Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСКІХ ШКОЛАХ СПРАБУЮЦЬ РЭАНІМАВАЦЬ ПІЯНЭРСКІ РУХ


Ігар Карней, Менск

Я сам стаўся сьведкам таго, як у 4-ай нацыянальнай гімназіі Менску адна з настаўніцаў у часе бацькоўскага сходу агітавала бацькоў тэрмінова пісаць адпаведныя заявы: маўляў, напярэдадні юбілею можа стацца праблема з піянэрскімі гальштукамі. А ці хочуць ісьці ў піянэры самі дзеці? Пра гэта я запытаўся ў адной з гімназыстак, якая якраз дасягнула, так бы мовіць, піянэрскага ўзросту.

(Гімназыстка: ) "Да нас прыходзіла намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы і запрашала ўступаць ў піянэры. Яна казала, што піянэрамі быць вельмі добра, што мы будзем шукаць продкаў да пятага калена, а потым нас пакажуць па тэлебачаньні. Але ў нас ужо ёсьць арганізацыя для малодшых школьнікаў — "Верасяты". Арганізацыя працуе разам з Таварыствам беларускай мовы. Мне падабаецца ўдзельнічаць у жыцьці гэтай арганізацыі, і таму я ня ведаю, ці патрэбна мне быць піянэрам".

Няма радасьці ад піянэрскай пэрспэктывы іхных дзяцей і ў бальшыні бацькоў. Адна з мамаў прыгадвае, як колісь яна вымушаная была год адпрацаваць піянэрважатай, і ейны ўласны досьвед пацьвярджае, што піянэрскі рух — фікцыя.

(Маці патэнцыйнай піянэркі: ) "Яшчэ раней хадзілі чуткі, што адраджаецца гэтая палітычная арганізацыя для дзяцей. Мы цешыліся спадзяваньнямі, што да беларускай гімназіі гэта ня дойдзе. Але зусім нядаўна на бацькоўскі сход прыходзіла кіраўніцтва школы... Нават ня ставіцца пытаньне: жадаем мы ці не, каб дзеці былі піянэрамі. Адразу — колькі будзем зьбіраць грошай, каб набыць гальштукі. Я ў 1987 годзе працавала ў школе піянэрважатай і бачыла на ўласныя вочы, як паступова і піянэрская, і камсамольская арганізацыі сыходзілі "на нуль". Прайшлі паўтара дзясятка гадоў, вырасьлі свае дзеці, і ні ў якім сьне не магло прымроіцца, што зноўку будуць піянэры, што нашая дачка будзе хадзіць у чырвоным гальштуку".

Меркаваньне ж органаў адукацыі адносна ініцыятывы рэанімацыі піянэрскага руху, аднаго з сымбаляў савецкага часу, наадварот, станоўчае. Гаворыць супрацоўніца аддзелу выхаваўчай працы Міністэрства адукацыі Ганна Віктарава:

(Віктарава: ) "Я лічу, што ў іх вельмі цікавая форма працы. Ім ня ўсё роўна, куды трапяць дзеці, якія пройдуць школу арганізаванага руху, пасьля сканчэньня піянэрскага ўзросту. Піянэры зараз вельмі цікавыя. Гэта наагул адна з рэдкіх арганізацыяў, якая сапраўды працуе. Іншая справа, што на месцах гэта часам скажаецца, успрымаецца ня так, як патрэбна. І тады гэта адпалохвае і дзяцей, і дарослых. Сілавымі мэтадамі нельга прыцягваць у арганізацыю, яна сама павінна зацікавіць дзяцей. І калі дзеці выкажуць жаданьне, вось тады яны могуць стаць сябрамі арганізацыі".

Сярод праграмаў, якія прапануе Цэнтральны савет піянэрскай арганізацыі, мала чагосьці прынцыпова новага. Прыкладам, доўгатэрміновая акцыя "Гісторыя гальштука ў маёй сям'і" бярэ пачатак ад моманту ўтварэньня савецкай піянэрыі ў 1922 годзе. Праўда, якая гісторыя можа быць у насьпех створанага чырвона-зялёнага беларускага гальштука, не бяруцца адказаць нават самі арганізатары. Затое прэзыдэнт Беларускай скаўцкай асацыяцыі Ігар Касьцевіч прыгадвае, што колісь піянэры будавалі сваю арганізацыю паводле мадэлі скаўтаў. Адзінае, на што 80 гадоў таму не пашкадавалі сілаў і часу — дык гэта на выпрацоўку ідэалягічнай лініі.

(Касьцевіч: ) "У 1922 годзе Крупская ў адным з артыкулаў наўпрост пісала: усё лепшае трэба ўзяць у скаўтаў. Таму піянэры базуюцца на скаўцкім матэрыяле — ад чырвонага гальштука, які колісь сымбалізаваў касьцёр, і да атрыбутаў: горн, барабан і г.д. Калі б не залішняя ідэалягізаванасьць, магла быць прыстойнай арганізацыяй. Скаўты — гэта арганізацыя спэцыфічная: сюды ўваходзяць людзі дастаткова заможныя. Больш масавая, натуральна, піянэрская. Калі яны бяруць ад нас толькі лепшае, няхай бяруць. Але самае галоўнае для іх зараз — гэта гульні".

Гульня — улюбёны занятак дзяцей. Але ці захочуць сёньня і яны самі, і іхныя бацькі гуляць у палітычныя гульні, правілы якіх адрынуў час?

(Маці патэнцыйнай піянэркі: ) “Сьвет зьмяніўся цягам гэтага часу, трэба прапанаваць новыя ідэі. Навошта вяртацца ў мінулае? Больш за тое — цягнуць у гэтае мінулае дзесяцігадовых дзяцей?"

Такое меркаваньне найбольш характэрнае для бацькоў 4-й нацыянальнай гімназіі Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG