Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАСКВЕ ПРАЙШЛО ЧАРГОВАЕ ПАСЕДЖАНЬНЕ НАЙВЫШЭЙШАГА САВЕТУ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАГА САЮЗУ


Алена Ціхановіч, Прага

Як паведамляецца, бакі абмеркавалі некалькі блёкаў пытаньняў: хаду падрыхтоўкі так званага канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, выкананьне ранейшых пагадненьняў, праграму ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі. Меркавалася, што прэм’ер-міністры дзьвюх краінаў Навіцкі й Касьянаў падпішуць міжурадавыя пагадненьні пра супрацоўніцтва ў газавай галіне і пра адзіныя ўмовы цэнавай палітыкі.

Якія ж, гаворачы словамі Аляксандра Лукашэнкі, “разьвязкі” прынесла сёньняшняя маскоўская сустрэча?

З намі на тэлефоннай сувязі ў Маскве наш карэспандэнт Віктар Дзятліковіч, побач са мною – наш аглядальнік Юры Дракахруст.

Першае маё пытаньне – у Маскву. Віктар, ці прасунуліся бакі ў пытаньні падрыхтоўкі канстытуцыйнага акту? Пэўны час таму з вуснаў дзяржсакратара саюзу Барадзіна гучалі запэўніваньні, што да канца году ў абедзьвюх краінах могуць прайсьці рэфэрэндумы аб ухваленьні гэтага дакумэнта.

(Дзятліковіч: ) “Цяпер можна сказаць па выніках сёньняшняй сустрэчы, сёньняшніх размоваў Лукашэнкі з Пуціным, што да канца гэтага году ніякіх рэфэрэндумаў праводзіцца ня будзе, таму што фактычна бакі не прасунуліся ў вырашэньні гэтага пытаньня. Калі гаварыць афіцыйнай мовай, мовай паведамленьня, якое распаўсюдзілі сёньня інфармацыйныя агенцтвы, то бакі перанесьлі абмеркаваньне гэтага пытаньня на восень, на верасень.

І гаворка пра тое, што ў верасьні будзе толькі правераная хада падрыхтоўкі праекту канцэпцыі канстытуцыйнага акту – нават не праекту, а праекту канцэпцыі! Відаць, будуць разглядаць такія пытаньні: ці патрэбны прэзыдэнт адзінай дзяржаве, якія паўнамоцтвы будуць ва ўраду. Зараз нічога ня вырашана, і ніякага плёну гэтая сустрэча не дала”.

(Ціхановіч: ) “Пытаньне да Ю.Дракахруста. Чаму, на Ваш погляд, чарговы раз пытаньне пра канстытуцыйны акт адкладзенае на потым – дакладней, на верасень, калі адбудзецца чарговае паседжаньне найвышэйшага савету?”

(Дракахруст: ) “Падаецца, што на самой справе гэтае пытаньне адкладзенае назаўжды, проста бакі ня хочуць у гэтым прызнавацца. Расейскі бок уяўляе палітычнае аб’яднаньне як паглынаньне Беларусі, і з расейскага гледзішча цяжка ўявіць сабе іншую формулу, улічваючы суадносіны памераў краінаў. А беларускі бок ня хоча адмаўляцца ад свайго сувэрэнітэту – нават у адзінай саюзнай дзяржаве. І спалучыць гэтыя супрацьлеглыя памкненьні немагчыма.

Але яшчэ складаней спалучыць памкненьні двух аўтарытарных уладароў – Лукашэнкі і Пуціна. Абодва яны ліквідуюць (з той ці іншай ступеньню жорсткасьці) любыя супрацьвагі сваёй уладзе ўнутры сваіх краінаў. То ці можна сабе ўявіць, што яны пацерпяць які-небудзь кантроль з боку нейкіх саюзных структураў? Мне падаецца, што млявасьць, зь якой ідзе абмеркаваньне канстытуцыйнага акту, сьведчыць пра тое, што бакі ўжо не хаваюць таго, што гэтыя супярэчнасьці невырашальныя”.

(Ціхановіч: ) “Які плён прынесьлі сёньняшнія сустрэчы ў Маскве ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва? Як я ўжо прыгадала, падчас паседжаньня саюзнага саўміну меркавалася падпісаць шэраг важных пагадненьняў. Віктар, які вынік атрымаўся?”

(Дзятліковіч: ) “Вось проста зараз ніякага плёну няма. Меркавалася, што будуць падпісаныя чатыры пагадненьні. Але ўжо вядома, што сёньня ня будзе падпісанае пагадненьне пра адзіны прынцып збору падаткаў. Магчыма, яшчэ будуць падпісаныя пагадненьні пра адзіныя ўмовы цэнавай палітыкі ці аб цэнах за газ. Але й гэта няпэўна. Калі адзіным вынікам сёньняшняга паседжаньня будзе пагадненьне пра цэны за газ, Беларусь атрымае расейскі газ за крыху меншую цану”.

(Ціхановіч: ) “Юры, ці азначаюць сёньняшнія падзеі ў Маскве, што ў хуткім часе Беларусь будзе атрымліваць расейскі газ па цэнах Смаленскай вобласьці?”

(Дракахруст: ) “Калі нават гэтае пагадненьне пра адзіныя цэны будзе падпісанае, то й яно будзе мець умоўны характар. Роўна месяц таму, 12 сакавіка, у Менску прэм’еры Навіцкі і Касьянаў дамовіліся: Расея дае Беларусі свае ўнутраныя цэны на газ, а Лукашэнка да 1 красавіка сваім дэкрэтам адмяняе ўсе індывідуальныя льготы беларускім прадпрыемствам.

Але гэтае абяцаньне вылілася ў першакрасавіцкі жарт Аляксандра Рыгоравіча. Адпаведны дэкрэт ня быў падпісаны ні 1 красавіка, ні пазьней. Некаторыя расейскія выданьні выказвалі меркаваньні пра тое, што Лукашэнка падпіша гэты дэкрэт сёньня ў Маскве ва ўрачыстай абстаноўцы падчас сустрэчы з Пуціным. Аднак гэтыя спадзяваньні таксама не апраўдаліся. Пры гэтым варта сказаць, што расейцы вельмі жорстка зьвязваюць гэтыя пытаньні: адзіныя цэны толькі пры ўмове адмены льготаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG