Прадстаўнікі апазыцыі, якія бралі ўдзел у шляху, рэзка скрытыкавалі ўрад за спыненьне чарнобыльскіх праграмаў ды заклікалі вызваліць вядомага навукоўца Юрыя Бандажэўскага.
Менгарвыканкам дазволіў правядзеньне сёньняшняга шэсьця і мітынгу на плошчы Бангалёр. Арганізатары не парушылі гэтага рашэньня, але правялі акцыю па-свойму. На плошчу Бангалёр яны людзей не павялі, невялікі мітынг правялі на месцы збору, ля Акадэміі навук, а шэсьце скончылі на скрыжаваньні вуліц Сурганава і Куйбышава малітвай і 16 хвілінамі маўчаньня з запаленымі сьвечкамі.
У Чарнобыльскім шляху ўзялі ўдзел сябры "Моладзевага антыфашысцкага дзеяньня" з Масквы і Саюзу правых сілаў, а з Украіны прыбыў прадстаўнік Саюзу афіцэраў Украіны капітан першага рангу Яўген Лупакоў.
(Лупакоў: ) “Прыбыў да вас, каб прыняць удзел у гэтым жалобным шэсьці разам з патрыётамі Беларусі. У нас занадта шмат супольнага, у гісторыі народаў Украіны і Беларусі: разам мы былі ў імпэрыі, Чарнобыль выбухнуў ва Ўкраіне, а пацярпела і Беларусь таксама”.
Хаця ва ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху было шмат палітычных лёзунгаў, асноўны зьмест прэтэнзіяў да беларускага ўраду на гэты раз зводзіўся да спыненьня постчарнобыльскіх праграмаў і палітыкі падтрымкі вырошчваньня сельгаспрадукцыі ў забруджаных раёнах. Гаворыць адна з удзельніц маніфэстацыі:
(Жанчына: ) “Чарнобыль — гэта гора для Беларусі. Ня ўсе людзі бачаць і ведаюць, што робіцца на чарнобыльскай зямлі. Там людзі хварэюць, дзяцей не абсьледуюць... Там усё закінутае, а Лукашэнка гаворыць, хай туды людзі едуць і хай жывуць. Як там можна жыць?”
Прадстаўнікі ліквідатараў зазначалі, што яны перасталі атрымліваць патрэбнае лячэньне, а толькі малаэфэктыўныя танныя сродкі. Гаворыць Георгі Лепін, ліквідатар, які шэсьць гадоў займаўся чарнобыльскай дэзактывацыяй:
(Лепін: ) “Цяпер практычна нічога ня робіцца... Усё, што павінны былі рабіць, прыкрылі, закон ня дзейнічае, у адрозьненьне ад Расеі і Ўкраіны. Нават тыя скупыя працэнты, якія адлічваліся ад бюджэту на ліквідацыю наступстваў — 15-16%, цяпер зьнізіліся да 5%.
Такой жа думкі быў і Генадзь Грушавы:
(Грушавы: ) “Сёньня сытуацыя нават горшая, чым была 16 гадоў таму. Што робіць урад, што робіць дзяржава? Хлусьня ўзору 1986 году паўтараецца сёньня. Усім вядома: нельга вяртацца ў гэтую сьмяротную зону — але вяртаюць. Усім вядома: трэба бараніць здароўе дзяцей, дапамагаць інвалідам — але спыняюць дапамогу. Усім вядома, што нельга ладзіць там вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі — але яе вырабляць усё больш і больш”.
У агучаным звароце ўдзельнікі акцыі запатрабавалі ад ураду спыніць гэтую практыку, паведаміць праўду пра стан здароўя людзей у забруджаных раёнах і неадкладна вызваліць прафэсара Бандажэўскага ды стварыць яму ўмовы для далейшых дасьледаваньняў.
Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што сёньняшняя акцыя пакліканая зьняць страх, які цяперашні рэжым сее ў галовах грамадзянаў, і акцыя ў гэтым пляне ўдалася.
(Вячорка: ) “Мы паказалі, што мы можам быць мірнымі, што мы можам быць патрабавальна мірнымі. Але гэта зусім ня значыць, што калі нас будзе 40-50 тысяч, мы ня зможам размаўляць інакш... Сёлета чарнобыльская акцыя адбывалася ў іншым міжнародным кантэксьце. Чыноўнікі ААН пачалі гаварыць у духу МАГАТЭ: давайце засяляць забруджаныя зоны. І ў гэтай сытуацыі краіне важна было паказаць, што разнародная беларуская грамадзянская супольнасьць — зусім неабавязкова толькі палітычная апазыцыя — турбуецца гэтай праблемай. Але разам з тым, гаворачы пра Чарнобыль, мы ня можам не гаварыць пра ўладу, якая тут пануе, пра ўладу антынародную”.