Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ Ў АБСЭ ЗАКЛІКАЕ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ПРАЦЯГНУЦЬ ВІЗУ МІШЭЛЮ РЫВАЛЬЕ


Юры Сьвірко, Вена

Амэрыканская дэлегацыя распаўсюдзіла тэкст учорашняга выступу амбасадара Стывэна Мінікеса, прадстаўніка ЗША ў АБСЭ тут у Вене. У гэтай заяве ЗША падтрымліваюць дзейнасьць Кансультацыйна-назіральнай групы ў Менску. Заява адзначае, што дзейнасьць групы мусіць “працягвацца й разьвівацца”.

Амэрыканцы заявілі, што Мішэль Рывалье – “найвышэйшы прадстаўнік АБСЭ ў Беларусі, і мы заклікаем Беларусь неадкладна падоўжыць ягоную візу”. Амэрыканцы адзначаюць, што дачыненьні між АБСЭ і Беларусьсю ўвасабляюцца ў працы тых асобаў, якія прадстаўляюць гэтую арганізацыю як сябры місіі АБСЭ ў Беларусі. І тое, што беларускія ўлады працягваюць перашкаджаць КНГ, – гэта ня толькі парушае прынцыпы, на якіх была АБСЭ заснаваная, але й “што найбольш прыкра – гэта супярэчыць жаданьню Беларусі скончыць з самаізаляцыяй”.

Старшыня Сталае Рады АБСЭ запатрабаваў ад Беларусі тлумачэньняў наконт высылкі Мішэля Рывалье. Афіцыйнай рэакцыі беларускага боку не было – зрэшты, можна сказаць, што гэта й ёсьць рэакцыяй. Я спрабаваў даведацца афіцыйную рэакцыю беларускага боку, дасылаў электроннай поштай лісты ў беларускую амбасаду ў Вене, тэлефанаваў туды.

Сёньня раніцай я вырашыў наведаць амбасаду ў Вене – мяне туды не пусьцілі, сказаўшы, што амбасада – гэта не музэй. Але хачу сказаць, што выглядае беларуская амбасада пэўна як музэй. На ўваходзе вісіць абвестка рэклямная наконт чарговай гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Вялізнымі літарамі напісана, што Чарнобыльская катастрофа адбылася ў 1996 годзе, а не ў 1986-м. Калі беларуская амбасада ня ведае пра Чарнобыль, то мо яна ня ведае і хто такі Мішэль Рывалье.

Учора ў АБСЭ гаварылі пра тое, што беларускае пытаньне фактычна выйшла за межы гэтай арганізацыі і павінна разглядацца Эўразьвязам і НАТО. Рэч у тым, што АБСЭ налічвае 55 сяброў, і рашэньні Сталай Рады прымаюцца кансэнсусам. (Цяпер працягваецца нарада прадстаўнікоў Эўразьвязу ў АБСЭ – магчыма, яна таксама разглядаюць беларускае пытаньне.) Але лічыцца, што наймацнейшыя арганізацыі – гэта Эўразьвяз і НАТО, якія налічваюць менш сяброў і больш структураваныя. Таму, відаць, будуць каардынаваныя дзеяньні ўсіх арганізацыяў панэўрапейскіх, каб неяк паразумецца зь беларускімі ўладамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG