Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАРЭСПАНДЭНТА НТВ ПАСЬЛЯ ЗАЯВЫ ЛУКАШЭНКІ ВЫКЛІКАЛІ Ў БЕЛАРУСКАЕ МІНІСТЭРСТВА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ


Алесь Грыневіч, Менск

Учора ў сваім штогадовым пасланьні нацыянальнаму сходу Беларусі Аляксандар Лукашэнка назваў перадузятымі рэпартажы менскага карэспандэнта расейскай тэлекампаніі НТВ Паўла Селіна. Беларускі кіраўнік пагражаў, што Павел Селін болей ня будзе працаваць у Беларусі, калі ня зьменіць накіраванасьць сваіх матэрыялаў. Аляксандра Лукашэнку асабліва абурыла асьвятленьне не дазволенага ўладамі апазыцыйнага шэсьця 19 красавіка, калі міліцыя і ўнутраныя войскі ўжылі гвалт супраць дэманстрантаў.

Сёньня спадара Селіна выклікалі на размову ў камісію па акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў Беларусі. Для яго гэта ўжо другі такі выклік — сёлета ў студзені міністэрства выказала незадаволенасьць сюжэтам пра арышт генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава. Расейскі карэспандэнт кажа, што пакуль ня ведае, чым для яго можа скончыцца цяперашняя размова.

(Селін: ) "Па праўдзе, ня ведаю, ці будуць нейкія сур'ёзныя захады, ці як абышлося мінулым разам — ад нас запатрабавалі, калі вы памятаеце, давесьці да ведама нашых гледачоў пазыцыю беларускага Міністэрства замежных справаў. Ня ведаю, пакуль не хацелася б ніяк камэнтаваць гэтую сытуацыю. Адзінае, што магу сказаць — мне яна непрыемная, бо я выконваю свае прафэсійныя абавязкі, і болей нічога".

Беларускія ўлады маюць даўнюю гісторыю канфліктаў з прадстаўнікамі расейскіх тэлеканалаў. У 1997 годзе зь Беларусі быў высланы тагачасны менскі карэспандэнт НТВ Аляксандар Ступнікаў, якога зьвінавацілі ў перадузятым асьвятленьні падзеяў у краіне. Атрымліваў папярэджаньне Міністэрства замежных справаў Беларусі і колішні кіраўнік менскага карпункту расейскага тэлеканалу ОРТ Павал Шарамет. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова вінаваціў расейскія тэлеканалы ў неаб'ектыўным асьвятленьні сытуацыі ў Беларусі.

Віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў кажа, што, на ягоную думку, рэпартаж Паўла Селіна пра разгон дэманстрацыі 19 красавіка быў цалкам прафэсійны і аб'ектыўны. Адзіны закід на адрас расейскіх тэлекарэспандэнтаў у Беларусі, лічыць спадар Мельнікаў, можа быць у тым, што яны мала паказваюць цяжкае жыцьцё простых беларусаў. Такія рэпартажы маглі б растлумачыць, чаму людзі выходзяць пратэставаць на вуліцы, кажа віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

(Мельнікаў: ) "Калі хочаце, каб людзі не выходзілі на вуліцы, дык, можа, дайце ім магчымасьць жыць па-людзку. Тады ня будзе ўсіх гэтых эксцэсаў. А калі эксцэсы ўжо ўзьніклі, дык яны ёсьць, і карэспандэнт іх адлюстроўвае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG