Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОГУЦЬ СТРЫЕЧНЫЯ БРАТ І СЯСТРА АЖАНІЦЦА Й МЕЦЬ ДЗЯЦЕЙ?


Віталь Тарас, Прага

Шлюбы паміж стрыечнымі братамі й сёстрамі здараліся ня так ужо й рэдка. Найбольш вядомыя прыклады з усясьветнай гісторыі прыводзіць амэрыканскі часопіс “Time”.

Вялікі натураліст Чарлз Дарвін ажаніўся са сваёй кузынай Эмай і меў ад яе 10 дзяцей, чацьвёра зь якіх сталіся таксама выдатнымі навукоўцамі. Аўтар тэорыі адноснасьці ў фізыцы Альбэрт Эйнштэйн пабраўся другім шлюбам са сваёй стрыечнай сястрой Эльзай, у якую быў закаханы зь юнацтва. Тым ня менш, доўгі час генэтыкі ня ведалі, што стрыечным братам і сёстрам без асаблівай рызыкі можна мець дзяцей. У 24-х амэрыканскіх штатах ім дагэтуль забаронена браць шлюб, а ў некаторых іншых штатах патрабуецца абавязковая генэтычная кансультацыя ў лекараў.

На мінулым тыдні ў мэдычным часопісы “Journal of Genetic Counselling” былі апублікаваныя вынікі апошніх дасьледаваньняў у гэтай галіне. Газэта “International Herald Tribune” са спасылкай на іх паведаміла, што стрыечныя браты й сёстры могуць мець дзяцей без сур’ёзнай рызыкі генэтычных адхіленьняў.

Напрыклад, верагоднасьць нарадзіць дзіця зь цяжкімі захворваньнямі галаўнога мозгу ў параў, якія ня ёсьць блізкімі крэўнымі, складае 3–4%. А ў кузэнаў і кузынаў такая верагоднасьць вышэйшая на 1,5–2%.

Газэта прыводзіць меркаваньне прафэсара мэдыцыны й генэтыкі Арно Матульскі з Вашынгтонскага Ўнівэрсытэту: “Увогуле рызыка адхіленьняў ня надта высокая. Нават у найгоршым выпадку размова ідзе пра 7%, а значыць, у 93 выпадках з сотні ўсё будзе нармальна”. Прафэсар Матульскі й ягоныя калегі настойваюць на праве людзей самім вырашаць, ці мець ім дзяцей.

Ніводная эўрапейская краіна, у тым ліку Беларусь, ня мае фармальнай забароны на шлюбы паміж сваякамі. Але ж і падобныя выпадкі здараюцца нячаста. Тым часам, у некаторых краінах Азіі ды Афрыкі такія шлюбы нават ухваляюцца.

Справаздача амэрыканскіх навукоўцаў асабліва падкрэсьлівае, што стасункі паміж стрыечнымі братамі й сёстрамі ня могуць лічыцца кровазьмяшэньнем, альбо інцэстам. Гэты панятак можна ўжываць толькі да родных братоў і сясьцёр, а таксама да бацькоў і дзяцей. Так што, – робіць аптымістычную выснову газэта, – кузэны й кузыны могуць ня толькі цалавацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG