Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Галерэя Свабоды”: Легенда Маладэчна. 13 красавіка

Сёньня ў гэтым горадзе жывуць дзясяткі мастакоў. І ён мог бы лічыцца адным з найбуйнейшых мастацкіх цэнтраў Беларусі – але ў Маладэчне няма ніводнае галерэі. Хто ў тым вінаваты? У гутарцы бяруць удзел адзін з найстарэйшых беларускіх мастакоў Кастусь Харашэвіч, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч, а таксама мастакі Мікола Купава ды Мікола Аўчыньнікаў. Аўтар перадачы Сяргей Харэўскі.


“Сымбаль Веры”: Царква і багацьце. 13 красавіка

Многія зьвяртаюць увагу на тое, што хрысьціянская царква ўжо даўно перастала быць царквою бедных, пакрыўджаных і слабых. Людзі заўважаюць, што Царква, якая прапагандуе ўбоства, сама надзвычай багатая. Нядобразычліўцы падсьмейваюцца, што яна гэтак сама нагадвае сваю першакрыніцу, як архіярэйская мітра – цярновы вянок Хрыста, а шыкоўны архіярэйскі “мэрсэдэс” – асла, на якім езьдзіў Ісус.

У перадачы ўдзельнічаюць: прафэсар Унівэрсытэту імя Кардынала Стэфана Вышынскага Андрэй Дзюба, рэлігіязнавец і публіцыст з Масквы Якаў Кротаў, вернік БАПЦ са штату Нью Джэрзі Аляксандар Сільвановіч, а таксама літаратуразнаўца і праваслаўная верніца, якая зараз жыве ў Бельску Падляскім на Беласточчыне Галіна Тварановіч. Вядзе перадачу Кастусь Бандарук.


“Суботні дыялёг”: Юры Хадыка. 13 красавіка

Юры Хадыка на гэтым тыдні змог адчуць сябе героем камэдыйнага дэтэктыву — гарадзенскі суд прысудзіў яму дзесяць сутак арышту, але зь міліцэйскай машыны пасьля суду яго выгналі. Сказалі: “Калі хочаце, самі дойдзеце”. Хадыка вярнуўся дахаты. Зараз у Менску ён чакае позву і па-ранейшаму сьцьвярджае, што Беларусь выратуе негвалтоўны супраціў і каштоўнасьці Магатмы Гандзі. Слухайце размову Ірыны Халіп і Юрыя Хадыкі ў “Суботнім дыялёгу”.


“Здароўе”. 13 красавіка

Як жанчыны павінны паводзіць сябе падчас мэнапаўзы? Ці бясшкодная замяшчальная гарманальная тэрапія? Які яе выгодныя і шкодныя бакі? Што новага прапануюць навукоўцы, каб зрабіць пару мэнапаўзы больш лагоднай для кабет і мужчынаў? Як лепш схуднець і што для гэтага трэба рабіць? Што есьці й чаго ня есьці? Адказы на гэтыя пытаньні, а таксама новыя карысныя парады амэрыканскай арганізацыі “RealAge” – у нашай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”, якую падрыхтаваў Сяргей Абламейка.


“Праскі акцэнт”. Чым пагражае пашырэньне Эўразьвязу Расеі й Беларусі? 14 красавіка

Падчас чарговага паседжаньня вышэйшай рады так званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі ў Маскве было заяўлена пра магчымасьць агульных крокаў у зьнешняй палітыцы дзьвюх краінаў. У першую чаргу гаворка вялася пра Калінінградзкі рэгіён ды сумесныя захады супраць пагрозы, якую нібыта нясе пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу.

Чаму пашырэньне Эўразьвязу гэтак непакоіць Расею і Беларусь? Ці гатовы Захад нават тэарэтычна мець справу з такім новаўтварэньнем як саюзная дзяржава Беларусі й Расеі? І ці можна ўявіць сабе агульную замежную палітыку Беларусі й Расеі ў цяперашніх умовах? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом у перадачы палітоляг Андрэй Саньнікаў (Менск) і аналітык Радыё Свабода Ян Максымюк (Прага). Падрыхтаваў і вядзе перадачу Віталь Тарас.

“Вострая Брама”. 14 красавіка

Чарговы выпуск перадачы прысьвечаны тэме Вільні, старой беларускай сталіцы, крывіцкай Мэкі, калыскі нашай культуры, якая сёньня апынулася за межамі беларускай дзяржавы. Якое месца Вільня займае ў нашай сьвядомасьці і што станецца з гэтым вобразам заўтра? Нагодаю для перадачы стаў выхад у Менску сэрыі “Бацькаўшчына” дзяржаўнага выдавецтва “Юнацтва” анталёгіі беларускіх літаратурных твораў, прысьвечаных Вільні. Аўтар і вядучы перадачы Сяргей Дубавец.


”Літаратурны круглы стол”: Пісьменьнік у эміграцыі. 14 красавіка

Эміграцыя, як вядома, бывае змушаная і добраахвотная, часовая і сталая. Аргентынец Хуліо Картасар жыў у Францыі, бо там яму лепей чым дзе пісалася. Беларуска Натальля Арсеньнева жыла ў Злучаных Штатах Амэрыкі, бо дома яе чакала зьняволеньне, мажліва, са сьмяротным прысудам.

Пісьменьнік у эміграцыі – што набывае і што траціць ад гэтага айчынная літаратура? Гэтую тэму абмяркоўваюць два беларускія літаратары, якія цяпер жывуць у Фінляндыі, – паэт Уладзімер Някляеў і перакладчык Якуб Лапатка. Праграму падрыхтавала Валянціна Аксак.


“Беларускі Інтэрнэт”. 14 красавіка

Журналісты зачыненай гарадзенскай газэты “Пагоня” ствараюць паўнацэнныя інфармацыйныя выпускі ў Інтэрнэт-вэрсіі.

Онляйнавая канфэрэнцыя ў Сеціве актывістаў “Хартыі-97” Дзьмітрыя Бандарэнкі й Мікалая Халезіна: гакеры паламалі сайт, удзельнікі крытыкуюць арганізатараў.

Новы сайт беларусаў замежжа. Старшыня Грамады беларускай культуры імя Францішка Скарыны ў Маскве Генадзь Лех распавядае пра Інтэрнэт-старонку Грамады і “бел-чырвона-белую” дыяспару ў Расеі.

Каляровы Інтэрнэт-часопіс “Фарба”, створаны маладымі людзьмі зь Беларусі, іншых эўрапейскіх краін і ЗША, распавядае пра сэксуальнае рабства жанчынаў, гандаль зброяй і партызанаў ХХІ стагодзьдзя.

Перадачу падрыхтавала Вольга Караткевіч.


“Вольная студыя”. 14 красавіка

Днямі на паліцах кнігарняў зьявілася даўно чаканая кніга — энцыкляпэдычны даведнік “Рэлігія і царква на Беларусі”, дзе падаюцца зьвесткі пра беларускіх сьвятых, жыцьцярысы рэлігійных дзеячоў, пра манастыры й кляштары, манаскія ордэны й цудатворныя абразы...

Падобных даведнікаў у Беларусі да гэтай пары папросту не было. Але назваць энцыкляпэдыяй кнігу, дзе ў адным сказе — тры памылкі, не выпадае. Калі і ў якіх выпадках бязгрэшны Рымскі Папа? Ці ўсе веравызнаньні маюць у Беларусі аднолькавыя правы? — пра гэта ды іншае, што трапіла й ня трапіла ў энцыкляпэдыю, — гутарка Міхася Скоблы й вядомага гісторыка, выкладчыка рэлігіязнаўства ў Міжнародным дзяржаўным экалягічным унівэрсытэце імя Сахарава Анатоля Сідарэвіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG