Паводле афіцыйных крыніцаў, "Лукашэнку цікавіла сыстэма падрыхтоўкі спэцыялістаў ва ўнутраных войсках". Яму прадэманстравалі, як собраўцы могуць наводзіць парадак падчас вулічных забурэньняў, а таксама паказалі баявую тэхніку, прызначаную для разгону дэманстрантаў. Служачыя часткі адрапартавалі, што толькі ў гэтым годзе імі было затрымана за адміністрацыйныя правапарушэньні каля 2000 грамадзянаў.
Неафіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што галоўнай мэтай гэтага візыту Лукашэнкі было прадэманстраваць асабістую падтрымку падпалкоўніку Паўлічэнку, які нібыта сапсаваў адносіны з кіраўніцтвам міністэрства ўнутраных справаў.
Нагадаем, у лістападзе 2000 году Зьміцер Паўлічэнка быў затрыманы паводле падазрэньняў у датычнасьці да выкраданьня Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, але неўзабаве выйшаў на волю. Аляксандар Лукашэнка пазьней сам прызнаў, што менавіта дзякуючы ягонаму ўмяшальніцтву Паўлічэнка быў вызвалены з-пад варты. Лукашэнка заявіў, што не сумняецца ў "сумленнасьці афіцэра Паўлічэнкі". Сам Зьміцер Паўлічэнка называе размовы пра ягоную датычнасьць да зьнікненьня вядомых апазыцыянэраў "плёткамі і паклёпам".