У студыі НТВ былі прыхільнікі й апанэнты Аляксандра Лукашэнкі. Нельга сказаць, што нехта перамог у дыскусіі. Хутчэй можна адзначыць, што атрымалася гэткая нічыя.
Хаця невялікая перавага за кошт часу выступу была на баку Лукашэнкі. Прыхільнікаў і апанэнтаў было пароўну, але коштам даўжэйшага выступу стварылася ўражаньне, што больш людзей падтрымлівае Лукашэнку.
Калі ж казаць пра выступы апанэнтаў Лукашэнкавых, то трэба адзначыць, што яны дрэнна ведаюць сытуацыю ў Беларусі, і Лукашэнка выглядаў больш упэўнена, калі адказваў на іхныя напады. Гэтак, сьцьвярджалася, што Беларусь выйшла на ўзровень эканамічнага разьвіцьця 1990 году, што ў Беларусі заробак 100 даляраў і гэтак далей. І кампэтэнтна абвергнуць міт пра эканамічныя посьпехі Беларусь не ўдалося людзям, якія былі апанэнтамі Лукашэнкі.
Па-другое, усе людзі, якія былі апанэнтамі Лукашэнкі, пачыналі свае выступы гэтак: “Я за інтэграцыю, але…” Выходзіць, нават апанэнты Лукашэнкі былі прыхільнікамі інтэграцыі. Гэта таксама трохі змазвала ўражаньні.
Падчас перадачы былі і ўключэньні і зь менскіх вуліц. У прыватнасьці, слова атрымалі Вінцук Вячорка, Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі і Юры Хадыка. Беларускія ўдзельнікі мелі вельмі мала часу ў параўнаньні з маскоўскімі ўдзельнікамі – і гэта вельмі важная акалічнасьць.
Да таго ж першы выхад у эфір быў у апазыцыі ня вельмі ўдалы. Яны не дамовіліся пра тое, хто будзе выступаць, што будзе казаць. Як вынік, рэпліка Вячоркі пра тое што зь бюджэту саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі ўзмацняецца мяжа з Эўропай была ня вельмі пераканаўчай, таму што для простага чалавека ня вельмі зразумела – добра гэта ці кепска. А Голубеў – той успомніў, што колькі гадоў таму дэпутаты ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня галадалі, іх пабілі, і Лукашэнка абяцаў паказаць тую стужку, але яе не паказалі. І Голубеў спытаўся: “А чаму вы не паказалі?” Гэта была не зусім удалая рэпліка, таму што гэта было даўно, і за гэты час адбыліся іншыя, нашмат больш трагічныя падзеі. Да таго ж тут была асабістая крыўда спадара Голубева.
А вось другое ўключэньне, калі былі канкрэтныя пытаньні, калі спыталіся ў апазыцыі, ці сапраўды сярэдні заробак настаўніка 100 даляраў, і Баршчэўскі сказаў: “Не, гэта ня так”. А Хадыка заявіў, што ў Акадэміі Навук людзі атрымліваюць цяпер паўстаўкі. Тут ужо простыя факты паказалі, што Лукашэнка падманвае. Другое ўключэньне апазыцыі было лепшае, больш эфэктнае.