Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ НЕ ПАДОЎЖЫЛІ АКРЭДЫТАЦЫЮ ВЫКАНАЎЦУ АБАВЯЗКАЎ КІРАЎНІКА КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Раніцай спадар Рывалье правёў паседжаньне Кансультацыйна-назіральнай групы. Ён папярэдзіў прысутных, што ў выпадку яго ад'езду зь Беларусі кіраваць групай далей будзе Эндру Карпэнтэр. Такім чынам, пасьля таго, як Менск пакінулі Ганс-Георг Вік і Мішэль Рывалье, тут засталіся толькі тры замежныя супрацоўнікі: Эндру Карпэнтэр зь Вялікабрытаніі, Аліна Жасану з Малдовы і Мэган Фітцджэральд са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Апошняя, дарэчы, прыехала ў Менск толькі сёлета.

На просьбу пракамэнтаваць сытуацыю вакол яго асобы Мішэль Рывалье сказаў наступнае:

(Рывалье: ) "У дадзены момант, згодна з дыпляматычнай практыкай, я не магу камэнтаваць пытаньні, што тычацца дыпляматычных адносінаў".

Я пацікавіўся таксама, ці ня думае выканаўца абавязкаў кіраўніка КНГ застацца ў Беларусі, калі нават улады не падоўжаць яму акрэдытацыю? Высьветлілася, што такога дэмаршу ня будзе:

(Рывалье: ) "Тэрмін маёй візы і маёй акрэдытацыі скончацца сёньня. Таму і краіну я пакідаю сёньня".

Мішэль Рывалье працаваў у КНГ амаль чатыры гады. Спачатку ён быў адказным за заканадаўчыя праблемы, найперш выбарчы кодэкс. У ягоныя абавязкі ўваходзілі кантакты зь сябрамі палаты прадстаўнікоў і прадстаўнікамі апазыцыі, якія распрацоўвалі выбарчае заканадаўства. Пасьля таго, як два гады таму зь Беларусі зьехаў намесьнік амбасадара Віка Ганс-Пітэр Кляйнэр, да сп. Рывалье перайшлі ягоныя абавязкі. А сёлета ён ужо кіраваў усёй групай. У адрозьненьне ад даволі жорсткага і настойлівага амбасадара Віка, сп. Рывалье выглядаў больш мяккім, талерантным і кампрамісным. Аднак беларускія ўлады праігнаравалі і гэты фактар. Чаму яны на гэта пайшлі?

Вось як адказвае на гэтае пытаньне Ўладзімер Нісьцюк, які ёсьць сябрам сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і таму часта кантактуе з КНГ АБСЭ:

(Нісьцюк: ) "Улада паставіла сабе такую мэту — група АБСЭ павінна сысьці зь Беларусі. Яна шкодзіць уладзе, якая хоча рабіць усё, што яна хоча, і якой не патрэбныя ніякія назіральнікі, кансультанты і гэтак далей. Дзеля гэтага выдумалі тэзу, што АБСЭ — гэта штаб-кватэра беларускай апазыцыі. Выдумалі шмат якія ідэі, зьвязаныя з тым, што гэтая група шмат грошай уклала ў беларускую апазыцыю, каб супраць улады яе настроіць і гэтак далей. Уладзе не патрэбны назіральнік звонку, які можа аб'ектыўна ацаніць сытуацыю і даць сваю ацэнку ўсяму сьвету. Мне бачыцца, што гэта мэтанакіраванае выжываньне групы зь беларускай тэрыторыі".

Што да беларускіх уладаў, дык яны, як і раней, адмаўляюцца камэнтаваць гэтую сытуацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG