Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ ЧАКАЕ ТЛУМАЧЭНЬНЯЎ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ – ЧАМУ АДМОВІЛІСЯ ПАДОЎЖЫЦЬ ВІЗУ МІШЭЛЮ РЫВАЛЬЕ?


Юры Сьвірко, Вена

Паводле старшыні Сталай Рады АБСЭ, адмова падоўжыць візу спадару Рывалье ставіць пад пытаньне нармальнае функцыянаваньне групы АБСЭ ў Менску.

(дэ Ліма Пімэнтэль: ) “Мы пачулі ад беларускага сталага прадстаўніка, што ёсьць ясны шлях з боку беларускіх уладаў – працягваць цяперашнія кансультацыі, каб вызначыць новую праграму для Кансультацыйна-назіральнай групы – праграму дзеяньняў”.

Зь іншага боку, старшыня Сталай Рады ясна заявіў, што “мы ня можам далей жыць у гэткай сытуацыі, у якой у пэўны момант некаторыя палітычныя рашэньні могуць паставіць пад пытаньне працу і нават асабістыя жыцьці пэрсаналу АБСЭ ў Менску. Ёсьць і іншыя людзі, якім неўзабаве трэба будзе працягваць візы”.

Старшыня Сталай Рады АБСЭ дадаў, што ўжо адбыліся сустрэчы з прадстаўніком Беларусі. АБСЭ зрабіла пэўныя прапановы і чакае рэакцыі. Паводле кіраўніка партугальскае дэлегацыі, пытаньне пра Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску выйшла далёка за рамкі АБСЭ.

(дэ Ліма Пімэнтэль: ) “Яно таксама закранае іншыя міжнародныя арганізацыі і ўстановы. Проста пачытайце ўчорашнюю заяву Рады Міністраў Эўразьвязу. Старшыня АБСЭ мае волю і будзе кіравацца тым, што цяперашнія і будучыя дзеяньні будуць каардынавацца ўнутры АБСЭ, з установамі АБСЭ, а таксама па-за межамі АБСЭ зь іншымі зацікаўленымі міжнароднымі арганізацыямі ды ўстановамі”.

Як зазначаюць у венскай штаб-кватэры АБСЭ, тут маюцца на ўвазе найперш Эўразьвяз і НАТО. Адказваючы на пытаньне, старшыня Сталай Рады АБСЭ адзначыў, што чакае ад Беларусі рэакцыі ў вельмі-вельмі блізкай будучыні. “Наша лінія гэткая: так, кансультацыі наконт праграмы дзеяньняў, але канкрэтнай праграмы дзеяньняў групы АБСЭ ў Менску”, – заявіў старшыня Сталай Рады.

Карэспандэнт агенцтва “France Press” пацікавіўся, ці будзе зьменены мандат групы. Старшыня Сталай Рады адказаў яму па-француску:

(дэ Ліма Пімэнтэль: ) “Я кажу пра праграму дзеяньняў, я не кажу пра мандат. Гэта дужа агульны мандат, ён неканкрэтны. Цяпер мае сэнс актуалізаваць праграму дзеяньняў”.

Старшыня Сталай Рады АБСЭ на прэсавай канфэрэнцыі сядзеў у цэнтры – між Мішэлем Рывалье і Эбэргардам Хайкенам, якога зь мінулага году спрабуюць прызначыць кіраўніком КНГ АБСЭ ў Менску. Старшыня Сталай Рады зазначыў, што гэтыя два чалавекі і надалей будуць разам са старшынём.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі я зьвярнуўся да Мішэля Рывалье з пытаньнем, што ён цяпер будзе рабіць, калі яго пазбавілі беларускай візы.

(Рывалье: ) “Шчыра кажучы, я толькі прыбыў у Вену, я не магу адказаць на гэтае пытаньне зараз. Некалькі дзён я буду тут, у Вене. Але пра далейшыя дзеяньні я неўзабаве буду ведаць”.

Рывалье сказаў мне, што для яго сюрпрызам стала шыльда, за якой сёньня сядзеў Эбэргард Хайкен: “Адмысловы пасланьнік у справах, зьвязаных з супрацоўніцтвам АБСЭ і Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG