сярод іншага называліся й драўляныя бажніцы Палесься. Але далей гаворак і публікацыяў у прэсе справа не прасунулася. Тымчасам гэтым драўляным храмам цяпер пагражае зьнішчэньне...

Днямі вядомыя беларускія фотамастакі Анатоль Кляшчук ды Дзяніс Раманюк зрабілі туды выправу, менавіта з мэтаю пабачыць тыя шэдэўры нашага дойлідзтва ды зафатаграфаваць іх.

(Анатоль Кляшчук: ) “Там былі цэрквы, пабудаваныя ў 1740, 1720-м годзе. Памятаеш, гэтую? Яна была жоўтая-жоўтая... Гэта вёска Асаўцы. Потым мы дзядзьку здымалі... Потым заехалі ў вёску Ляхавічы, здымалі адлюстраваньне. Ты памятаеш? Гаварылі з бацюшкам. І бацюшка нам параіў якую вёску? На Дывін. Вёска Лелікава. Не абкладзеная цэглаю – нас моцна ўразіла”.

(Дзяніс Раманюк: ) “А! Там іх нават дзьве. Мы здымалі й раніцай, і ўвечары. Гэта ў Дывіне была?”

(Анатоль Кляшчук: ) “Ну там цудоўна было! Пару гадоў таму лесьнікі збудавалі сабе вежу і мы, узьняўшыся, пабачылі пад сабою царкву! Як птушкі, зьверху”.

(Дзяніс Раманюк: ) “З храмам, з шляхамі, са скрыжаваньнямі. Прычым там было дзьве царквы! І над адной мы былі проста над купаламі, а другая была бачная ў краявідзе”.

(Анатоль Кляшчук: ) “А другая была ўнікальны помнік! І па аздабленьні”.

(Дзяніс Раманюк: ) “Выключнае аздабленьне, натуральнае, шэдэўральнае...”

(Анатоль Кляшчук: ) “Але ты памятаеш, мы з табою добрых здымкаў не зрабілі...”

(Дзяніс Раманюк: ) “Зрабілі. Яшчэ новая праблема для фатаграфіі – цяпер паўсюль стаяць гэтыя слупы велізарныя й нацягнутыя драты й адкуль ты не адыходзіш – ідзе спрэчка...”

Перад беларускімі фатографамі цяпер насамрэч паўстаюць складаныя праблемы, калі яны хочуць паказаць свой край як найлепей, давесьці ягоную непаўторнасьць. Гаворыць Анатоль Кляшчук:

(Анатоль Кляшчук: ) “Мы хацелі паглядзець Палесьсе, усё навакольле, ляндшафт, балоты – ну й архітэктуру. Найперш архітэктура. Хацелі пабачыць тыя цэрквы. Тое драўлянае дойлідзтва, якое, уяўлялася, толькі на Палесьсі самае адметнае. Памяць падказвала, што помнікаў такіх у нас шмат. Першая вёска, якая нас надзвычай расчаравала, гэта паміж Безьдзежам і Драгічынам – вёска Крамно. Даволі старая царква, відаць, болей за 200 гадоў, абкладзеная белай цэглай абсалютна бяз густу. Гэта ўжо ня помнік”.

Натуральна, драўляныя нарвэскія цэрквы ХІІ стагодзьдзя, як у мястэчках Боргун ці Хедаль, альбо японскі храм Хар’юдзі, у якім няма ніводнага жалезнага цьвіка, мала захавалі ў сваёй канструкцыі першапачатковых дэталяў, але захавалі сваё спрадвечнае аблічча, свой твар... Пра тое рупілася кожнае новае пакаленьне. Найноўшыя тэхналёгіі прапіткі матэрыялаў дазваляюць эфэктыўна зьберагаць драўніну ў любым клімаце.

Працягвае Дзяніс Раманюк:

(Дзяніс Раманюк: ) “Сьмешна назіраць, як на абкладзеным цэглаю храме, над уваходам вісіць прыкручаная шыльдачка, што гэта помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, ахоўваецца дзяржаваю. Гэта ня той помнік, ня тая архітэктура. Новая цагляная архітэктура”.

Я сам ня раз назіраў тое, пра што гаварыў спадар Раманюк. Немаведама, праўда, што сьмяшней – ахоўная шыльда на сылікатнай цэгле, што сьведчыць нібы пра тое, што перада мною помнік драўлянага дойлідзтва, ці тое ж руйнаваньне мураваных помнікаў, каб на іх месцы паставіць прыкладную копію, як гэта робіцца цяпер у Менску.

Я запытаўся ў аўтарытэтнай дасьледчыцы беларускага сакральнага дойлідзтва, супрацоўніцы Нацыянальнае Акадэміі Навук, спадарыні Тамары Габрусь, ці ёсьць нарматывы, праўныя акты, што б абмяжоўвалі няўрымсьлівых рамонтнікаў?

(Тамара Габрусь: ) “Ой... У нас быў зьезд рэспубліканскі Таварыства аховы помнікаў. Адно пытаньне на другім... І тое. і другое, але гэтае не было паднятае. Вось. А наконт заканадаўства – у нас зь ім справы настолькі дрэнныя, што тое, што раней уваходзіла ў “Збор помнікаў”, што лічылася помнікам, пасьля 1992 году, як быў створаны ДзІНАС (Дзяржаўная інспэкцыя, падкамітэт Міністэрства культуры, а зараз гэта ўжо дэпартамэнт), толькі назвы мяняюцца.

Скасаванае ўвогуле паняцьце “помнік”. І тое, што раней увайшло, што падлягала ахове, то цяпер толькі тое, што яны “согласовали”. І атрымалася так, што той, хто валодае гэтай драўлянай царквою – ён яе гаспадар. А заканадаўча атрымоўваецца так, што гэтыя помнікі не знаходзяцца ні пад ніякай аховай. Мы ўжо некалькі гадоў у Ахове помнікаў б’емся галавой аб сьцяну, каб не было так, што адмянілі, а нічога новага пад ахову ня ўзялі”.

Заходняе Палесьсе – унікальны рэгіён. Менавіта тут сканцэнтраваная большасьць драўляных бажніцаў, што ацалелі цудам у ваенных і атэістычных завірухах. Але цяпер помнікі руйнуюцца празь няўмелую рупнасьць за іх... Анатоль Кляшчук прыводзіць прыклад з Олтускай царквою:

(Анатоль Кляшчук: ) “Царква ў вёсцы Олтуш, тая наогул была пераробленая пад “эўра”, абшаляваная… плястмасавай сынтэтычнай вагонкаю – сайдынг! Аканіцы пафарбаваныя ў карычневы колер, як новыя беларускія робяць у сваіх офісах. Фінская мэталадахоўка”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Добра, а ці распаўсюджаная цяпер такая практыка? З чаго яна вынікае?”

(Анатоль Кляшчук: ) “Уся гэтая перабудова палескіх храмаў адбывалася без узгадненьня зь Міністэрствам культуры, з архітэктарамі. Відаць, калгасы давалі дармовую цэглу. Хуткімі тэмпамі перабудоўвалася і псавалася... Падобная практыка сустракаецца цяпер паўсюль”.

Думку свайго калегі ўдакладняе Дзяніс Раманюк.

(Сяргей Харэўскі: ) “Што кепскага ў тым, што старадаўняя драўляная царква будзе аблямаваная больш даўгавечным матэрыялам?”

(Дзяніс Раманюк: ) “Пры абкладаньні храма цэглаю адбываецца зьнішчэньне ўсіх ягогных нюансаў і адметных асаблівасьцяў, з-за якіх мы й ехалі, каб убачыць тую архітэктуру, кладку зрубу, ліштвы, дэталі вежаў. Зараз гэта абкладаецца, да мінімуму спрашчаецца – да прастакутнікаў і кутоў. Тая вежа-званіца ў квадрат упісваецца, як ёсьць”.

Так, пры закладваньні старасьвецкіх драўляных канструкцыяў цэглаю, матэрыяламі, якія не дазваляюць вэнтыляцыі, зруб будзе трухнець вельмі хутка. Пра эстэтычныя ж вартасьці такіх “эўрарамонтаў” ужо красамоўна сказалі мае суразмоўцы-фотамастакі.

Паводле словаў кандыдаткі архітэктуры спадарыні Тамары Габрусь, якая багата пісала пра тыя самыя драўляныя храмы, сёньня ў Беларусі няма юрыдычнае базы, каб іх бараніць... А ці ёсьць яшчэ што бараніць? Ці можна сёньня пабачыць на Палесьсі якую сапраўднасьць, насамрэч старасьвецкія бажніцы?

(Анатоль Кляшчук: ) “Мне здаецца, сапраўднага мы ўжо ня ўбачым. Сапраўднага ўжо няма. Дахі ня з гонты. Усё, што мы сустрэлі, ужо абшаляванае, і кожнага разу цэрквы фарбуюцца нанова. Раней гэтае шалёўкі не было. Былі бярвеньні. Кожны храм быў па свойму складзены, са сваімі асаблівасьцямі кладкі вуглоў, ліштваў. Сапраўдную аўтэнтычную царкву палескую сустрэць цяпер немагчыма”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Няўжо ж справа настолькі безнадзейная? Я сам літаральна 10 гадоў таму яшчэ бачыў у Столінскім, Пінскім, Кобрыньскім раёнах старадаўнія сьвятыні, ад якіх сыходзіла адчуваньне праўдзівасьці, натуральнасьці, пракавечнасьці... Гэта, пэўна, быў прыродны колер драўніны – ад гонтавага даху да падмурку. Я запытаўся Дзяніса Раманюка, ці трапляліся ім на Палесьсі добрыя прыклады?”

(Дзяніс Раманюк: ) “Вёска Безьдзеж Драгічынскага раёну, вёска Валавель таго ж раёну і вёска Зёлава. Гонты на стрэхах ужо няма, але яны дагледжаныя, з густам пафарбаваныя. І ёсьць сапраўднымі помнікамі архітэктуры. Былі яшчэ добрыя прыклады, але яны ці па архітэктуры былі слабейшыя, не падабаліся нам як фотамастакам. Альбо асяродзьдзе было ня тое, ня клаўся кадар”.

Беларусь яшчэ нядаўна магла ганарыцца тым, што добра захавалася вялікая колькасьць помнікаў палескае школы драўлянага дойлідзтва – і цяпер траціць іх на вачох. Фатальным чынам руйнаваньне гэтых сьвятыняў супала з найноўшым росквітам у краі рэлігійнага жыцьця... Калі верыць маім суразмоўцам фатографам, якім мала што “легла ў кадар”, недалёкі той час, калі гісторыю драўлянага культавага дойлідзтва на Палесьсі мы будзем вывучаць адно па фотаздымках...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG