Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭМ'ЕР ЧЭХІІ МІЛАШ ЗЭМАН НАЗВАЎ БЕЛАРУСЬ ПАЛІТЫЧНЫМ МУЗЭЕМ І АДМОВІЎСЯ СУСТРАКАЦЦА З ЛУКАШЭНКАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Генэральны сакратар Сацінтэрну Луіс Аяла заявіў, што дэлегацыя прыбыла ў Менск зь весткай падтрымкі і салідарнасьці зь беларускім народам. Асабліва ж яго ўразілі расповяды родных зьніклых беларускіх палітыкаў — апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Гаворыць Луіс Аяла:

(Аяла: ) “Тое, што мы ад іх пачулі, што мы ад іх даведаліся, выклікала вельмі моцную эмацыйную рэакцыю з нашага боку. Я мяркую, што трэба прыцягваць большую ўвагу міжнароднай супольнасьці да гэтай тэмы”.

Луіс Аяла асабіста паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць зварот жонак зьніклых пра стварэньне міжнароднай камісіі ў справе расьсьледаваньня гэтых таямнічых зьнікненьняў, каб у будучыні гэта не паўтаралася. У Сацінтэрне вывучэньнем гэтай тэмы зоймецца адпаведны камітэт, — заявіў генэральны сакратар гэтай арганізацыі. А Мілаш Зэман падкрэсьліў, што на наступнай сэсіі Сацінтэрну ў Касабланцы інфармацыя пра сытуацыю ў Беларусі будзе адным з пунктаў парадку дня — у тым ліку справы зьніклых беларускіх палітыкаў.

Падводзячы вынікі сваіх перамоваў у Менску, чэскі прэм'ер Мілаш Зэман заявіў, што камітэт па правах чалавека Сацінтэрну, які ён узначальвае, упэўнены, што ў Беларусі цяпер склалася складанае становішча, якое ў будучыні можа выклікаць сацыяльна-эканамічны выбух:

(Зэман: ) “Зь некаторых пунктаў гледжаньня Беларусь зьяўляецца нечым падобным на палітычны музэй. Напрыклад, цэнтральная дзяржаўная газэта па-ранейшаму называецца "Советская Белоруссия". Але гэта ня так важна, як некаторыя іншыя зьявы, зь якімі мы пазнаёміліся. Мы хацелі б дапамагчы разумнаму дыялёгу паміж дэмакратычнай апазыцыяй і ўрадам”.

Экспанатам гэтага своеасаблівага музэю, які найбольш уразіў чэскага прэм'ера, стаўся падвойны бюджэт, што існуе ў Беларусі.

Што да дыялёгу зь беларускімі ўладамі, то асабіста ў спадара Зэмана ён не атрымаўся. Паводле ягоных словаў, беларуская амбасада ў Празе шэсьць разоў спрабавала арганізаваць ягоную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам сам-насам, і шэсьць разоў спадар Зэман адмаўляў, зазначаючы, што гатовы сустракацца толькі ў складзе ўсёй дэлегацыі ўключна зь лідэрам "Народнай Грамады" Міколам Статкевічам. На гэта не пайшоў беларускі афіцыйны бок. А такая сустрэча была б праявай палітычнай мужнасьці, лічыць спадар Зэман.

У сувязі з гэтым лідэр БСДП НГ Мікола Статкевіч ня лічыць, што ўлады адразу ж адгукнуцца на "менскі заклік" да перамоваў, але патрэбная настойлівасьць:

(Статкевіч: ) “Гэта і сыгнал для беларускіх уладаў, сыгнал для нашага грамадзтва, што ўвесь сьвет уважліва назірае за тым, што тут адбываецца, і сьвету неабыякава гэта. Яшчэ для мяне гэты візыт стаўся яскравай праявай сацыял-дэмакратычнай салідарнасьці. І гэта ня словы, колькі разоў яны выцягвалі мяне з турмы, з самай безнадзейнай сытуацыі”.

Чэскі прэм'ер Мілаш Зэман неаднаразова падкрэсьліваў, што ён знаходзіцца зь недзяржаўным візытам, ён дабіраўся ў Менск на аўтамабілі, а заўтра адляціць у Прагу рэйсавым самалётам "Белавія". Кватараваў ён у звычайным турыстычным гатэлі "Беларусь", дзе нечакана ў ванным пакоі упаў і пашкодзіў нагу, так што быў вымушаны дзень хадзіць з кіёчкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG