Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СУСТРЭНЕЦЦА ПАЎЭЛ З АРАФАТАМ?


Віталь Цыганкоў, Прага

Яшчэ сёньня ў пачатку дня было аб’яўлена, што прызначаная сустрэча Паўэла і Арафата не адбудзецца з-за апошняга тэрарыстычнага акту, учыненага палестынцамі. Паводле прэсавага сакратара Дзярждэпартамэнту Рычарда Баўчэра, Паўэл запатрабаваў ад Арафата асудзіць тэракты.

У сярэдзіне дня, пасьля сустрэчы з рэлігійнымі лідэрамі ў Ерусаліме, ужо сам Паўэл заявіў, што яшчэ не прыняў рашэньня наконт сустрэчы зь лідэрам палестынцаў. А ўжо ў другой палове дня Ясір Арафат абнародаваў сваю заяву, у якой асудзіў “любыя праявы гвалту супраць цывільных грамадзянаў – ізраільцаў альбо палестынцаў”. Так што пытаньне, ці адбудзецца сустрэча Коліна Паўэла і Ясіра Арафата, якую афіцыйны Ізраіль называе “трагічнай памылкай”, застаецца адкрытым.

Тымчасам палестынцы заклікалі ААН стварыць камісію расьсьледаваньня “бойні ў лягеры ўцекачоў у Джыніне”. Амаль тыдзень ізраільскія войскі з боем бралі лягер пад кантроль. Зьяўляліся супярэчлівыя зьвесткі пра колькасьць ахвяраў сярод палестынцаў. Спачатку было аб’яўлена пра сотні забітых, потым прайшло ўдакладненьне, што сотнямі вымяраецца колькасьць усіх ахвяраў – забітых і параненых.

Праваабарончыя арганізацыі кажуць пра гуманітарную катастрофу – трупы палестынцаў ляжаць непахаванымі па ўсім лягеры. Аднак ізраільскі вярхоўны суд загадаў арміі не праводзіць пахаваньні целаў забітых палестынцаў – як адказ на абвінавачаньні, што ізраільцы закопваюць трупы палестынцаў у масавых магілах.

Тым часам генэральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў накіраваць у рэгіён міжнародны міратворчы кантынгент, каб спыніць эскаляцыю гвалту. Анан зрабіў гэтую заяву ў Жэнэве на сэсіі Ведамства ў справе правоў чалавека. Міратворчы кантынгент на палестынскіх тэрыторыях можа быць разьмешчаны толькі пасьля прыняцьця адпаведнай рэзалюцыі й з дазволу Ізраілю. Дасюль Ізраіль выступаў супраць гэтай ініцыятывы, патрабуючы ў якасьці папярэдняй умовы мірнага пагадненьня з палестынцамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG