Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АДБЫВАЛІСЯ ЗАТРЫМАНЬНІ КУРАПАЦКІХ ВАЛАНЦЁРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

З машынаў выйшлі высокія міліцэйскія чыны і накіраваліся ў намёт валанцёраў. Пра тое, што адбылося за гэтым, распавядае сьведка Любоў Сакалоўская:

(Сакалоўская: ) “У намёт увайшло міліцэйскае начальства з Савецкага РАУСу, яны былі ў цывільным, але я пэўна ведаю, што гэта начальнікі РАУСу Савецкага раёну Менску. Яны выгналі хлопцаў на вуліцу, абражалі іх, бамжамі абзывалі, выклікалі нейкую машыну, але я ўжо пабегла тэлефанаваць. Калі я прыйшла, хлопцаў ужо не было, і флагшток быў на зямлі. І сьцяга не было, напэўна яны сарвалі, бо дагэтуль сьцяг быў. Калі я прыйшла, сьцяг быў. Яны патрабавалі пасьведчаньняў ці пашпартоў і казалі, што мы вас забіраем для высьвятленьня асобы”.

Нам стала вядома, што кіраваў гэтай апэрацыяй “праверкі пашпартоў” начальнік Савецкага райаддзелу міліцыі Менску спадар Бусло. Як вынік, міліцыянты затрымалі чацьвярых валанцёраў – Алеся Поклада, Васіля Парфянкова, Антона Шкурынскага і дзяўчыну Машу. Дзе цяпер затрыманыя – невядома. Дзяжурныя Савецкага райаддзелу міліцыі і найбліжэйшага да Курапатаў пастарунку міліцыі заявілі мне, што людзей з такімі прозьвішчамі з Курапатаў не прывозілі.

Неўзабаве пасьля затрыманьня валанцёраў у Курапаты прыехалі актывісты палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў. Вось як пракамэнтаваў зарыманьні валанцёраў лідэр Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Рэжым паказаў свой зьвярыны ашчэр – гэткі тыповы чарнасоценны. Гэта фашызм, вандалізм і гвалт. Вельмі характэрна, што гэта адбылося менавіта сёньня – тады, калі мы падалі заявы ў Камітэт барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і ў пракуратуру. Мы падалі заявы пра тыя сыстэматычныя правакацыі й зьбіцьці, што адбываліся тутака. Два хлопцы, што забралі, – яны напярэдадні выйшлі са шпіталю, іх зьбіў невядома хто. Так вось, сёньняшнія падзеі – адказ улады на тое, як яна ставіцца да сваіх грамадзянаў”.

А вось меркаваньне актывіста БНФ Вячаслава Сіўчыка:

(Сіўчык: ) “Гэтую атаку можна было прадбачыць. Улады рабілі ўсё, каб выцесьніць адсюль валанцёраў, і тое, што сёньня яны правялі зачыстку, – гэта невыпадкова. Наступ на Курапаты працягваецца. У нашай краіне апошнім часам, на вялікі жаль, мала што адбываецца. Натуральна, курапацкая варта была ўладам як стрэмка ў воку, яна іх раздражняла – аж да самых вярхоў. Цяперашні акупацыйны рэжым цудоўна разумее, што такое Курапаты, і таму ён зацікаўлены, каб ніхто сёньня Курапаты не бараніў”.

Месцы затрыманых валанцёраў у намёце сёньня ноччу зоймуць іншыя іхныя калегі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG