Адметны допіс на гэтую тэму даслала нам Іна Маслоўская зь Менску:
“Мяркуючы па недзяржаўнай прэсе і па вашых перадачах, апазыцыя лічыць так званы марш 19 красавіка ўдалым. Шуму нарабілі, па расейскіх каналах разгон паказалі, да Захаду інфармацыя дакацілася. Але ўдумайцеся ў сам факт: на марш пад балючымі для большасьці людзей сацыяльнымі лёзунгамі сабралася ўсяго некалькі соцень чалавек, ды і тое галоўным чынам падлеткі. Калі б не нязграбныя дзеяньні ўлады — быў бы поўны правал. Вось пра што вам трэба біць у званы. Людзі ня вераць гэтай апазыцыі і ня хочуць ніякіх вулічных акцыяў. А таму рэжым Лукашэнкі непарушны, і нічога гэтая апазыцыя яму ня зробіць”.
На маю думку, спадарыня Іна, вы ў сваіх развагах наконт грамадзкай пасіўнасьці ня ўлічваеце адну надзвычай важную ва ўмовах цяперашняй Беларусі абставіну — страх. Гэта зусім зразумелы страх чалавека, які рызыкуе, выйшаўшы на дэманстрацыю, атрымаць пад дых міліцэйскім ботам, а потым правесьці два тыдні ў сьмярдзючай камэры альбо выплочваць вялізны штраф, сувымерны са сваім гадавым заробкам. Апроч таго, зусім магчыма, што пасьля гэтага яго чакаюць вялікія непрыемнасьці на працы, якія могуць адбіцца і на сям’і. Ці можна ў такіх умовах дакараць тых людзей, якія апасаюцца выходзіць на акцыі апазыцыі, хоць і цалкам падзяляюць настроі тых, хто пратэстуе? Па-мойму, менавіта гэта, а не абыякавасьць да ідэяў і заклікаў апазыцыі ёсьць галоўнай прычынай нешматлюднасьці падобных шэсьцяў.
Ліст ад Алеся Шустоўскага з Барысава:
“У шмат якіх гарадох Беларусі (у тым ліку ў Менску) ёсьць вуліцы, названыя імем вядомага бальшавіцкага дзеяча Ўрыцкага. Звычайна людзі не задумваюцца, чым вызначыўся гэты паплечнік Леніна. А задумацца варта было б. З часу грамадзянскай вайны Ўрыцкі застаўся ў памяці тагачасных жыхароў Петраграду як люты драпежнік, які наладжваў паляваньні на людзей. З сакавіка па жнівень 1918 году ён узначальваў Петраградзкую ЧК. Разам са сваімі памочнікамі па тэлефонных даведніках адшукваў прозьвішчы і хатнія адрасы выбітных і ўплывовых навукоўцаў, інжынэраў, сьвятароў, лекараў — і арыштоўваў іх як так званы “асабліва небясьпечны і шкодны элемэнт”.
Лёс пераважнай большасьці тых, хто трапляў у засьценкі ЧК, трагічны — людзі дамоў не вярталіся.
За гэтыя мэтады навядзеньня рэвалюцыйнага парадку Майсей Урыцкі ўрэшце паплаціўся й сам — 31 жніўня 1918 году яго забілі эсэры.
Дык чыё імя ўвекавечанае ў назвах беларускіх вуліц? Ці не настаў час аднавіць гістарычную справядлівасьць — вярнуць вуліцам іх першапачатковыя назвы альбо назваць іх імёнамі сапраўды слынных сыноў і дачок нашай зямлі? Зрэшты, асобныя бяскрыўдныя назвы савецкай эпохі, лічу, можна пакінуць — для прыкладу, бульвары Рэвалюцыі, вуліцы імя 30-годзьдзя ВЛКСМ альбо 50 гадоў БССР... Гэта трэба, каб нашчадкі ведалі пра атавізмы савецкай сыстэмы, пра эпоху камунізацыі, якую давялося перажыць іхным продкам”.
Відавочна, ня толькі пра бальшавіцкага чэкіста Ўрыцкага варта згадваць, разважаючы наконт гэтай праблемы. Дзяржынскі, Апанскі, Калінін, Кнорын, Фрунзэ — гэтыя і многія іншыя імёны знатных бальшавікоў, якія пакінулі крывавы сьлед у беларускай (і ня толькі беларускай) гісторыі да сёньня ўвекавечаныя ў назвах вуліц, плошчаў, калгасаў... Праўда, калгасы, дэградуючы і распадаючыся, зьнікаюць разам з бальшавіцкімі імёнамі, але ў цэлым гэта, зразумела, праблему не вырашае.
І зусім відавочна, што сёньняшняя ўлада вырашаць яе ня будзе. Бальшавіцкія назвы, ленінскія манумэнты, чырвоныя сьцягі — гэта і яе сымбалі. Вельмі верагодна, што разам са зьменай улады настане чарга і зьмены гэтых сымбаляў, якія ва ўсіх іншых постсавецкіх краінах яшчэ дзесяць гадоў таму сталі здабыткам гісторыі.
Кароткі ліст ад Алены Сьвістуновай зь Бешанковіцкага раёну:
“Пачула па Свабодзе, нібыта можа стацца так, што Лукашэнка застанецца кіраваць Беларусьсю і пасьля таго, як скончацца чарговыя пяць гадоў ягонага кіраваньня. Няўжо гэта законна і няўжо нічога нельга зрабіць, каб прымусіць яго выконваць закон?”
У 1994 годзе Аляксандра Лукашэнку выбралі на пяць гадоў, але ў 1999 ніякіх выбараў не было. У 2006 годзе, пасьля дванаццаці гадоў знаходжаньня пры ўладзе, у Аляксандра Лукашэнкі нават паводле ягонай канстытуцыі, прынятай зь вялікімі парушэньнямі ў 1996 годзе, ня будзе ніякіх законных падставаў, каб балятавацца на новых прэзыдэнцкіх выбарах. Але апазыцыя, памятаючы сумны досьвед мінулага, ужо сёньня непакоіцца — ці не задумаў Лукашэнка новы рэфэрэндум, каб не аддаваць уладу. І падставы для такога непакою, несумненна, ёсьць.
Ліст ад слухача, які не задаволены музычным афармленьнем і музычнымі праграмамі беларускай Свабоды. Васіль Пракопаў з Асіповічаў піша:
“Мяне вельмі зьдзіўляе музычнае афармленьне вашых праграмаў. Часам можна чуць, як нейкі чалавек, дзеручы глотку, паведамляе, што ён “нарадзіўся тут”. Мяркуючы па тым, якімі рытмічнымі выкрутасамі суправаджаецца ягонае паведамленьне, ён нарадзіўся ня тут, а хутчэй за ўсё недзе ў Афрыцы, ці, можа, на Кубе. Дык, можа, хай і сьпявае там, дзе існуюць такія рытмы.
А яшчэ вось ужо чацьверты месяц, як у вас гучыць так званая “Мэлёдыя дня”. Штодня я спадзяюся, што, можа, хоць сёньня прагучыць што-небудзь людзкае. Але дарэмна: як і напярэдадні, вы даяце слухаць усё тую ж прымітыўную “папсу”.
У сувязі з гэтым хачу запытацца: на што трацілі сілы і час Шырма і Цітовіч, зьбіраючы беларускія народныя песьні, калі яны не патрэбныя нават на Радыё Свабода?”.
Думаю, вы і сам, спадар Пракопаў, ведаеце, што беларуская музыка ня зводзіцца да фальклёрных ды псэўдафальклёрных мэлёдыяў і сьпеваў. Хоць зусім нядаўна толькі гэтае месца ёй і адводзілі. Гэтак сама, як беларускай нацыянальнай культурай лічылі толькі рушнікі, вышыванкі, лапці ды пеўняў з саломкі.
Беларускае музычнае мастацтва разнастайнае і шматжанравае. Нацыянальна арыентаваная беларуская моладзь сьпявае ня тыя песьні, якія падабаюцца старэйшаму пакаленьню. І гэта, на маю думку, зусім натуральна і вытлумачальна.
Зьміцер Майсеенка зь нямецкага горада Зольнгофэна піша:
“Я — сталы слухач вашых перадачаў. Шчыра падтрымліваю ваш пункт гледжаньня на падзеі ў Беларусі і сьвеце. У той жа самы час мяне вельмі цікавіць беларуская мова, якой вы карыстаецеся. Ня вельмі падабаецца чуць, калі размаўляюць на пасьлярэформеннай мове, падагнанай да расейшчыны, а то і зусім на “трасянцы”. Яшчэ не магу хваліцца сваімі ведамі беларускай мовы, але імкнуся набыць як мага больш літаратуры па граматыцы менавіта той мовы, якую вы выкарыстоўваеце. Лічу абавязкам свае веды беларускай мовы перадаць дзецям, дзеля гэтай мэты й зьбіраю адпаведную літаратуру”.
Дзякуй вам, Зьміцер, за ўвагу да нашай працы. Прыемна даведацца, што нават далёка ад радзімы вы дбаеце пра тое, каб дзеці захавалі сувязь з Бацькаўшчынай.
На заканчэньне — ліст ад Міхася Віценчыка зь Вялікай Брытаніі, які жыве недалёка ад ангельскага гораду Лідз-Шэфільда. Спадар Віценчык распавядае, што часта слухае беларускую Свабоду, лічыць большасьць перадачаў зьмястоўнымі і цікавымі, а таксама паведамляе сумную вестку:
“4-га красавіка памёр Янка Колбаса — былы сябра і актыўны дзеяч Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі, а таксама былы сакратар аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Вялікай Брытаніі. Нябожчык пакінуў добрую памяць пра сябе. У Беларусі ў яго засталося шмат радні, і варта было б, каб да іх дайшла гэтая сумная вестка”.
Падзяляем ваш смутак, спадар Міхась, і выконваем вашую просьбу.
На мінулым тыдні нам таксама даслаў ліст Андрэй Бурсаў зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.