Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ НЕ ДАЗВОЛІЛІ ПРАВЯДЗЕНЬНЕ ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ Ў ЦЭНТРЫ МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізатары "Чарнобыльскага шляху" прасілі дазволіць збор удзельнікаў на плошчы Якуба Коласа, адкуль калёна мелася накіравацца на пляц Волі. Скочыць акцыю плянавалі малебнам за памёрлых і пацярпелых у выніку Чарнобыльскай катастрофы.

Аднак улады дазволілі сабрацца на пляцоўцы каля Акадэміі навук і адтуль прайсьці калёнай да плошчы Бангалёр. Там дазволены мітынг і ўскладаньне кветак да каменя памяці ахвярам і героям Чарнобылю.

Таму перад сябрамі аргкамітэту сёньня паўстала пытаньне што рабіць? Бо ўжо больш за тыдзень па Менску распаўсюджваюцца ўлёткі з заклікам да людзей прыйсьці 26 красавіка ўвечары на плошчу Якуба Коласа. Аргкамітэт абмяркоўваў гэтую праблему нядоўга, і вырашыў зьмяніць месца збору дэманстрантаў. Вырашылі, што людзі павінны зусім легальна прыйсьці 26 красавіка а палове шостай увечары да Акадэміі навук. Гаворыць сябра аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху" Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Улада ведае, што звычайна на "Чарнобыльскі шлях" прыходзіць вялікая колькасьць людзей. Таму яны прынялі нейкае кампраміснае рашэньне. Мы пайшлі на гэты кампраміс, бо ён нам дае нейкую тактычную прастору. Ён дае магчымасьць сабраць людзей у дазволеным месцы. У справе таго, як будзе рухацца калёна, будзем яшчэ працаваць з гарвыканкамам і праваахоўчымі органамі. Магчыма, яшчэ нешта й зьменіцца".

Арганізатры зьбіраюцца выставіць на плошчы Якуба Коласа адмысловы пікет, які будзе скіроўваць людзей да Акадэміі навук. Прадстаўнікі апазыцыі ня хочуць, каб у дзень 16-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы на менскіх вуліцах зноў ужывалі спэцсродкі й затрымлівалі людзей.

Арганізатары кажуць, што пасьля жорсткага разгону ўладамі акцыі 19 красавіка ім было б вельмі складана вывесьці шмат людзей на недазволеную дэманстрацыю. Гаворыць сябра аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху", мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) "26 красавіка — гэта ня дзень Чарнобыльскай трагедыі, гэта ня дзень сутыкненьня. Гэты дзень ахвяраў катастрофы мусіць паяднаць калі ня ўсіх, то большасьць людзей. Гэта ня дзень, калі вырашаць гэтую праблему дубінкамі й супрацьстаяньнем".

Фактычна ўсе сябры аргкамітэту падзяляюць гэтую думку, аднак канчатковы маршрут шэсьця "Чарнобыльскага шляху" будзе вызначаны 26 красавіка на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Арганізатары Шляху таксама вырашылі зьвярнуцца да буйных дзяржаўных газэтаў і да Беларускага тэлебачаньня з просьбай разьмясьціць рэкляму санкцыяванай акцыі 26 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG