Калектывы рэдакцыяў літаратурна-мастацкіх часопісаў, якія міністэрства інфармацыі аб'ядноўвае ў адзін мэдыя-голдынг, шукаюць спосабы выдрукаваць падрыхтаваныя да выданьня свае, яшчэ самастойныя нумары. "Полымя", прыкладам, вырашыла зрабіць два падвойныя выпускі. Трэці-чацьверты неўзабаве павінен зьявіцца да чытачоў. Галоўны рэдактар Сяргей Законьнікаў спадзяецца, што і пяты-шосты таксама ўдасца выдаць.
Чацьверты нумар "Крыніцы", як сказалі мне ў рэдакцыі, падрыхтаваны, але на ягонае выданьне няма грошай. Як не было іх атрымана ад дзяржавы і на тры папярэднія. Але рэдакцыя здолела знайсьці на іх друк патрэбныя сродкі. Спадзяецца знайсьці і на два апошнія. Два, таму што пяты-шосты будзе здвоены. Рэдакцыя вырашыла пайсьці ў бязвыплатны адпачынак, каб гэткім чынам зэканоміць на друк часопісу грошы. Але сёньня галоўны рэдактар Ала Канапелька сказала, што не падпіша такі загад, бо гэтая ахвярная акцыя калектыву ўжо ня мае сэнсу. Стварэньне голдынгу азначае, па яе словах, ліквідацыю "Крыніцы".
(Канапелька: ) "Гэта, здаецца, для нас усё. Будзе часопіс з такой назвай, але там будуць ужо іншыя людзі".
(Карэспандэнт: ) "Вы думаеце, што супрацоўнікі рэдакцыі будуць звольненыя?"
(Канапелька: ) "Думаю, што так. Нам афіцыйна пра гэта нічога не гаварылі, але, так сказаць, агентурныя звесткі пра гэта ёсьць. Больш-менш захаваным застанецца толькі калектыў рэдакцыі тыднёвіка "Літаратура і мастацтва".
(Карэспандэнт: ) "У сувязі з гэтым такое пытаньне. Ваш калектыў працуе, людзі рыхтуюць наступныя нумары. На што спадзеяцеся?"
(Канапелька: ) "Ну мы ня можам не рыхтаваць... Паміраць зьбірайся, а жыта сей..."