Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАКРЫВАЮЦЬ ВЫЦЬВЯРЭЗЬНІКІ


Ігар Карней, Менск

Гэтымі днямі нецьвярозыя грамадзяне могуць пачуваць сябе ў бясьпецы: ніводзін сталічны выцьвярэзьнік кліентаў не абслугоўвае. Нават адзіны ацалелы ад радыкальных захадаў сталічных уладаў выцьвярэзьнік Маскоўскага раёну не працуе, бо завозіць дадатковае абсталяваньне з зачыненых установаў Першамайскага ды Заводзкага раёнаў. Між іншым, у гарвыканкаме ўпэўненыя, што небходнасьць гэтых захадаў насьпела даўно. Гаворыць Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) "Я лічу, што хопіць аднаго выцьвярэзьніка для Менску. Штаты астатніх ужо расфармаваныя, перададзеныя іншым падразьдзяленьням гарадзкога УУС, памяшканьні таксама нечым будуць занятыя".

(Карэспандэнт: ) "Але ж будуць п'яныя і надалей хадзіць па вуліцах, будуць міліцыянты іх лавіць. Куды далей?"

(Аўрынская: ) "Усіх п'яных не падбярэш, хай сабе будзе дзесяць выцьвярэзьнікаў. Гледзячы якія крытэры "падбору". Вось вы, прыкладам, бываеце нападпітку?"

(Карэспандэнт: ) "Ну, бывае часам..."

(Аўрынская: ) "Дык і што ж, вас забіраць адразу? Асабліва п'яных я, напрыклад, ня бачу. Можа, гарэлка дарагая, можа людзі перавыхаваліся. Так што, колькі б ні было выцьвярэзьнікаў, трэба зыходзіць з таго, як забіраць: ці тых, што валяюцца, ці тых, што ходзяць, ці тых, што песьні сьпяваюць. Аднаго выцьвярэзьніка дастаткова для самых буяністых, альбо для тых, хто сьпіць на ходніках".

Падобнае меркаваньне падзяляюць і ў гарадзкой міліцыі. Адказны за гэткую рэарганізацыю Яўген Сачык скардзіцца, што іншым чынам выправіць становішча нерэнтабэльных ўстановаў немагчыма.

(Сачык: ) "Паводле леташняй статыстыкі, сярэдняя запаўняльнасьць выцьвярэзьнікаў склала 30%. Трэба, натуральна, улічваць сьвяты, тады гэтая лічба большая. Няма ў бюджэце грошай на іхнае ўтрыманьне і рамонт. Ды нават з гэтай колькасьці 30% людзей ня здолелі заплаціць за паслугі медвыцьвярэзьніка. Што да штату супрацоўнікаў, то ўсё будзе нармальна. Ёсьць некалькі вакантных месцаў у Маскоўскім выцьвярэзьніку, частка будзе працаваць у іншых службах міліцыі".

Куды меней аптымізму ў супрацоўнікаў наркалягічных дыспансэраў. Прыкладам, лекар-нарколяг з 27-гадовым стажам Вольга Аралкава лічыць, што падставаў для скасаваньня шэрагу выцьвярэзьнікаў няма.

(Аралкава: ) "Пытаньне ў іншым: ці заўсёды забіраюць у выцьвярэзьнік тых, каму гэта патрэбна? Мноства выпадкаў, калі бяруць найперш тых, хто добра апрануты, у каго ёсьць грошы, каб разьлічыцца за паслугі. У гэтым выпадку больш б'е заканадаўства па сям'і. Вылічваюць у п'яніцы з заробку, а трэба, каб ён сам адпрацаваў гэтыя грошы ў выходны дзень і заплаціў за паслугі выцьвярэзьніку".

(Карэспандэнт: ) "Вы там часта бывалі як лекар-нарколяг, усё бачылі на свае вочы. Дастаткова сумнае відовішча, ці ня так?"

(Аралкава: ) "Так-так. Ніхто не зважае на гэтых людзей, можа быць па дзесяць чалавек у палаце, ніхто не падыдзе лішні раз, каб праверыць пульс — можа чалавек замерз, альбо наагул сканаў".

(Карэспандэнт: ) "Іншымі словамі, бывалі выпадкі, што людзі гінулі па віне пэрсаналу?"

(Аралкава: ) "Канешне, пра гэта неаднаразова пісалі: у выцьвярэзьніку зьбілі, зь пераломамі даставілі, з пабоямі. Людзі паміраюць ад пераахалоджаньня..."

(Карэспандэнт: ) "Але вашае меркаваньне, што выцьвярэзьнік у тым жа Заводзкім раёне Менску павінен застацца?"

(Аралкава: ) "Абавязкова. Тут столькі п'яных!.."

Спадарыня Аралкава дадае, што, на жаль, у Беларусі апошнім часам практычна ўсе рашэньні прымаюцца толькі на грунце эканамічных разьлікаў. Але паколькі вытворчасьць ды продаж алькаголю — занятак надзвычай выгадны, то й частковае фінансаваньне выцьвярэзьнікаў (як зьвёнаў аднаго ланцуга) адпаведнымі арганізацыямі выглядала б лягічна. Адмаўляцца ж ад выцьвярэзьнікаў у краіне, дзе ад алькаголю з кожным годам памірае ўсё больш працаздольнага насельніцтва — крок даволі пасьпешлівы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG