Учора дзеля гэтага зьбіралася Галоўная ўправа Саюзу палякаў, бо страшыня гэтай арганізацыі Тадэвуш Кручкоўскі быў супраць публікацыі. Але большасьць выступіла за.
Публікацыя пачынаецца здымкам журналіста Анджэя Пісальніка. Ён — сябра Саюзу палякаў і былы супрацоўнік “Глоса з-над Немна”. 5 красавіка яго арыштавала міліцыя за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў падтрымку журналістаў "Пагоні" Маркевіча і Мажэйкі. Зараз Анджэй Пісальнік знаходзіцца за кратамі.
У публікацыі гаворыцца таксама аб падтрымцы, якую выказалі беларускім журналістам вядомыя палякі — напрыклад, Чэслаў Мілаш — і аб занепакоенасьці лёсам Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі з боку канцылярыі прэзыдэнта Польшчы і польскага міністэрства замежных спраў.
Пазыцыя Саюзу палякаў у гэтай справе выглядала інакш. Тадэвуш Кручкоўскі заявіў карэспандэнту “Газэты Выборчэй”, што "барацьба за інтарэсы беларусаў не зьяўляецца задачай нашай меншасьці".
Учора кіраўніцтва Саюзу палякаў нарэшце прыняло заяву адносна перасьледу журналістаў "Пагоні". Аднак яе надрукавалі толькі у выглядзе камэнтару да публікацыі ў “Глосе з-над Немна”: "Галоўная управа СПБ мае меркаваньне, што ў Беларусі павінны шанавацца правы чалавека. У тым ліку права свабоды прэсы. Выказваем сваю занепакоенасьць сытуацыяй, якая ўзьнікла вакол газэты "Пагоня". І адначасова хочам падкрэсьліць, што Саюз палякаў, як грамадзкая арганізацыя, якая дзейнічае згодна са сваім статутам, ня мае намеру ангажавацца ў палітычную барацьбу".
Але нават у выглядзе камэнтару да публікацыі гэтая заява не была зьмешчаная ў сёньняшняй інтэрнэт-вэрсіі “Глоса з-над Немна”.