Паводле інфармацыі райсельгасхарчу, апошнімі сёньня давяршалі сяўбу хлебаробы калгасу “Чырвоны кастрычнік”. Тут бракуе кваліфікаваных мэханізатараў, спэцыялістаў. Напачатку 1990-х гадоў жыхароў вёскі Мікулічы, цэнтру гаспадаркі, наагул адсялялі ў чыстыя раёны. Пасьля ўлады вырашылі адраджаць вёску. Але далёка ня ўсе вяскоўцы вярнуліся на забруджаныя радыяцыяй землі, дзе атрымаць нармалёвы ўраджай для харчовых мэтаў практычна немагчыма. І асабліва, калі палеткі не атрымліваюць належных дозаў угнаеньняў.
Распавядае начальнік Брагінскага райсельгасхарчу Пётр Кудан:
(Кудан: ) “Забясьпечанасьць угнаеньнямі такая: азотам — 31%, фосфарам — 46%, каліем — 56%. Сярэдні паказьнік — 47%”.
Мінэральныя ўгнаеньні зьніжаюць пераход радыёнуклідаў цэзію і стронцыю ў расьліны. Аднак забесьпячэньне забруджаных раёнаў чыноўнікі падзялілі як бы на дзьве плыні — асноўныя дозы і дадатковыя. Дадатковыя фінансуюцца зь бюджэту праз чарнобыльскі камітэт, асноўныя — міністэрствам сельскай гаспадаркі.
Брагінскі раён пакуль з так званых асноўных дозаў не атрымаў ні кіляграма калійных і фосфарных угнаеньняў.
Аграхімік Мікалай Пакрышка заўважыў, што паўтараецца леташняя сытуацыя:
(Пакрышка: ) “Далі асноўныя дозы ў тым годзе толькі пасьля прыезду прэзыдэнта, пасьля 26 красавіка”.
А да гэтага часу гаспадаркі ня толькі Брагінскага, але і іншых забруджаных раёнаў ужо закончылі сяўбу. Зразумела, без патрэбных угнаеньняў. У выніку ў рэгіёне было атрымана каля 17 тысяч тонаў збожжа, у якім стронцый перавышаў усе дапушчальныя нормы. У многіх гаспадарках стронцый сапсаваў таксама і ўраджай бульбы.