“Палітычная геаграфія”. Краснаполье
Краснапольскі раён Магілёўскай вобласьці – у сьпісе найбольш пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. Адсюль выехала амаль 10 тысяч чалавек – усе, хто меў магчымасьць і сілы кінуць забруджаныя радыяцыяй дамы.
Чарговы выпуск “Палітычнай геаграфіі” распавядае пра тых, хто не захацеў выяжджаць з Краснаполья. Сярод іх – гаспадар унікальнага прыватнага батанічнага саду, маскоўскі юрыст, які вырасьціў тут каля паўсотні відаў экзатычных дрэваў.
“Беларуская Атлянтыда”
Заўтра гаворка пойдзе пра цьвікі – звычайную і традыцыйную будаўнічую прыладу. Але чаму пасьля пажару вяртаюцца людзі на папялішча і зьбіраюць незгарэлыя цьвікі, каб пасьля зноў іх выкарыстаць? Госьць перадачы археоляг і гісторык Алег Трусаў лічыць, што ня толькі з прычыны народнага характару – ніколі нічога не выкідаць. Цьвік ва ўяўленьнях беларусаў – яшчэ і сымбаль аднаўленьня, і паказчык заможнасьці. Па той колькасьці цьвікоў, якія знайшлі археолягі ў слаях Ваўкавыску і Наваградку, гісторыкі зрабілі выснову, што на беларускіх землях у той час узровень жыцьця быў адпаведны самым разьвітым эўрапейскім дзяржавам.