Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА З ДВУХДЗЁННЫМ ВІЗЫТАМ НАВЕДАЎ ГОМЕЛЬСКУЮ ВОБЛАСЬЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Першым месцам, куды прыляцеў на гелікоптэры Аляксандар Лукашэнка, быў рачны порт у Мазыры. Тут на спэцыяльна прыгнаным зь Пінску і дасьледаваным сапёрамі і кінолягамі дзвюхпалубным цеплаходзе пад назовам “Віцебск” Лукашэнка правёў нараду зь міністрамі-рачнікамі на тэму ажыўленьня дзейнасьці беларускага рачнога параходзтва.

Рачнікі праз выкарастаньне караблёў клясы “рака-мора” хочуць падвоіць экспартную перавозку калійных угнаеньняў у краіны Заходняй Эўропы праз мазырскі порт, рэкі Прыпяць і Дняпро, з выхадам у Чорнае мора. Салігорскія калійшчыкі на такі шлях ідуць неахвотна, карыстаюцца таньнейшым і больш апэратыўным чыгуначным транспартам. Да таго ж, Украіна не жадае абслугоўваць на сваёй паўночнай тэрыторыі беларускія рачныя караваны, менавіта ў забруджаных пасьля Чарнобылю водах Прыпяці і Дняпра, дзе суднаходзтва наагул не вядзецца.

У другой палове дня Аляксандар Лукашэнка з Мазыра прыляцеў у абласны цэнтар на будоўлю спэцдыспансэра радыяцыйнай мэдыцыны. У адрозьненьне ад лядовых палацаў, неабходная пацярпелым ад Чарнобылю людзям мэдычная ўстанова ўзводзіцца ўжо амаль 9 гадоў, і гэта нягледзячы на тое, што кіраўнік дзяржавы наведвае яе ўжо ў трэці раз.

Міністэрства аховы здароўя і ягоная Гомельская ўправа просяць для ўводу напачатку хаця б аднаго лекава-дыягнастычнага корпусу спэцдыспансэра 10 мільёнаў даляраў і 10 мільярдаў беларускіх рублёў. Начальнік рэгіянальнай управы аховы здароўя Мікалай Крысенка кажа, што дыспансэр патрэбны для дасьледаваньня і лекаваньня людзей, што пацярпелі ад малых доз радыяцыі:

(Крысенка: ) “Сёньня пацыенты раскіданыя, хто ў анкалёгіі, хто ў гематалёгіі, хто ў эндакрыналёгіі. Няма адзінага цэнтру, які б аб’яднаў усе вядомыя наступствы ўзьдзеяньня радыяцыі на здароўе людзей”.

За 10 апошніх гадоў толькі на рак шчытападобнай залозы захварэлі ў рэгіёне амаль 3000 чалавек, у тым ліку 460 дзяцей і падлеткаў. У апошні год рэзка ўзрасла колькасьць захворваньняў на вострыя лейкозы. Злаякасныя пухліны і сардэчна-сасудзістыя захворваньні спрычыняюцца да 71% сьмерцяў жыхароў рэгіёну. Заўтра Аляксандар Лукашэнка наведае Чачэрскі раён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG