Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЛАКІТНАЯ ТАБЛЕТКА ЗАМЕСТ МАЛЕНЬКАЙ ЧЫРВОНАЙ КНІЖКІ МАО ЦЗЭДУНА


Юры Сьвірко, Прага

Купіце пачак жуйкі ці бутэльку вады ў залі вылету шэньчжэньскага аэрапорту, і прадаўшчыцы – калі вы мужчынскага полу – могуць зрабіць вам яшчэ адну прапанову: з-пад прылаўка зьявіцца ўпакоўка чатырох блакітных таблетак.

“Вэйге” – унісонам чырыкаюць два мужчыны, правяраючы таблеткі на шкляной паверхні. Гэтак “Віягра” гучыць па-кітайску.

“Танна – і рэальна”, – шэпча адзін пра каштоўную кантрабанду, нэрвова азіраючыся.

Няважна, што “Віягра” тэарэтычна даступная ў Кітаі толькі па рэцэпце. У моднай спэцыяльнай эканамічнай зоне Шэньчжэнь, каля мяжы з Ганконгам, амаль кожная аптэка, кожны сэкс-шоп, нават многія крамы і шапікі, дзе прадаюць салодкае й ваду, – таксама гандлююць цудадзейным лекам (альбо пераканаўчымі падробкамі).

Багаты выбар таксама “ўзмацняльнікаў мужчынскае сілы” мясцовай вытворчасьці – лекаў, якія звычайна разам зь невялікай колькасьцю істотных складнікаў “Віягры” зьмяшчаюць традыцыйныя кітайскія кампанэнты – пэнісы аленя, казла, сабакі.

На Захадзе “Віягра” сталася адказам на мэдычныя патрэбы групы звычайна старэйшага веку мужчынаў, якія маюць сэксуальныя праблемы. У Кітаі ж “Віягру” віталі як сьвяты парашок – вынік 2000-гадовых пошукаў субстанцыяў, закліканых даць усім мужчынам большую сэксуальную адвагу.

“Людзі ў Кітаі надаюць шмат увагі гэтай праблеме”, – сказаў доктар Ма Сяонян, старшыня Пэкінскае асацыяцыі сэксуальнае адукацыі й дасьледаваньняў.

“Кітайцы вераць, што вы можаце зьесьці што-небудзь, каб атрымаць тое, чаго вам не хапае. І тысячы гадоў мужчыны прымалі лекі, зробленыя з пэніса аленя, ці са зьмяі, ці з пэніса сабакі”, – кажа Ма Сяонян і дадае: “Цяпер яны маюць нешта, што спрацоўвае”.

“Віягру” дазволілі прадаваць у Кітаі прыблізна два гады таму – за гэты час яна ўзяла краіну штурмам. Ейная афіцыйная назва – “Ванайге” – хутка была зьмененая на прачулую мянушку “Вэйге”, што літаральна перакладаецца як “вялікі старэйшы брат”.

У Чуньцзыне летась вэтэрынары кармілі “Віяграй” від тыграў, што зьнікае, – спадзяваліся падвысіць цікавасьць самцоў да размнажэньня (гэта не спрацавала). Са станоўчага можна адзначыць, што групы абароны правоў жывёлаў кажуць, што “Віягра”, мажліва, выратавала ад забойства многіх цюленяў, бо зьменшыўся попыт на лекі, якія робяць з пэнісаў коцікаў.

За два апошнія гады “Віягра” стала папулярным падарункам для боса, які мае ўсё (раней дарылі дарагія сыгары й каньяк). Летась аўтар папулярных песень Лі Жоньшэнь зрабіў гэты лек бесьсьмяротным, напісаўшы гіт “Даволі заклапочаны нядаўна”. Апісваючы фантазію 50-гадовага мужчыны пра японскую парназорку, ён сьпявае: “Вельмі цьмяное сьвятло ў маім сьне. Я шукаў паўсюль, але сваю маленькую блакітную таблетку не знайшоў нідзе”.

Як можна было прадказаць, гэткі шалёны попыт меў вынікам шматлікія падробкі. “Большасьць “Віягры”, што прадаецца ў крамах і праз Інтэрнэт – фальшывая”, – заяўляе Вань Хай з таварыства абароны спажыўцоў у Пэкіне, які расьсьледаваў выпадкі падробак. “Штосьці – проста крухмал, а штосьці мае тыя самыя інгрэдыенты, што й сапраўдны прадукт”.

У сакавіку прадстаўнікі паліцыі паведамілі пра ліквідацыю адной з падпольных сетак вытворчасьці “Віягры”, пра якія шмат паведамляецца. Гэтая сетка прадала паўмільёна фальшывых таблетак “Віягры” за дзевяць месяцаў, пісала дзяржаўная прэса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG