Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ БНФ ЛАДЗІЛІ Ў МЕНСКУ АСОБНАЕ ШЭСЬЦЕ


Любоў Лунёва, Менск

Каля сотні сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ сабраліся каля будынку Галоўнага паштамту блізу плошчы Незалежнасьці. Некалькі дзясяткаў міліцыянтаў у цывільным і ў форме зрабілі жывы ланцуг вакол натоўпу. Праз мэгафон міліцыянты папярэджвалі, каб людзі разыходзіліся, альбо праехалі на пляцоўку да Акадэміі Навук, на дазволенае ўладамі месца збору. Людзі не пагаджаліся.

Сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Лявон Ашчапоўскі патлумачыў Радыё Свабода сваю пазыцыю:

(Ашчапоўскі: ) "Мы вырашылі прайсьці па цэнтры гораду, а ня йсьці на ўскраіну. Паказаць, што гэта агульнанацыянальная трагедыя. Ня трэба яе сьцягваць на ўскраіну гораду".

Людзі, нягледзячы на папярэджаньні міліцыянтаў, калёнай пайшлі па праспэкце Францішка Скарыны. На Кастрычніцкай плошчы з аўтобусу выбеглі амонаўцы і перакрылі рух далей. Дэманстранты згарнулі сьцягі й плякаты і разышліся маленькімі групамі. Гаворыць актывіст КХП БНФ Аляксей Фралоў:

(Фралоў: ) "Ня дзіўна, што разганяюць на Цэнтральнай плошчы. У нас жа можна хадзіць толькі па балотах. Беларусы ж балотны народ — так лічаць, прынамсі, зьверху. Як гэта зьбірацца на Цэнтральнай плошчы? "Не паложана!" У гэты дзень, дзень смутку паказваць нешта такое... Няма, відаць, моцы, каб супрацьстаяць гэтай навале. Але ёсьць моц духу ў людзей. Яны выйшлі на праспэкт і зрабілі мужны крок, дайшоўшы да Цэнтральнай плошчы. Міліцыянтаў — ня ведаю, у колькі разоў болей. Дык што заставалася рабіць? Толькі разысьціся".

Юрасю Беленькаму намесьнік начальніка Маскоўскага РУУСу прапанаваў самастойна прыйсьці ў райаддзел міліцыі, каб даць тлумачэньні. Хутчэй за ўсё, міліцыянты вызначылі Юрася Беленькага як арганізатара несанкцыяванага шэсьця. Калі будзе складзены пратакол, то Юрася Беленькага могуць пакараць арыштам альбо вялізным штрафам. Частка людзей сышла ў мэтро, астатнія па праспэкце прайшлі на тралейбусныя прыпынкі. Нейкі час іх суправаджалі міліцыянты, але гэтым разам абышлося без затрыманьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG